Перайсці да зместу

Васількі (1914)/Цырк

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сабачча служба Цырк
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Гаротная
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цырк (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цырк.


Здаўна ўжо Андрэй Зорка выбірараўся ў губэрскі горад да свайго сябрука — Міхалкі Гурчыка. Змалку ешчэ, памятаў добра Андрэй, як з Міхалкам ў зрэбных кашулінках на вуліцы вёскі босымі ножкамі разам сьнег убівалі, бабы ляпілі; паткасаўшыся, разам скацінку ў поле ганялі, цэўкі і стрэлкі з вяршынак маладых сасонак вырэзалі, з вугальчыкаў на каменьнях стрэлялі; дзяцюкамі — за баронамі праз адзін шнур цягаліся, на ігрышчах у качарэжніку разам атстаівалі, ласа пагледаючы на гулякаў, а падцягнуліся ешчэ (аднагодкамі былі), ўжо складна і да сахі браліся; толькі ў сілу сталі брацца, ажно і не агледзіліся, як скончылася іх сяброўства: Міхалку здалі ў салдаты, Андрэй — ільготнік астаўся дома гаспадарыць.

Шмат с таго часу вады уплыло, а сябрукі тыкеля разы са два спаткаліся. Першы раз — Міхалка прыежджаў на вясельле старшаго брата (ох, і пагулялі-ж тады!), а другі раз — ужо стражнікам. Стражнікам, бо Міхалка, скончыўшы службу ў войску, варочацца да дому не захацеў і астаўся па сваей ахвоце стражнікам у горадзі.

Не раз Міхалка слаў пісулькі да свайго сябрука Андрэя, просячы яго, каб ткі выбраўся даведацца сваяка, бо мучыла, прызнаваўся гарадзкі служака, яго нуда па сваіх.

Вось урэшце і выбраўся Андрэй. Восень была; дарога дрэнная; ехаў Зорка дзень, ехаў ноч, а над раніцай ледзь дабраўся да мэты.

Спаткаўшыся, сябрукі не маглі адзін з другога нацешыцца, ўспамінаючы даўно мінулае, пражытае. Праз увесь дзень цягаліся разам па горадзе, а Андрэй ня мог надзівіцца тым уселякім навінам, а якіх, седзючы ў вёсцы, і ня сьнілася чэлавеку. Але Міхалка надумаў паказаць Андрэю ешчэ большые дзівы і вечэрам завёў яго ў цырк. І праўда: гэткае, што там давялося убачыць Зорку, ў яго цеснай галаве і памясьціцца не магло.

Аграмадная будыніна. Агні гараць, бытцым сонцы сьвецяць.

Музыка рэжэ ў вялізарные дуды. Народу — гібель. Пасярод будыніны — круг, высыпаны чыстым пяском. І вось, на гэты круг выйшоў увесь ў чорным нейкі чэлавек, сам чорны, як смоўж, з бізунамі пад пахай; за ім высыпала грамада яго прыслужнікаў у бліскучых адзежынах і зараз-жэ на гэты самы круг віхром уляцеў табун, як малако, белых коні. Ляснуў бізуном той чарнамазы (мусіць то камандзер?) адзін раз і ўсе коні сталі дыбка, ляснуў — другі раз коні апусьціліся на каленцы, і зноў засьвісьцеў бізун — і рынуліся ўсе коні берэгам круга ў такую скочку, што, здавалася, жыватамі зямлю даставалі!

Намуштраваўшы ўселяк, што ажно пара з беднай жывёлы пайшла, камандзер махануў бізуном, прыслужнікі раступіліся і ўвесь табун с такім самым імпэтам, як быў прыляцеў тады, счэзнуў, бытцым у нейкай браме, прыкрытай чырвоным сукном.

А той смоўж зноў стаў ляскаць бізуном і, як бач, выляцеў на круг сівы ў яблыкі жэрабец, бытцым с табурэтам мест седла на спіне, на каторым стаяў маладзенькі хлопец.

Музыка гудзела; бізун ляскаў, а падростак, стоючы на расшалелым кані, то прыседаў, то ўскаківаў, то куляўся, кідаўся на ўсе бакі, ажно пакуль і ён зморэны, цяжка дыхаючы, пад сьвіст бізуна ня счэз у той самай чырвонай браме.

Ізноў музыка гудзела, ізноў ляскаў бізун, а на круг вылеталі ўсё новые і новые то мужчыны, то дзеўчаты, — скакалі, круціліся, куляліся і гінулі за чырвоным сукном…

Урэшці нагналі цэлую грамаду зьвяроў: і сланоў, і мядзьведзёў, і сабак, і налпаў, і казлоў, і ваўкоў і якіх там толькі не было! Усё гэта скакала, вешалася, качалася… А бізун сьвісьцеў і ляскаў, ляскаў і сьвісьцеў…

Колькі гэтаго было, — Андрэй і ўспомніць ня мог. Выйшаў с цырку, як здурнеўшы. Міхалка, будучы пэўны, што надта дагадзіў сябруку, стаў расхваліваць цырк і дапытываць Зоркі, як яму спадабаліся гэтые штукі, але Зорка ішоў злосны, хмурны, адно толькі слова і атказываў: „зьдзек! зьдзек! зьдзек!“.

Вярнуўшыся на кватэру, Міхалка стаў частаваць сябрука вячэрай, але той і не дакрануўся да яе. Лёг, скорчыўся, кажух на галаву нацягнуў і стараўся скарэй забыцца, заснуць…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Перэд вачамі Андрэя Зоркі гараць агні… Ў вушах грыміць музыка, бьюць у бубны… Ў галаве ўсё круціцца, шуміць… На вялікі, пасыпаны чыстым белым пяском, круг выступае як смоўж чорны вялізарны чэлавек з грамадой ў бліскучых адзежынах прыслужнікаў сваіх і ўсе яны, як адзін, круцяць і ляскаюць доўгімі, доўгімі бізунамі…

С-пад брамы, завешанай, як кроў чырвоным сукном, стаў сыпаць народ: дзеці і сталые, падросткі і старцы, а за імі сунецца цэлая чэрада рознаго зьвер’я. Уся гэта жывая грамада лётае, круціцца, куляецца, падае, ўстае, ізноў падае, ўрэшці ўсе зморэные спацелые прыпадаюць на каленцы… А бізуны сьвісьцяць і ляскаюць… „Зьдзек!!“ крычыць Адрэй з вышак, дзе ён сядзіць у цырку… „Зьдзек“… як адзін голас, ад’зываецца, ўскаківаючы с кален, жывая грамада… Бізуны хутка падымаюцца ў гару, але дзіва: ня сьвіснулі, не ляснулі яны, а бытцым завесіліся ў гарэ, а пасьля схіснуліся і… счэзлі… Белы чысты пясок на кругу стаў жаўцець, што раз болей жаўцець, урэшці чырванець, усё больш чырванець, ажно пакуль не зрабіўся так чырвоны, як тая засланка на варотах… „Зьдзек“… раўнула ешчэ раз жывая грамада такім страшэнным голасам, што сьцены вялізарнай будыніны задрыжэлі. А народ і зьвяр’ё з гмаху пачалі сыпаць на вуліцу; ажно тут Міхалка стаіць, растапырыўшы рукі, пасярод вуліцы і стрымлівае гэту грамаду… Андрэй, замахнуўшыся, кінуўся да яго с крыкам: „Міхалка, ты?!“

— „Я“, адазваўся Міхалка, стоячы над самым Андрэем. „Прачхніся, братка, папраўся, — надта нечага стогнеш, — мо баліць што?“

Андрэй падняўся, працёр кулаком вочы, палядзеў кругом, глянуў на Міхалку, — „а праўда, атказывае, мусіць-то я дрэнна лежаў, страхі нейкіе мучылі мяне“, і перэвярнуўшыся на другі бок, ціха і смачна заснуў…