Перайсці да зместу

Вежа (1928)/Машыніст

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Комуністка Машыніст
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Шлях рэволюцыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАШЫНІСТ

Прышлі да хаты позна ўночы.
Ўзбудзілі:
— Весьці паравоз!..
Што скажа ён, стары рабочы,
Супроць загаду і пагроз?

Няроўны сьвет ліюць паходні
на рад наёжаных штыкоў.
І качагар сказаў:
— Сягоньня
ў паход на голых мужыкоў…

— Эх, каб была тут наша сіла…
Далі-б напэўна добры толк…
У полі бура галасіла
І скавытала, быццам воўк.


∗     ∗

Машына ўздрыгвае на стыках,
хвіліна — роўна дзьве вярсты…
У думе машыніст вялікай
над рэгулятарам застыў.

Драты зьвіняць, драты сьвіргочуць,
згінае рэйкі паравоз…
О, студня срэбраныя ночы,
і ў белым саване мароз.

Маўчыць стары.
Праз шум, праз лёскат
далёка думкі пацяклі —
туды, дзе сьпіць старая вёска
ў вязьме няроўных каляін.

… На вузкім полі тчэ араты
аснову нівы залатой.
Страха дзіравая над хатай,
а ў хаце сьмецьце, бруд і гной…

О, іскр апалавых маніста.
Стук шасьцярні і шум катла,
Ці доўга ў сэрцы машыніста
старой крыві заклякатаць?..

Ў вагоне штабным — афіцэры:
шмат працы заўтра — карны полк.
І вось, паміж мундзіраў шэрых
расьцьвіў, як луг, зялёны стол…

І раптам…
Што гэта?
З разьбегу
цягнік у голым полі стаў…
Бляды ад страху ці ад сьнегу
замітусіўся ад‘ютант.

Бягом, бягом!
Да паравозу…
Мароз — ня трапіць зуб на зуб.
А машыніст на ўсе пагрозы
нібы адсек
— не павязу!

Хто правы тут, хто вінаваты —
другія ломяць хай мазгі…
Але за дваццаць год я катаў
яшчэ ні разу не вазіў…

Палкоўнік у трывозе:
— Здрада!..
Калі ня дойдзем мы да дня,
дык гэты зброд з мяцежнай банды
пасьпее шлях нам пераняць.


∗     ∗

Завея носіцца са сьвістам.
Хто спыніць вольны ветру бег?
І стыне цела машыніста
над паравозам на трубе.

І вочы мёртвыя упарта
глядзяць з надзеяю ўпярод,
дзе бунтароў чырвоных варта
на рэйках ставіць кулямёт.