Перайсці да зместу

Бярозка (1912)/З маленькім білецікам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пазыка З маленькім білецікам
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
Вучоны бык
Іншыя публікацыі гэтага твора: З маленькім білецікам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З МАЛЕНЬКІМ БІЛЕЦІКАМ.

Ці здарылося вам, браткі мае, ехаць на чыгунцы? Не? — Ну і дзякуйце Богу! Мне-бо давялося раз, — ніхай яна згарыць: чуць — чуць даехаў: А ехаць мусіў: у гарадзкой бальніцы ляжаў хворы ўнук — трэба было да яго дабрацца. Жонка адвезла на вагзал, добрые людзі параілі, як і дзе купіць білет, нават улезьці мне памаглі на гэту шалёную кабылу, згінь яна прападзі!..

Людцы мае! Колькі-ж там народу, народу! І ўсе разам: і жыды, і мужыкі, і паны, і бабы разам паміж усіх сідзяць… Толькі гэта я зірк у адзін, ў другі бок, аж тут калі зазвоняць, засьвісьцяць, загудзяць, ды гуруруру — вагоны, значыцца, крануліся; калі схіснуўся я, то, каб нейкі добры пан мяне не падзержаў, мусіць і костачэк я не сабраў бы сваіх.

— «Садзіся, — кажэ да мяне, — старычок» і сам пасунуўся крыху на зэдліку гэным. Сеў я, глянуў на яго — бачу — крапчэй ён за пана паказывае: па шапцы пазнаў я, што чыноўнік нейкі, а каля яго дзьве паненкі сідзяць, ну, але сказаў сесьці, то і сяду.

Толькі гэта шалёная кабыла так неяк ня то, што трасе, але калышэ, каб на яе звод, што мне пачало млосна рабіцца. Дастаў я люльку, махоркай добра напхаў, дый затуманіў — чую, палягчэла, адлягло; я тады другую і трэцьцю. Бачу: нешта паненкі круціць носам пачалі і давай шэптацца с чыноўнікам. А той зараз да мяне:

— «Білет-жэ ты, старычок, маеш?»

— А як жэ; грошы, кажу, заплаціў, вось і білет,—выймаючы с капшука, паказываю яму.

— «Ах, стары, стары, кудыж ты — кажэ — забраўся з гэткім маленькім білецікам? Гэтаж ты штраф заплаціш! Глянь, які мой!»

Калі гляну я на яго білет — праўда: ў разоў 20 большы за мой, ды і зусім не падобны! Я гэта, доўга не чэкаўшы, цмок у руку, цмок у другую: паночку, кажу, вашэ выскародзе, пакажыце-ж, дзе мне сесьці?!

— «Хадзі, — кажэ — пакажу».

Павёў ён мяне, атчыніў нейкіе дзьверцы: «во, — кажэ, — ў цябе маленкі білецік, дык табе па закону і маленькае мейсца палагаецца.»

Падзякаваў я яму за раду і увагу на маю старасьць. Праўда, крыху цеснавата, але для аднаго годзе; і зэдлічык да сьцяны прыбіты, толькі з вялізарнай круглай дзіркай, але сядзець нішто—выгодна. Прычыніўшы крыху дзьверы, затуманіў я люльку, пачаў думаць, як там ўнук мой маецца, што жонка дома парабляе, аж тут тыц да мяне лейкі барадаты жыд, але, праўда, зара назад папёр; толькі гэта я стаў напіхаць другую люльку, аж тут шась да мяне нейкая паня, але то не абы якая паня — так чыста адзеўшыся, што я ўжо маніўся хоць у куточку пры ёй пастаяць, хай бы садзілася на зэдлік—неяк бы змясьціліся, але і яна стук дзьверамі і пашла. Божухна — Бацюхна, думаю сабе, пыкаючы люльку, гэткая то, відаць, багатая паня, а мусі так сама, як і я бедны, з маленкім білецікам едзе. Ня скончыў я ешчэ і другой люлькі, аж тут калі стаў да мяне сыпаць народ, — не раўнуючы, як на хрэзьбіны: ўсё скрыг, ды скрыг дзьверамі; уселякаго стану, і малых, і старых; а я сяджу сабе, як пан,—ведама, заплаціўшы грошы,— ды падміргіваю ім, ды ўсміхаюся з іх зазьдросці. Аж ізноў лезе той самы барадаты жыд, ды як наваліцца на мяне: «што ты, кажэ, адзін разсеўся? Іншым ня трэба, ці што? Злазь!»

— Дурны ты, кажу, дурны. Я-ж за свае крывава запрацаваные грошы білет купіў, праўда, — маленкі, але пан, дай Божэ яму здароўя паказаў, мне, дзе і з гэткім білецікам можна да ўнука даехаць…

— От я табе пакажу ўнука! крыкнуў жыд і пабег некуды.

Аж зараз навёў ён на мяне нейкіх чыноўнікоў, ці ліха іх там ведае каго, і сталі яны мяне адтуль цягнуць. Але не такі я ўжо дурэнь, хоць першы раз на гэтай паганай кабылі еду, — не даўся.

Прыехалі на нейкую станцію, навялі на мяне нейкіх вайсковых з аружжэм людзей; тые дык, прызнаюся, адразу далі рады мне старому і нават на вагзал зацягнулі, хацелі нешта пісаць, ды ж мяне пакінуць тут… чуць-чуць выпрасіўся і ледзь дабраўся, дзякаваць Богу, да мейсца.