Перайсці да зместу

Вежа (1928)/Шлях рэволюцыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Машыніст Шлях рэволюцыі
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Трыццаць пяць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХ РЭВОЛЮЦЫІ

Х-му зьезду КПБ

Шлях рэволюцыі цярністы і закляты:
на кожным кроку — сьмерць,
на кожным кроку — кроў.
На бацьку сын ішоў, і брат ішоў на брата…
О, пакаленьне бунтароў!..

І людзі гінулі —
ўзьнімаліся краіны;
і людзі гінулі
бяз скаргі і бяз слоў,
каб толькі ў будучыну выбіць каляіну —
ў краіну мар ды дзіўных сноў.

І ў першых шэрагах на сьмерць, на бой, на скрогат
ішлі нязломныя, ішлі да барацьбы,
каб у вялікіх перамогах
усё згубіць ці ўсё здабыць.

Шлях рэволюцыі…
Гаротная краіна
і зграя хціўная драпежнікаў ліхіх.
Яшчэ парэзаны
прасторы Украіны
і беларускія шляхі.

Былі гады —
гады агня і славы!..
Што дні наступныя краіне прынясуць?..
Яшчэ ня раз наш сьцяг пурпурава-крывавы
пакліча ворага на суд.

Цяпер вінтоўку ў кут адставіў пролетары:
інакшы бой ідзе —
за плугам,
за станком…
Шлях рэволюцыі!..
То молата удары
для надыходзячых вякоў.

І Менск здратованы,
і Магілеў, і Гомель —
адзіная сям‘я —
савецкі вольны край.
У нас і хаткі, крытыя саломай,
электразорамі гараць.

Нязломных ленінцаў сталёвая дружына,
магутнай арміі магутны авангард
на варце і цяпер…
Мы верым —
не загіне
наш слаўны баявы штандар.

Мы ведаем —
зноў загрымяць гарматы,
засьвішчуць кулі зноў над нашаю зямлёй:
на бацьку пойдзе сын, паўстане брат на брата
ў крывавы і апошні бой.

За нашай партыяй, за ленінскім штандарам
апошні раз скрыжуем мы штыкі…
Шлях рэволюцыі!
То молатаў удары,
то — бой за новыя вякі.