Перайсці да зместу

Васількі (1914)/Сакатушка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Важная фіга Сакатушка
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Што сказаў певень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сакатушка (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сакатушка.


Складна жылі перэпялёсьцінькая Сакатушка с сваім, як агонь, чырвоным пеўнем — Дзярыгорлам. Складна жылі, а з гэткаго складнаго жыцьця — так ужо вядзецца — адзін крок да клопату.

Вось, аднэй неяк імглістай раніцы падгледзіў Дзярыгорла, што ў шупшынніку каля каменя яго перэпялёсьцінькая прызапасіла кучэчку яечак. Колькі там было гэтых яечак, — хто іх ведае, але кучка ладная і ўсе адно ў адно: жоўтаваценькіе, с тупаватымі пяткамі. Дзярыгорла і кажэ Сакатушцы: „пара было-б заняцца імі: сесьці, дый пагрэць, мо што выйдзе…“ — „Сесьці — села-б, атказывае перэпялёсьцінькая, але часу шкада (надто ўжо дасужая была!): маладая ешчэ я, сіл хапае, ешчэ з адну такую кучку нанесла-б. Пад восень прыдаліся-б. Хоць-то праўда, ночы доўгіе, халаднаватые, моладзь выходзе ня геглая, але выкачала-б неяк; усё-ж ткі с сваімі лепш зімаваць, як с чужымі; а тут за матэр’ялам на лушпіны трэба, далёка лётаць: за ток на жвіровую гару; за млын — да вапеннай печы. Папрасіла-б зязюлястую сесьці — нянька хоць куды, — але тая сваімі занялася, а на іншых здацца — маладые ешчэ, нездары, вецер ў галаве, гатовы недаседзіць, — боязна“.

— „Дык як бу-у-дзе?“ на ўвесь садок, дзе рос побач з іншымі кветкамі шупшыннік, закрычаў Дзярыгорла.

„Ціха! перэпыніла яго Сакатушка, не крычы: пачуе гаспадыня, — ўвесь скарб наш забярэ; прагавітая нябось: за кавалак медзі гатова ўсю нашу надзею зніштожыць! Паслухай лепш маей рады, Дзярыгорлачка, — ласючыся, стала умаўляць Сакатушка, — што маеш цягацца за бараду з гэным суседнім чорным Кукарэкам — было-б ешчэ за каго, а то самые сьмяцюшкі, недаросткі, — сядзь сам, а я займуся сваей работай. Толькі глядзі: пакуль не вярнуся падмяніць, з гнезда не злазь, бо прыкрыць не патрапіш і ўвесь наш заход прападзе марна. Яды мо неяк прыймчу, дый седзючы нямнога яе і трэба“.

Неўсмак прыйшоўся гэты праект Дзярыгорлу, але чаго ня зробіш для радні. Праціснуўся, бедак, праз калючае гальлё шупшынніка і, насупіўшыся, с павагай разсеўся на гнязьдзе. Сакатушка, ўвокал, агледзіўшы, паправіла сухіе лісточкі каля гнезда, абаткнула яго сіўчыкам і, пакруціўшы галоўкай, памчалася на суседніе гароды.

Першы дзень скора праляцеў Дзярыгорлі; на другі — с самай раніцы млосна рабілося, але неяк дацягнуў да канца; надыйшоў і трэйці дзень, Дзярыгорла маніўся ўжо злазіць, пашукаць яды, але нешта аслабеў зусім — ногі памлелі і ня выпрастаць, дый, праўду кажучы, баяўся папсаваць справу, і хоць грэбень абвіс, барада пабялела, — астаўся ткі сядзець…

Пад канец другога тыдня, дзеці, збіраючы кветкі ў садочку, дагледзілі ў шупшынніку Дзярыгорлу і выцягнулі адубеўшаго за ногі.

А Сакатушкі як німа, так німа. Што з ёй стала? Мо ястраб задзёр? мо дзе заблудзіла? мо… э-э, ды хто там згадае гэтых Сакатушак?!..