|
Дубровы шум шурпаты ў шыр абшараў
Каціўся-плыў прыбоем морскіх хваль.
Шуршалі ў шопаце балот імшары.
Хмялела ў палкай помсьце галава,
Як-бы дубы кудлатыя, абселі
Паўстанцы масянжовы стог-агонь.
Сыны палёў ячменных і аселіц —
Іх мчаў паўстаньня раскілзаны конь!
Як рассыпаньне гонтаў-лёстак, лёскат
Ня раніў кулямі далёка шыр.
Хатулек шэрых стада — наша вёска,
Цягучым жалем поўніла каўшы.
— Пабітыя на раны ўсе загоны,
А тут і вораг муляе шчэ карк…
У рог казіны белыя загоняць… —
Бор цёмны слухаў стогны мужыка…
— Ісьці! Няхай на бель—абрус туманаў
Ня льле руччамі вёска срэбра—сьлёз! —
Як волава, упалі словы атамана.
Ніжэй схілілася дзярэў гальлё.
Паўстанцаў сэрца няпрывычна плаваць
Мяшком надутым на прыліве вод!..
А ноч, у буры гордая, як пава,
Ішла, сачыла зораў карагод…
|