Перайсці да зместу

Бярозка (1912)/Пазыка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заморскі зьвер Пазыка
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
З маленькім білецікам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пазыка (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЗЫКА.

Што пазыка ня кожнаму ідзе на карысць, усякі хіба добра ведае на сваім уласным карку. Пазнаў гэта і мой карк, а нават не карк, а ногі.

Было так: выбраўся я ў Вільню, а што неяк, ня тут кажучы, сароміўся паказацца ў горадзі ў лапцях, дык пазычыў боты у суседа. Прыйшоў у Вільню; цягнуся ў Кальварыю. Аж тут на мосьце, што зроблены цераз рэку Вілію, — бачу: нейкіе два падросткі цягаюцца за чубы.

— Што вам, — кажу, — за ліха, абібокі вы гэткіе, чаго вам не хватае,—гэта-ж сьмех і грэх!

— «Дзядзенька,—кажуць яны,—дзярэмся—праўда, але дзярэмся с тваей прычыны».

Вось,—думаю,—ліха надало: з-за мяне—Янкі з Гаротнікоў—у Вільні чубы трэшчаць?!.. Аж дзіва: скуль яны могуць знаць мяне? Але на сэрцы зрабілося неяк добра: як бы ні было, а ўсёж гонар.

— Пакіньце, — кажу, лопчыкі, шкада мне вас, ды скажыце, ў чым дзела?

— «Як жэ-ж, дзядзенька, во гэты гіцэль кажэ, што у цябе шэсць пальцоў на назе, а я кажу, што пяць; ну, і ўзяліся за чупрыны».

— А дзетачкі-ж мае вы родные, пакіньце цягацца, — кажу, — бо ў мяне і папраўдзе тыкеля па пяць пальцоў на назе!

— «Не, — кажэ старэйшы хлапец, — так табе, дзядзька, веры не дамо скінь боты і пакажы».

— Добра,—кажу,—хлопчыкі, супакойцеся,—я вас перэканаю.

Зышлі мы на бок; сцягнуў я бот, аткруціў анучыну, перэлічылі яны мае пальцы,—пяць!

— «Ага, — кажэ той самы забіяка, — чаму-ж ты, дзядзька, паказаў нам тыкеля правую нагу? А на левай, то пэўне шэсць пальцоў!»

Хоць вас паляруш! Разуўся я і з левай нагі, пачаў анучу аткручываць, — калі глянь — ажно ўжо німа маіх чупрыннікоў; німа каму пальцоў лічыць! Але, дасьцё веры, і на пальцы нема чаго нацягнуць, бо разам з імі паехалі і новые пазычэные боты!..