Вершы для дзяцей (Колас, 1945)/Зіма
Выгляд
← Савось-распуснік | Зіма Верш Аўтар: Якуб Колас 1945 год |
Конь і сабака → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зіма (Надышлі марозы…). |
ЗІМА
Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі.
Апусціў галіны
І стаіць журботна.
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.
Мяккая пярына
Вочы адбірае.
Белая раўніна —
Ні канца, ні краю.
Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела,
Змоўклі ручаёчкі.
Амярцвелі лозы,
Чуць галлём хістаюць.
А ў палях марозы
Ды вятры гуляюць.