Вершы для дзяцей (Колас, 1945)/Конь і сабака
Выгляд
← Зіма | Конь і сабака Верш Аўтар: Якуб Колас 1945 год |
Храбры певень → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Конь і сабака (Колас). |
КОНЬ І САБАКА
Свабодны конь гуляў на волі,
І хвост і грыву распусціў;
Іржаннем ён сваім будзіў
І лес стары, і чыста поле.
У бок прахожы стараніўся,
Яму дарогу уступаў.
Ад страху Рудзька прытуліўся
І толькі ціханька брахаў.
Каня злавілі, прывязалі,
На вобраць беднага ўзялі,
Аборкай ногі абвілі,
І борзды бег яго стрымалі.
І з-за вугла вылазіць Рудзька:
— Гаў-гаў! Гаў-гаў! — давай брахаць.
За хвост каня кусае цюцька, —
Ні адцягнуць, ні адагнаць!
Малыя дзеці тут гулялі,
Дзівілісь многа і казалі
(Па дурнаце не разабралі —
Дзіця малое, як ягня):
— А Рудзька дужшы за каня!