Веда (часопіс)/1951/2/Пра другі наш назоў «Літва»
← Гісторычныя назовы крывіцка-беларускага народу | Пра другі наш назоў «Літва» Публіцыстыка Аўтар: Алесь Махноўскі 1951 Крыніца: Часопіс «Веда», № 2, люты-сакавік 1951 г., б. 56-57 |
З расійска-комуністычнага народазабіўства беларусаў → |
Пра другі наш назоу «Літва»
(Ліст у рэдакцыю).
Апошні час я прыходжу да перакананьня, што назоў «Літва» павінен-бы быць нашымі гісторыкамі й палітыкамі больш папулярызаваны і што гэта і з палітычнага гледзішча нам ня шкодзіла-б, а, наадварот, памагала-б. Я думаю, я перакананы, што борзда прыйдзе тый час, калі ўвесь наш народ на першым конґрэсе ў Бацькаўшчыне задумаецца над гаспадарствавым назовам. І нічога лепшага ня знойдзе, як назоў «Літва». Гэта-ж адраджэньне нашае магутнае гісторыі!
Ужо й цяпер мы ўсе адчуваем, што «Беларус» альбо «туташні» нам не падыходзяць. Ластоўскі й Вы і цэлы сьцяг іншых рабілі спробы шукаць у мінуласьці іншы назоў — «Крывічы». Дарма што на гэтыя «Крывічы» кінулася цэлае «зарубежжа», дарма што й «незалежнікаў» частка не згадзілася зь ім, але «шуканьнікі чыстай праўды» ўжо гэтым шуканьням першыя паказалі ўсёй грамадзе патрэбу зьмены назову. І тут можна не згадзіцца з тым ці іншым назовам, але ніяк ня можна не згадзіцца з асноўнай думкаю аб патрэбе зьмены назову. Ніяк ня можна й не павінна няпрыхільна ставіцца да грудка, шукаючага выхаду ў сучасным палажэньню. Гэты грудок сваю справу зрабіў і думку аб патрэбе зьмены назову пасунуў наперад.
Я думаю, што пытаньне пра назоў «Літва» не паўстала адно таму, што Беларусы надта сарамлівыя і калі бачаць, што ў іх хтось прысабечыў нешта, дык толькі кажуць: «Няхай сабе, што-ж ты парадзіш!?» Гэта не благая рыса, але я перакананы, што ў сучасны мамэнт мы павінны заганарыцца і ўзяць тое, што нам подле гістарычнага права належыла й належа. «Літва» — наш назоў, і нікому мы яго не аддамо. Тое самое і з эмблемамі. Нашага гэрбу мы ня будзем перарабляць, дарма што і Лятувісы яго ўжываюць.
А. Махноўскі.
Рэдакцыя «Веды» ўважае, што ані ня шкодзе, калі адныя з нас будуць пашыраць назоў «Крывічы», а другія «Літва», бо абодва назовы нашыя й добрыя, і перамога аднаго зь іх будзе залежыць ад тых абставінаў, у якіх наш народ у будучыні апынецца.
Гэты твор знаходзіцца грамадскім набытку ў ЗША, бо ён быў законна апублікаваны ў ЗША (або ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку згодна з Раздзелам 7 Пагаднення аб штаб-кватэры ЗША) і выключнае права на яго працягнута не было.
- Для запісаў на працяг правоў класу A (толькі кнігі), апублікаваных паміж 1923 і 1963, праверце Базу дадзеных прадаўжэння аўтарскіх правоў Стэнфардскага ўніверсітэта.
- Іншыя запісы на працяг правоў на публікацыі паміж 1922 і 1950 глядзіце ў сканах запісаў аб аўтарскіх правах Пенсільванскага ўніверсітэта.
- Усе запісы з 1978 года можна знайсці ў запісах Бюро рэгістрацыі аўтарскіх правоў ЗША.
Падрабязней гл. у дакументацыі.