Васількі (1914)/Васількі
Выгляд
Васількі Абразок Аўтар: Ядвігін Ш. 1914 год |
Раны → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Васількі (Ядвігін, абразок). |
Васількі.
Васількі закрасавалі… Не, не закрасавалі!
Дзе-ж ім цяпер красаваць? Холад. Зіма. Сьнег. Не закрасавалі васількі; гэта толькі перэд вачамі маімі міганулі яны. Нават не перэд вачамі, а так нейдзе: ні то ў думках, ні то ў душы, ці сэрцы? — Ня ведаю дзе. Міганулі васількі: васількі ў жыце… небо, як васількі… як васількі, вочкі… міганулі васількі і… счэзлі!..
У красе нашаго жыцьця, мы любім, як красуюць васількі…
А калі паблекнуць васількі, паблекне небо, паблекне на душы, а на сэрцэ ляжэ холад; калі зямлю пакрые сьнег, а на тваю галаву бытцым сыпне шоран; калі маеш штодзенны цёмны, горкі хлеб, — тады толькі ўспомніш, што гэта — ад васількоў, ад іх красы, бо… аткрасавалі васількі…