Перайсці да зместу

Васількі (1914)/Што сказаў певень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сакатушка Што сказаў певень
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Хлеб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Што сказаў певень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Што сказау певень.

(Казка).


Жыў-быў на сьвеці такі чэлавек, каторы разумеў усю гутарку ці то скаціны — зьвер’я, ці птушак Божых; ці як лес шуміць, ці трава шапаціць. Толькі нельга яму было прызнацца да гэтаго: скажа каму, — самому паміраць трэба. Меў гэты чэлавек жонку, і жылі яны паміж сабой складна. Гаспадарку мелі не вялікую: асла і быка. Асёл стаяў у хлеві і авёс жраў, на быку гаспадар вазіў дровы і карміў яго саломай.

Вось, аднаго разу прывёз гаспадар гальля з лесу, атпрог вала і пусьціў у хлеў; не пасьпеў ешчэ і варот прычыніць, — чуе, стаў вол жаліцца аслу: „ паганае маё жыцьцё, братка асёл, пашанасьці і ўвагі ніякай немаю ад свайго гаспадара: араць — ты, Рабы, ідзі вады прыцягнуць — запрагай Рабога; дроў прывезьці — зноў Рабы у атвеці. Ўсё як Рабы, дык Рабы: каму пугай па баку? — Рабому; каму яда — салома? — Рабому. А вось ты, асёл, стаіш, нічога ня робіш, а сена ды авёс толькі глуміш!“ Разжаліўся асёл над доляй Рабога; стаў ківаць ён сваей вялікай галавой, каб прыдумаць якую раду для вала. З вялікай натугі свайго аслячаго розуму застрыг доўгімі вушамі дый, апусьціўшы ісподнюю лупу, зашэптаў: „ты, вол, захворэй, дык гаспадар і да работы цябе ня возьме, і карміць лепш пачне“.

Пачуўшы гэта, гаспадар вярнуўся ў хату, ды сьмяецца сабе. „Чаго сьмяешся?“ — пытае жонка. — „От, так сабе сьмяюся“, — атказаў мужык.

Назаўтрае, даў Бог дзень, пайшоў гаспадар у хлеў. Глядзіць: вол, аткінуўшы хвост і галаву ляжыць на баку, дый пагледае с-пад вока на гаспадара, што будзе? Гаспадар, бытцам нічога няведаючы аб хітрыках Рабога, закінуў яму сена, ўсыпаў аўса і, прыйшоўшы ў хату, сьмяецца. Жонка ізноў давай прыставаць да яго: „чаго шчырышся? мо з мяне чаго? Кажы праўду!“ Мужык і кажэ: „не магу я табе праўды сказаць, чаго сьмяюся, бо тагды сьмерць мая прышла-б па мяне“. На другі дзень ідуць гаспадар с гаспадыняй быка даведацца: ляжыць Рабы, хоць сена і авёс дачыста спытлеваў, толькі на другі бок перэвярнуўся. Гаспадар і кажэ да жонкі. німа рады: „зарэжэм быка, бо страта будзе вялікая, а так, то хоць што колечы выручым“. — Пачэкай да заўтраго, кажэ жонка, калі не паправіцца — рэж“. Выйшлі яны с хлева, жонка пайшла у хату, а мужык стаў пад варотамі слухаць, якая будзе нарада паміж яго жывёлай. Ажно бык і кажэ аслу: „дрэнную ты, асёл, раду мне прыдумаў; што-ж мне без пары пад нажом гінуць? Цяпер парадзь, братка, як з бяды выкруціцца?“ — Думаў, думаў асёл — нічога“. — Німа, кажэ ён, іншае рады: папраўляйся, бык! Глядзі, каб заўтра ты быў ужо здароў, бо гэтые жарты дрэнна могуць скончыцца: с цябе скуру злупяць, а мяне ў хамут на тваё мейсцэ ўшчэмяць!"

Чуўшы гэта, прыйшоў мужык у хату, дый сьмяецца: „заўтра наш Рабы здароў ужо будзе!“ — „А ты скуль ведаеш? Чаго вышчырыўся? Кажы! — крычыць, тупаючы нагамі, жонка. Зара мне кажы! Ты хіба нешта пра мяне са што абы ў хату, дык сьмяешся. Ну?!“ — „Сьмерці маей ты, кабета, хочэш, ці што? — атказывае мужык. Гаварыў я табе, што калі прызнаюся перэд табой, чаго я сьмяюся, дык у той час паміраць мне прыйдзецца“.

На другі дзень прыходзіць гаспадар у хлеў, ажно бык ужо стаіць, ды скоса ўсё пагледае на яго рукі, ці не прынёс нажа с сабой; але гаспадар — нічога; атчыніўшы хлеў, выпусьціў вала да вады, і сам за ім ідзе. Рабы, каб паказацца перэд гаспадаром, што ён саўсім ужо здароў, паставіўшы хвост да гары, як дуду, давай выбрыківаць, як мага́, заднімі нагамі, а сам з боку пагледае, ці добра бачыць гэтые штукі яго гаспадар. Але мужык напаіўшы вала, загнаў яго у хлеў, вярнуўся ў хату, дый сьмяецца сабе. Як угледзіла ізноў яго сьмех гаспадыня, калі ўз’елася яна, калі не пачне яго лаяць: „здохні ты, кажэ, лепей, а скажы прычыну твайго сьмеху! Вытрываць больш не магу!“ Зазлаваў і мужык: „ну, кажэ, калі табе ня шкода мяне, хай ты пропадам прападзі! Даставай с кубла сьмеротную адзежыну, — скажу ўжо табе ўсю праўду, хоць сам памру!“ Кінулася з радасьці жонка да кубла, выцягнула сьмеротную адзежыну, а сама ажно устаяць на мейсцы с цікаўнасьці ня можэ. Гаспадар, уздыхнуўшы, стаў памалу рыхтавацца на сьмерць. Скінуўшы апратку, памыўся, надзеў сьмеротную кашулю… толькі чуе гэта ён, як сабака, што лежаў пад сталом, пачаў плакаць і кажэ да пеўня, каторы хадыром хадзіў па хаце каля перэпялёсьценькіх курыц: „ах, певень, певень! Як табе ня сорам? Гаспадар уміраць рыхтуецца; а табе вунь што у галаве!“ А певень, пад’ехаўшы на адным крыле, калі зараве: „дурны гаспада-а-ар! Я маю дзевяць жонак, дый ліха мяне не бярэ, а ён праз адну памірае!“ Пачуўшы гэту гутарку пеўня, сьціснулася сперша з жалю сэрцэ гаспадара, а пасьля такая патпала злосьць на жонку, што доўга не чэкаўшы, схапіў ён пугу, ды калі стаў сьцебаць сваю гаспадыню пугаўём, што тая з болю ажно занямела…

І спужаўся, і шкада зрабілася мужыку жонкі сваей, усьцягнуў ён яе на ложка, накрыў, а сам пабег па зельле да баб. Назаўтра, каб баржджэй жонка моцы набралася, зарэзаў і сьпёк для яе пеўня. Ачуняла ў скорасьці гаспадыня, але больш ужо ня лезла ў вочы свайму мужыку, і зноў сталі яны жыць паміж сабой складна.