Перайсці да зместу

Васількі (1914)/Гаротная

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цырк Гаротная
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Шчасьлівая
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гаротная.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гаротная.


У канцы вёскі каля старэнькай хаткі ўдавы Тамашыхі сабралася кучка баб. Кожная з іх штось гаварыла, кожная штось раіла, але Тамашыха ня чула і не разумела, — ані іхніх гутарак, ані іхніх рад. З ахапкам брудных ануч пад пахай, шэпчучы штосьці пасінеўшымі ад холаду вуснамі, хадзіла яна ад вакна да вакна, ад вуглоў хаты да дзьвярэй і ўгледалася, пі не пакажэцца дзе дымок. І праўда: праціскаўся ён паміж лучынак, мейсцамі пазацягіваных замест шыб у ваконные рамы; працягіваў і праз надгніўшые вуглы хаты, — і праз пашчэпаўшыеся ў дзьверах дошкі. Дзе толькі дагледзіла Тамашыха гэты дымок, хутка падбегала туды, выцягівала с-пад пахі анучыну, адрывала шматочак і з усей сілы затыкала ім шчэліну.

Вецер раз-за-разам узрываўся, гудзеў паміж гнілых жардзей азяродаў, паміж дзе-не-дзе цэлаго ешчэ частаколу; с сьвістам прарываўся праз голые галіны вялікай крывой вербы і гінуў нейдзе ў далі. С пахмурнаго неба сыпалася імжака. Нездаволеные, што Тамашыха не зважала на іх, бабы, пазалеўшы, парасцягіваліся па вёсцы. Скончыла і Тамашыха сваю занятку, глянула на пустую, балоцістую вуліцу і асунуўшыся на прызбу, шэптала далей.

Што шэптала — сама добра не разумела. Ведала толькі, што так трэба. Трэба, бо, — бо знахарка Караліха, да каторай Тамашыха сягоньня ешчэ до́дня займчала курыцу так і раіла: „Зачыні, казала яна, юшку, распалі агонь на прыпечку, насып гэтаго, што табе даю зельля, — хай курыць, а сама выйдзі с хаты, дый пілнуй, каб дым праз шчэліны не ўцекаў“. А калі Тамашыха спыталася, як доўга трэба курыць, знахарка строіла так: столькі часу куры, колькі займае сказаць шэсць па шэсць пацераў; тады кажэ і варочайся ў хату — ўсё будзе добра“.

Шэсць па шэсць? Ня менш — то пэўна, а мо ўжо і болей, як шэсць па шэсць нашэптала пацераў Тамашыха; мо гэта і ня добра? Усхапілася с прызбы, кінулася да дзьвярэй і расчыніла іх. Шугануў дым, цёмны едкі дым, грыз вочы, душыў у горлі, але Тамашыха не зважала на гэта: вобмацкам мінула печ, дабралася да палка і нагнулася.

Там — з нацягнутай на галоўку грубой посьцілкай лежаў Сьцепанка — пацеха і ўся надзея Тамашыхі. Лежаў ціханька і толькі худзенькая маленькая ручка зьвесілася с палка. Тамашыха асьцярожна падняла і палажыла гэту малую ручку на грудзі сына, а сама ціханька, каб не разбудзіць хвораго, адыйшла, села на лаву і задумалася. І, ці то ад дыму, ці то ад гэтых думак, сьлезіна за сьлезіной капалі і капалі з вачэй беднай кабеціны…

Задумалася Тамашыха. І ажно сама дзівілася, скуль можэ брацца столькі бяды, столькі нешчасьця, сколькі ўсьцяж валілася на яе галаву. І за што? Грэшная? Мо яе грэх найважнейшы, найбольшы за ўсіх? Мо дзеля таго і пакутавае яна за ўсіх? Мо іншым за тое лягчэй жывецца? Ой, бо ці ўсё-ж яе жыцьцё не адна пакута? Не адна беда? Не адна нядоля?

З малку, помніць Тамашыха, калі была ешчэ ў Язэпавай хаці — там ужо началася яе нядоля — там першая. Бо ці-ж гэта ненядоля? — с паміж усіх дзяцей, якіе гадаваліся тады ў Язэпа — адна яна ня мела маткі. У кожнай хаці былі дзеці, былі і маткі, а от-жэ ў яе не было. І калі, бывала, бачыла яна, як іншые дзеці песьцяцца, прытуляюцца да матчыных грудзей, бегала і яна — маленькая, худзенькая да тэй высокай белавалосай Тэклі, клала сваю галоўку на яе калені і шэптала: мама, мама, мама. Але пяшчотаў, а ешчэ горш гэткіх слоў Тэкля не любіла: „ня лезь, кажэ, да мяне з гэткім — абуза, а ня дачка ты мне“. Плачучы, бегла тады малая Ганулька (Ганулька? гэта-ж яе некалісь звалі Ганулькай, ледзь цяпер успомніла Тамашыха), бегла ў які колечы цёмны куточак, або ўціскалася ў запечак і закрыўшыся, ціханька шэптала сама да сябе: мама, мама, мама…

Потым… што-ж было потым… Ага: зімой крыху меншых ад сябе дзяцей калыхала, насіла, хату заметала, бульбу скрэбла, а ў летку — ў поле ўжо стала ганяць. Прыгнаўшы на дзяніну, зморэная бяжыць травы каровам, сьвіньням… Гэтак доўга было, бо неяк да серпа не магла налажыцца, але пасьля і гэтаго наўчылася. Стала хадзіць тады на заработкі і, як тая пчолка, зносіць двузлоткі ў хату. Але каб з гэтых двузлотак сабе што справіць — адзежыну якую, ні кому, дый самой Ганульцы ніколі і ў галаву не прыходзіла. Адзевалі яе хатніе: справяць што сабе, падносяць, пацягаюць, дый аддаюць тады ёй: „палатай, — кажуць, — добрая ешчэ для цябе адзежына будзе“. Цешылася Тамашыха с падарунку, латала і насіла. Інакшых радасьцей Ганулька ня мела; і толькі, калі ўжо вырасла на сталую дзеўку, Васіль — хлопец с суседней вёскі, спатыкаючы яе, зажартуе, бывала, загаворыць: „дурная ты, кажэ, Гануля: цябе крыўдзяць дома і ты падаешся. Слухай лепш мяне, ўсё добра будзе“. І Ганулька, хоць баялася Васіля, але верыла яму і слухала. Слухала, ажно пакуль не пагналі Васіля ў салдаты, а яна зноў адна асталася. Адна? Каб-жэ хоць на век аднэй можна было астацца! Але ўскорасьці падыйшла, найгоршая беда: радзіўся сынок… Выгналі Ганульку с хаты… прыйшлося сесьці кутам на дворнай пляцоўцы. Ой, трудненька, прыйходзілася Ганульцы, трудненька! І ня думалася ей, што на сьвеці беда не мае канца, што можэ быць ешчэ цяжэй… Памерла Тамаша Канцавога матка: патрэбна была ў хату гаспадыня, а што за пьяніцу ніхто не хацеў ісьці, абы якое колечы прыстанішчэ мець — пайшла Гануля.

І вось яна ўжо Тамашыхай стала, Тамашыхай — гаспадыняй! Беда толькі, што не было надта над чым гаспадарыць: адна ўсяго кароўка, ды дзьве авечкі, каня нават не было. Шнурок свой у запашку аддавалі, дык пражыць было цяжка. Але што там пражыць? нейкі-ж лахман быў нацягнуць на сябе, а есьці? У летку — шчаўя, грыбоў — гібель; а зімой — які там дзень? Зусім кароткі. Прыставіць саганок бульбы — на ўвесь дзень хапае! Вось толькі абы Васільку… ды каб-жэ яму аднаму? а то і не агледзілася Тамашыха, як прыбыў Яначка, Пятрусь і вось гэты — Сьцепанка. Сабе — як сабе, а дзецям трэба-ж даць хоць раз у тыдзень нейкі праснак, ці блін, ды малачка калі ўліць. Ну і давала Тамашыха колькі мела; а на Каляды, на Вялікдзень нават скаромнае траплялася. А хоць і ў будніе дні, — каму — на што тое — грэх нарэкаць: у пячурцы заўсёды ў запасе бульба валяецца, і ядуць яны яе, бывала, не раўнуючы, як тые парасяткі — праз ўвесь дзень, дык голад каму-каму, а дзецям не дакучаў. Толькі вось, разважала далей Тамашыха, неяк сыць іх не брала: жывоцікі, праўда параспірала, але ручкі, ножкі, шыйкі — ажно жаль было глядзець — як тые цэвачкі. А і сама яна Тамашыха неяк сохнуць стала, дый моц зусім страціла. Даўней, бывала, асьміну бульбы закіне на плечы і прымчыць с поля, а цяпер і кошык цяжка, прыцягнуць. Не дзеля таго саслабела яна, што галодная была, бо што Тамаш праз колькі-то год духі выймаў — біў, не — гэта што — глупства; вось, другі год ужо як ня бье: зваліўся пьяны з рыштаваньня, захварэў і памёр, а ўсё-ж ткі сілы не варочаюцца, — сену зусім німа с таго часу, як увалілася хвароба ў хату.

Гэткі-то хлопчык быў Васілька, успамінала сабе Тамашыха, гадкоў з дзесяць пэўна меў; аддалі на службу за патпаска; усё-ж ткі карміць дома ня трэба, ды чатыры рублі пэнсіі браў за летка. От і зарабіў! — вярнуўся са службы, стаў кашляць, хірлець і Каляд не прыждаў — як тая сьвечка — згас. Згас Васілька, за ім тэй самай сьцяжынкай пайшоў Яначка, а пасьля і Пятрусь. А цяпер вось гэты — Сьцёпачка — мала-то страху нагнаў? Згоджэны быў да ўсіх сьвятых: на ўсім гаспадарскім, пуд жыта і тры рублі; ведама, першая ешчэ служба; ды і тая не ўдалася: скаціны хоць мала, але дуроная; зьнямогся, лётаючы за ей, так бедны, што без пары сарваць са службы прыйшлося; мо і грошы прападуць, але дома Тамашысі спакайней. Малачка яму напарыць, сама паложыць, накрые, ў ночы да яго ўстане; толькі нешто ніяк ачуняць ня можэ, а вось с тыдзень ужо будзе, то такі страшэнны кашэль прычапіўся, што і духу не даваў яму перавесьці. Чаго, чаго не рабіла, якога толькі не парыла, не давала зельля, — нічым супакоіць не магла, ажно пакуль, вось, ня зьбегала да Караліхі і хоць курыцу прыйшлося аддаць, але такога нейкаго моцнаго-то курэва дала, што зразу кідаць перэстала, супакоіўся і гэтак-то ціханька ляжыць, ані скранецца; нават ручку, што зьвесіўшыся с палка была, як паправіла, так і цяпер на тым самым мейсцы ляжыць…

Цяпер толькі ўспомніла Тамашыха, чаму гэта, як папраўляла тую ручку, то яна была нейкая ні то потная, ні то ліпая і бытцым цяжкавата?.. І раптам, як пярун агністы, страшэннае падазрэньне мігнула праз галаву Тамашыхі. Зразу ў нутры зрабілася холадна, пуста; ногі бытцым волавам наліліся… Але неяк-жэ скранулася Тамашыха і апіраючыся то а стол, то а зэдлі, с страшэннымі, выкаціўшыміся на верх вачамі, ляскаючы зубамі дасунулася да палка і смарганула за пасьцілку. С-пад яе паказаўся пасінеўшы твар нежывога Сьцепанкі.