Перайсці да зместу

Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры (1930)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры
Крытыка
Аўтар: Ілары Барашка
1930 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІЛ. БАРАШКА


БУРЖУАЗНЫЯ ПЛЫНІ
Ў СУЧАСНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


БЕЛАРУСКАЕ
ДЗЯРЖАЎНАЕ
ВЫДАВЕЦТВА

ІЛ. БАРАШКА


БУРЖУАЗНЫЯ ПЛЫНІ
Ў СУЧАСНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

(ПРА АГЛАЮ І ЯЕ ПАДШЭФНЫХ)


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК ———— 1930

Заказ № 503.

3000 экз.(1⅛ арк.).

Галоўлітбел № 1.351.


Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.

Пра Аглаю і яе падшэфных.

У прамове на конфэрэнцыі аграрнікаў-марксыстых тав. Я. В. Сталін, кажучы аб клясавых зрухах і павароце ў політыцы УсеКП(б), сказаў наступнае:

«Характэрная рыса нашай работы за апошні год у тым, што мы, як партыя, так і савецкая ўлада, а) разгарнулі наступ на ўсім фронце супроць капіталістычных элемэнтаў вёскі, і б) гэты наступ даў і дае, як вядома, вельмі адчувальныя станоўчыя рэзультаты. Што гэта азначае? Гэта азначае, што ад політыкі абмяжаваньня эксплёататарскіх тэндэнцый кулацтва мы перайшлі да політыкі ліквідацыі кулацтва як клясы. Гэта азначае, што мы прарабілі і прарабляем адзін з рашучых паваротаў ва ўсёй нашай політыцы».

Такім чынам, політыка партыі і савецкай улады, накіраваная з аднаго боку на ліквідацыю рэштак капіталістычных элемэнтаў у нашай савецкай краіне, а з другога боку — магутны рост стычных элемэнтаў, індустрыялізацыя краіны, колектывізацыя сельскай гаспадаркі, перавыкананьне пляну першага году нашага пяцігадовага пляну, ня могуць ня выклікаць контрнаступу нашага клясавага ворага — кулака ў вёсцы, нэпмана ў горадзе, як на экономічным, так і на культурным фронце.

З гэтых процэсаў выплывае і актывізацыя нацыянал-дэмократычных, шовіністычных, дробна-буржуазных элемэнтаў у краіне, якія па сваёй істоце зьяўляюцца абаронцамі і ідэолёгамі кулака ў вёсцы і нэпмана ў горадзе.

За апошні час актывізацыя нацыянал-дэмократызму ў Савецкай Беларусі разгарнулася вельмі шырока. Партыя і савецкая грамадзкасьць выявіла ў шэрагу культурных устаноў, організацый і літаратурных аб’яднаньняў ня толькі памылкі нацыянал-дэмократычнага, дробна-буржуазнага парадку, але і пэўныя настроі, якія ўпарта прапагандаваліся і прапагандуюцца з балонак паасобных твораў навуковых работнікаў, літаратараў, культурнікаў.

І процэс контрнаступу дробнай буржуазіі, пропаганда яе ідэолёгіі ў творах паасобных нацыянал-дэмократаў — прыслужнікаў буржуазіі — мы нагляданм ня толькі ў Савецкай Беларусі. Усё тое, што адбываецца ў нас, зьяўляецца часткай таго агульнага процэсу, які адбываецца ва ўсім Савецкім саюзе, ва ўсіх рэспубліках.

Шумскізм на Украіне, галіеўшчына ў Татарстане, ібрагімаўшчына ў Крымскай АССР, «Галубыя рогі» ў Грузіі, пільнякоўшчына ў РСФСР, дзейнасьць паасобных прадстаўнікоў «Узвышша», дзейнасьць беларускіх нацыянал-дэмократаў у БАН, нацыянал-дэмократычная лінія часопісу «Полымя» (да зьмены складу рэдкалегіі ў канцы 1929 г.), выразная пропаганда буржуазных ідэй пісьменьнікам-комуністым[1] Зарэцкім на Беларусі — усё гэта паходзіць з аднаго, нэобуржуазнага лягеру, з чым прыходзіцца весьці барацьбу паасобным атрадам компартый, пры актыўным удзеле пролетарскай грамадзкасьці.

Гэтая брошура ставіць перад сабой задачу азнаямленьня чытача з тэй агульнасьцю выступленьня Зарэцкага, які пропагандуе дробна-буржуазныя ідэі, з падобнымі-ж выступленьнямі ў літаратуры іншых рэспублік Саюзу.

Пісьменьнік Зарэцкі ў нас на Беларусі даводзіць, што стылем пролетарскай літаратуры павінен быць романтызм. Прычым, прапагандуючы романтызм, ён робіць адпаведнае «па» ў кірунку сваёй папярэдняй творчасьці і запэўняе неспакушанага чытача на адным з літаратурных дыспутаў — «не падумайце тт., — кажа ён — што я сваім сьцьвярджэньнем, што романтызм зьяўляецца стылем для пролетарскай літаратуры, бяруся апраўдвацца за свае ранейшыя творы».

І ня гледзячы на такое «шчырае» прызнаньне, мы ўсё-ткі прымушаны гаварыць, што М. Зарэцкі якраз пропагандай романтызму, як стылю пролетарскай літаратуры, бярэцца апраўдаць сваю ранейшую творчасьць, творчасьць прасякнутую дробнабуржуазным романтызмам, і тым самым замацаваць свае позыцыі, як пролетарскага пісьменьніка, а раз так, то і ўзяць кіруючыя лейцы і весьці за сабою нашу літаратурную моладзь па няправільным шляху, які, нарэшце, не набліжае, а аддаляе пісьменьніка ад пролетарскай літаратуры, і далучае да лягеру выяўнікаў дробнабуржуазных пластоў сучаснага грамадзтва, робіць іх іхным рупарам.

Ці аддае навізною ад выступленьня Зарэцкага з пропагандай романтызму? Не, не аддае. Гэта тая-ж старая песенька украінскіх нэоромантыкаў з «слаўнай памяці» Ваплітэ, якая праз нацыянал-бальшавізм дайшла да нацыянал-дэмократызму, а тут ужо стала выяўнікам інтарэсаў кампаніі УНДО — заходня-украінскіх фашыстых Данцовых… У свой час, па дарозе, якую абраў цяпер Зарэцкі, ішоў украінскі пісьменьнік Мікола Хвілёвы з сваім романам «Вальдшнэпы», які Яму, як комуністаму, прышлося спаліць. Хвілёвы да гэтага часу пропагандуе на Украіне «нэоромантызм», як стыль пролетарскай літаратуры, і, відаць, таксама, як і Зарэцкі на Беларусі, кажа: мая папярэдняя творчасьць — адно, а пропаведзь нэоромантызму, як стылю пролетарскай літаратуры — гэта другое!..

Але дазвольце не паверыць як Зарэцкаму, так і Хвілёваму.

Як адзін, так і другі, стаўшы рупарам буржуазіі ў сваёй творчасьці, ідуць увесь час далей і далей, прыхоўваючы свае погляды выступленьнямі па творчых пытаньнях, якія зьяўляюцца нічым іншым, як політычнымі выступленьнямі на літаратурным фронце.

Каб давесьці, што як Хвілёвы, так і Зарэцкі ў сваёй творчасьці сталіся рупарамі буржуазіі, я дазволю сабе скарыстаць цытаты з творчасьці як Хвілёвага, так і Зарэцкага.

Чытач, відаць, чуў пра роман «Вальдшнэпы» Хвілёвага, асуджаны партыяй і пролетарскай грамадзкасьцю. І вось, у гэтым романе Хвілёвы падае моцнага, энэргічнага тыпа — Аглаю. Аглая — героіня роману. Яна не другарадны пэрсонаж. Яна цэнтр, на яе словы скіроўваецца ўвага чытача, перад ёю змаўкаюць другія героі роману — комуністы-інтэлігенты. Чытачу трэба напомніць, што ў партыі ёсьць людзі з партбілетамі, партыйнасьць якіх вызначаецца партбілетам, і з якім партыя не цырымоніцца. Довадам гэтага служыць наша чыстка. Але Хвілёвы якраз таму і падабраў такіх комуністых-герояў свайго роману, каб гэтым больш выпукліць героіню Аглаю.

Хто такая Аглая? Хто такая Аглая, рупарам якой стаў Хвілёвы ў романе «Вальдшнэпы».

А вось паслухайце. Гаворыць сама Аглая. (Але, прабачце, вуснамі Аглаі гаворыць Хвілёвы):

Аглая:

— Я выпіла, товариство, за відважних і вольовых людей. Чуете? Я выпіла за безумство харобрих. Але не за те безумство, що виродилось у сорентивского мішчаніна Пешкова — я выпіла за те безумство, що привело троглодита до стану вышуканой европейской людини… Я — нова людина нашого часу. Я одна з тых молодих людей, що як гриби виростають биля ваших комячеек і якіх вы не помічаеце, Дмітрий Карамазов, ты знаеш хто перед тобой сидить? це сидить твій антипод…

…Породив мене ніхто инший, як ваша ячэйка. Це моя рідна мама… Ну, от уявіть собі. Росте десь, в якомусь, скажемо, «вузі» дівчина. Дівчина, що називается, кров із молоком. Від природи іі поклікано до кіпучоі діяльности — не тіей, що комсомолить у пусто порожне… ну, скажемо, якоюсь нудною доповіддю, чи то «собачим завулком», а тіей що скажемо Перовська. І от кліче іі ячэйка і каже: «Так от що, свідома юнко; будеш ты у нас кандидаткою у комсомол… Твое яке походжения?..» А на чорта мені це походжения? Не я-ж робила батька? А він мене зробів.

…Вы розуміете — мене від природи покликано до кіпучоі діяльности, і я хочу творити жыття. Не так, як його творите вы… а так як іі творили хоробри на протязи тысячі років…

Вы звичайно скажете, що я проповідую ідеолёгію новой буржуазіі — хай будзе по-вашому. Але й буде по-моему, бо мы — я й тысячи Аглай у спідніцах та штанах — не можемо далі жити без повітря.

„Ваплітэ“ № 5. ст. 47—48.

І вось тое, што тысячы Аглай у спадніцах і штанох ня могуць далей жыць без паветра, тое, што пролетарыят, наступаючы крок за крокам, адбірае гэтае паветра ад буржуазіі, гэта і прымушае буржуазію ліць памыі на партыю, на пролетарскую грамадзкасьць, на тых пісьменьнікаў, на тую інтэлігенцыю, якая шчыра хоча працаваць пад кіраўніцтвам ленінскай партыі. Адзначым, што вёдрамі для гэтых памый зьяўляецца творчасьць паасобных пісьменьнікаў, якія, прынамсі, лічаць самі сябе пролетарскімі.

Бо чым іншым, як ня вёдрамі для памый буржуазіі зьяўляецца такая творчасьць, якая сьвядома, праз крывое люстра, вуснамі героінь Аглай прапаведуе:

Аглая:

Ми хочемо сказати, що комуністи, хоч і не погани люди, але в більшости страшенно нудні… Ну, словом, світорозуміння іхне — можа напевно твердити — не сягае далі Чемберлена з моноклем і черговоі парт’ячэйки… Правда, цікавлятся ще китайскими справами.

Карамазову пересмикнуло абличчя. Його карючило, що ці випадкові позапартійні дачниці так неахайно ставляться до його партіі. Будучи, так-би мовити, вічним опозиціонером, він у той-жа час був своерідним фанатиком комунізму й, звычайно, не міг спокойно реагувати на це зовсім невпрадане нахабство.

Але розмову вже скончили…

„Ваплітэ“ № 5, ст. 31—32.

Вось у якім сьвятле паказвае пісьменьнік Хвілёвы комуністых — члена ленінскай партыі, якая ператварае СССР, руйнуе капіталізм і будуе новую соцыялістычную культуру. І як справа даходзіць да таго, што, «так званаму прадстаўніку» компартыі, другому герою ў романе, — Карамазаву прыходзіцца выступіць супроць гэтай хлусьні ажырэўшай дачніцы, дык гэты-ж самы Хвілёвы ставіць кропку і кажа:

— Але размову ўжо скончылі… — Такім чынам, нават опозыцыянэр Карамазаў аддаляецца аўтарам на бок, каб паказаць фігуру прадстаўніка новай буржуазіі — Аглаю…

А затое Аглая не маўчыць на працягу ўсёй першай часткі роману «Вальдшнэпы», для яе нахабных размоў хапае часу і месца ў зазначаным романе. Яна кажа:

Аглая:

— Карамазова захопила социальна революция своім размахом, своіми соціяльними ідеалами, що іх вона поставила на свойму прапорі. В ім’я ціх ідеалів він ішов на смерть і пішов-бы, висловуючыся його стилем, ще на тысячу смертей. Але як мусів себе почуваци Дмітрий Карамазов, коли він, попавши в так зване «соціалістичне» оточення, побачив, що з розмаху нічога не вийшло й што його комуністична партія потихосеньку та полегесеньку перетворюется на звычайного собі «собірателя землі руськоі» і спускается, так-би мовити, на тормозах до інтересів хітренького міщаніна-середнячка[2].

„Ваплітэ“ № 5, ст. 65.

Вось да якой контр-рэволюцыйнай нахабшчыны зьведзена пісьменьнікам Хвілёвым наша магутнае соцыялістычнае будаўніцтва, рэконструкцыя народнай гаспадаркі і культуры, у якую ўступіў СССР пад кіраўніцтвам УсеКП(б) яшчэ ў тыя часы, калі пісаўся роман «Вальдшнэпы». Буржуазія рада была-б бачыць, каб «з размаху нічога ня выйшла», але наперакор яе жаданьням і жаданьням буржуазных падпявал, якраз наадварот, з размаху выйшла тое, што мы цяпер маем колектывізаваныя цалкам акругі, індустрыяльныя цэнтры, рост пролетарскай культуры, — выйшла тое, што для Аглай цяпер не хапае паветра, і яны ў бясьсільлі, маскіруючы свае позыцыі нібы нявіннымі цнотлівымі выступленьнямі па творчых пытаньнях, фактычна пропагандуюць сваю пляцформу.

І Хвілёвы ў Савецкім саюзе не адзін. Да яго далучаюцца Зарэцкія.

Калі прачытаць апошнія творы Зарэцкага, дык вельмі лёгка заўважыць іх дробна-буржуазны характар. А ў тых творах, дзе трактуецца наша будаўніцтва, нацполітыка — творчасьць М. Зарэцкага спачатку да канца прасякнута нацыянал-дэмократызмам.

Адным з апошніх літаратурных твораў М. Зарэцкага зьяўляецца надрукаваны ў 1929 годзе пачатак роману «Крывічы». Ня кажучы аб тым, што сама назва «Крывічы» аддае тхлінаю беларускіх нацыянал-дэмократаў, якія прабавалі ў свой час перайменаваць Беларусь у «Крывію»[3], М. Зарэцкі пабудаваў роман так, што клясавая сутнасьць пісьменьнікам увесь час ігнаруецца, і ў процівагу ёй ставіцца аголеная пропаганда нацыяналістычнай Беларусі, — Беларусі як ідэалу. Ступіўшы на нацыяналістычныя рэйкі, М. Зарэцкі дайшоў да контр-рэволюцыі ў сваім романе, за што чарговыя часткі роману былі забаронёны да надрукаваньня. Фактычна роман «Крывічы» М. Зарэцкага стаўся другім выданьнем роману Хвілёвага «Вальдшнэпы», які з абурэньнем быў сустрэнуты украінскай пролетарскай грамадзкасьцю.

Нацыянадл-дэмократам не падабаецца нацполітыка компартыі, якая вядзе да роўнапраўнага жыцьця працоўных усіх нацыянальнасьцяй у Савецкім саюзе. Кожны нацыянал-дэмократ зьяўляецца вялікадзяржаўным шовіністым у адносінах да нацменшасьцяй сваёй краіны. Таму і ўкраінізацыю, і беларусізацыю, якую праводзіць партыя, яны сустракаюць альбо з вялікім абурэньнем, як Хвілёвы ў романе «Вальдшнэпы», альбо з яхідным сьмяшком, як і зрабіў Міхась Зарэцкі ў романе «Крывічы».

Хвілёвы, праз свайго героя скептыка, Карамазава, кажа:

Карамазаў:

…Дурачкі думають, що коли-б не было Шевченка, то не было-б і Украіни, а я от гадаю, що на чорта вона й здалася така, якою мы іі бачимо аж досі… бо в сьогоднішньдому выгляді з своіми ідіотськими украінізаціями в соціяльних процесах вона виконуе — тільки ролю тормоза.

— Прекрасне визначэньня! — З захопленьнем сказала Аглая…

„Ваплітэ“ № 5, ст. 15.

А вось паглядзеце, як успрымае беларусізацыю савецкае ўстановы герой роману «Крывічы» — Сьляпень, рупарам якога стаўся Зарэцкі:

Сьляпень:

Установа, у якой я маю гонар займаць адну, з найвіднейшых пасад, з сёньняшняга дня пераходзіць на беларускую мову. Кіраўнік канцылярыі замест звычайнага «драсьці», даў мне сёньня з усьмешкай «дабрыдзень», а машыністачка страшэнна пачырванела, калі я прапанаваў ёй крэсла. Бачыце, крэсла «па-беларуску» абазначаецца няпрыстойным словам…

Полымя“ № 4, ст. 15.

Карамазаў у Хвілёвага з абурэньнем выступае супроць сучаснай савецкай «Украіны з ідыёцкімі ўкраінізацыямі». Дагаварваецца да таго, што яна выконвае ролю тормаза. Адным словам — тут мы маем справу са скэптыцызмам.

А Зарэцкі, дагаварваецца тут далей Хвілёвага. Ён, малюючы Сьляпеня, якому агіднай зьяўляецца наша беларусізацыя, піша:

— …Сьляпень здаваўся… жывым увасабленьнем нейкага дзікага дэмонічнага скэптыцызму.

„Полымя“ ст. 15.

Цяпер мы запытаемся: ці не зьяўляецца адна цытата дадаткам да другое? Там украінізацыя — тормаз, а тут дэмонічны скэптыцызм — на нацполітыку компартыі.

Вось вам дзьве ягадкі з аднаго караню — нацыянал-дэмократычнага паходжаньня. Зарэцкі, даючы па-свойму «абразок» з беларусізацыі ў аднэй з савецкіх устаноў, тым самым «ілюструе» тыя «тэорытычныя» разважаньні аб «украінізацыі», якія вуснамі Карамазава агаласіў Хвілёвы.

Нават у агульным лёсе гэтых двух романаў мы бачым падабенства. У «Вальдшнэпах» Хвілёвы дапісаўся да контр-рэволюцыі, і пад напорам пролетарскай грамадзкасьці спаліў роман. Выдрукавана ў часопісі «Ваплітэ» № 5 толькі першая частка роману «Вальдшнэпы». М. Зарэцкі таксама дапісаўся да пропаганды контр-рэволюцыйных поглядаў у романе «Крывічы», і роман быў забаронены да друку пасьля надрукаваньня ў «Полымі» першае часткі.

І гэты агульны лёс романаў зьвязвае Хвілёвага з Зарэцкім у адно цэлае. Таму якраз Зарэцкі так клапоціцца аб романтызьме, як стылі пролетарскай літаратуры, які пад маркай «нэоромантызму» ўзмоцнена рэклямуе Хвілёвы на Украіне.

Напрыканцы мінулага году мы ўсе чыталі мяшчанскае выступленьне поэты Полішчука ў часопісу «Авангард», які выступіў з лёзунгам пацалунку ў аголеныя жаночыя грудзі. І гэты лёзунг прагніўшага мяшчанства ставіцца Палішчуком, у той час, калі пролетарыят чакае ад пісьменьнікаў літаратуры эпохі Вялікага Будаўніцтва. Ясна, што такі лёзунг, тыя творы, якія пропагандуюць такі лёзунг, зьяўляюцца творамі з чужога нам лягеру, лягеру новай буржуазіі. Аголены фізыолёгізм у літаратуры — стыль часоў заняпаду буржуазіі. І вось тое зьявішча, што такія пазадкі чужой, буржуазнай культуры выкарыстоўваюцца сучаснымі пісьменьнікамі, прымушае гаварыць аб тым, што гэтыя пісьменьнікі зьяўляюцца выяўнікамі буржуазнай ідзолёгіі,

І М. Зарэцкі ў творчасьці апошніх часоў (тут мы маем на ўвазе апавяданьне «Ой, ляцелі гусі») якраз становіцца на гэты шлях. Героі, якім сымпатызуе аўтар, думкі і словы якіх становяцца асноўнымі ў творы, а, значыць, і выяўляюць псыхоідэолёгію аўтара, гавораць:

Барковіч:

З маладосьці ў яе было надзвычайна прыгожае цела, Такое цела бывае ў рэдкай жанчыны. Тут, на гэтай лаўцы, я першы раз пры сьвятле месяца ўбачыў яе сьвежыя дзявочыя грудзі…

„Полымя“ № 3, ст. 8.

Ці не гаворыць гэтая «сьвежасьць дзявочых грудзей» наогул аб уяўленьні пісьменьнікам жанчыны? Але далей мы сустракаем яшчэ больш «мастацкія» пэрлы, якія цалкам пакзваюць нутро пісьменьніка з буржуазнага лягеру.

Барковіч:

— Якая бязьлітаснасьць у гэтых самак! Яна-ж надзвычайна рада, што дзеля яе мужык кінуў сваю паміраючую жонку.

„Полымя“ № 3, ст. 12.

Вось вам погляд на жанчыну. Мужчына бачыць у жанчыне толькі «самку». Ці не зьяўляецца гэта адлюстраваньнем у беларускай літаратуры поглядаў эстэтствуючых «мужчын» буржуазнага Захаду, якія ідуць у «Рэв’ю», у шантаны, ці ў прытоны, каб паглядзець на жанчыну-самку, і смакаваць аголеныя жаночыя грудзі?

Танная, вельмі танная літаратура такога парадку! І мы ні ў якім разе ня можам дапусьціць, каб творцы такой літаратуры бралі на сябе мянюшкі людзей, якія па сапраўднаму хочуць памагчы разьвіцьцю пролетарскай літаратуры. Іхныя выступленьні на творчых шляхох пролетарскай літаратуры зьяўляюцца нічым іншым, як пропагандай ідэй варожага лягеру паміраючай буржуазіі. Ня больш.

Для таго, каб скончыць з разглядам творчай дзейнасьці пісьменьніка М. Зарэцкага за апошнія часы, неабходна спыніць увагу чытача на «Падарожжы на Новую Зямлю» — на ўражаньнях і разважаньнях М. Зарэцкага ў сувязі з паездкаю яго на Мар’інскі балотны масыў. Пропагандуючы тэорыю самабытнасьці, пропагандуючы нацыянал-дэмократызм у «Падарожжы на Новую Зямлю», М. Зарэцкі, рашуча абмяжоўваючыся ад «пазадзьдзяў расійскае культуры», так і не заўважыў, як у той-жа час ягоная самабытнасьць зьяўляецца запазычанай у буржуазнай, бюргерскай Нямеччыны. Пісьменьнік увесь у марах, калі ён убачыць Беларусь разьбітую на хутары, а на хутарох будуць стаяць чырвоныя, крытыя чарапіцаю хаты, такія, якія пісьменьнік бачыў, будучы ў Нямеччыне. У гэтым «самабытнасьць» М. Зарэцкага. Добрая самабытнасьць! Яна выразна орыентуецца на буржуазны Захад, самабытнасьць, скіраваная да пропаганды капіталістычнага, хутарскага разьвіцьця сельскай гаспадаркі Савецкай Беларусі, у той час, як у нас партыя і савецкая ўлада, накіроўваючы сельскую гаспадарку па соцыялістычным шляху разьвіцьця, праводзяць з посьпехам суцэльную колектывізацыю акруг і раёнаў. Вось тут якраз мы і знаходзім ключ ад нацыянал-дэмократызму, як брата заходняга фашызму.

Пропаганда М. Зарэцкага — гэта нішто іншае, як пропаганда буржуазнай, бюргерскай, кулацкай ідэолёгіі Аглай у портках і спадніцах, якіх мы пазбаўляем паветра ў наш час рэконструкцыі гаспадаркі і культуры, ва ўмовах клясавай барацьбы, ва ўмовах моцнай дыктатуры пролетарыяту.

М. Зарэцкі, перарадзіўшыся з рэволюцыйнага пісьменьніка ў пісьменьніка дробна-буржуазнага, увесь час ішоў па шляху романтызму. Пакуль партыя праводзіла лінію на абмежаваньне кулака (толькі), пакуль нацыянал-дэмократы думалі аб магчымым перараджэньні Савецкага саюзу і Савецкай Беларусі ў бок капіталізму, — Зарэцкі быў рэволюцыйным пісьменьнікам. Але, як толькі надзеі буржуазіі, а ў тым ліку і нацыянал-дэмократаў на перараджэньне рухнулі, яны пачынаюць больш актыўна змагацца за свае позыцыі, і пры гэтым змаганьні выдаюць сваю сутнасьць цалкам. Так і з Зарэцкім. Апошнімі творамі Зарэцкі выдаў сябе, як дробны буржуа, нацыянал-дэмократ, бюргер.

Зарэцкі романтык. Усе характэрныя адзнакі дробна-буржуазнага романтызму вельмі лёгка дапасаваць да творчасьці М. Зарэцкага. Тэматычная абмежаванасьць, пераважнае месца быту інтэлігенцыі — ці не дапасаваны гэтыя дзьве адзнакі дробна-буржуазнага романтызму да творчасьці Зарэцкага? На наш погляд — цалкам! Той культ героя-выхадца з дробна-буржуазнай сям’і — характарная адзнака дробна-буржуазнага романтызму — ці не характарны для Зарэцкага, аўтара «Сьцежак-Дарожак», «Ворагаў», «Голага Зьвера» і «Крывічоў»? А тое расчараваньне ў сучаснасьці, пераацэнка нэгатываў, якое мы бачым ў творах М. Зарэцкага, ці не зьяўляецца адзнакай яго дробна-буржуазнай ідэолёгіі? І, нарэшце, танны эротызм у «Ой, ляцелі гусі», паталёгія ў «Голым Зьверы», наіўны псыхолёгізм у «Ворагах», — ці не зьяўляецца зьніжанай формальнай культурай, аднэй з адзнак дробна-буржуазнага романтызму. Адказы на гэта — станоўчага парадку. Іншых адказаў ня можа быць.

І вось той М. Зарэцкі, які ў свой час (у 1927 г.) быў актыўным стараньнікам роспуску «Маладняка», як масавай літаратурнай пролетарскай організацыі, цяпер бярэцца за вырашэньне творчых проблем пролетарскай літаратуры, даводзячы, што стылем яе павінен быць романтызм.

Што-ж у гэты час адбываецца на Украіне?

Аказваецца, там адбываецца тое-ж што і ў нас. Там Хвілёвы займаецца пропагандай «нэоромантызму». Розьніца толькі ў тым, што ў Зарэцкага — проста романтызм, а там романтызм з прыстаўкай «нэо».

Дазвольце спыніцца на гэтым пытаньні, скарыстаўшы для гэтага перадавіцу украінскай «Літгазэты» № 21 — 1929 г.

Вось як расцэньвае сітуацыю літаратурнага руху на Украіне орган Усеўкраінскай Асоцыацыі Пролетарскіх Пісьменьнікаў — «Літаратурная газэта» ў перадавіцы «На 13 рік революціи»:

«На сёньняшні дзень мала плятонічнай солідарызацыі таго, альбо іншага пісьменьніка з партыйнымі прынцыпамі ў галіне нацыянальна-культурнага будаўніцтва; на сёньняшні дзень пролетарская грамадзкасьць павінна вымагаць ад пісьменьніка актыўнага выяўленьня ў творах сваіх політычных сымпатый і сваёй гатоўнасьці падтрымваць агульную справу рэволюцыі. Кожны пісьменьнік павінен клясава самавызначацца, прыстаць да аднаго з лягераў…

…Клясавая барацьба ў літаратуры разгараецца. З аднаго боку яна выяўляецца ў адкрыта антысавецкіх, буржуазных выступленьнях («Красное Дерево» Пільняка), а з другога боку — буржуазія і яе «падшэфныя» з прамежных груп пераходзяць да замаскаваных пад тэорытычнымі лёзунгамі форм барацьбы, хаваюцца за шыльдаю спэцыфічна мастацкіх пытаньняў, сьвядома замаўчваюць той факт, што ўсе гэтыя. пытаньні вызначаюцца пэўнымі соцыяльнымі прычынамі.

І далей:

…Дыскрэдытацыю (пролетарскай літаратуры. Іл. Бар.) праводзіць рознымі мэтодамі: адны пішуць «памфлеты» (перапіска ў № 7 «Літярмарку») другія — тэорэтычна проціваставяць рэалізму романтызм у дробна-буржуазнай рэдакцыі гэтай плыні, трэція проста «сумняваюцца» і падкрэсьліваюць проблематычнасьць рэалізму, адсутнасьць сталых удасканаленых узораў гэтага стылю.

І нарэшце:

Барацьба навокал рэалізму і романтызму ў яго конкрэтных праявах і тэорытычных абагуленьнях — такі на сёньня тэорытычны эквівалент клясавай барацьбы ў літаратуры. З гэтага пункту погляду асаблівай увагі заслугоўвае «пазагруповы» альманах «Літярмарок», які фактычна становіцца цэнтрам романтызму розных адценьняў, аж да рэакцыйнай ідэалізацыі кулацкіх і нэпманскіх тыпаў у творах ів. Сенчэнкі, альбо-вершаваных рэбусах Драй-Хмары… «Шырокі ідэйны дыапазон романтычных «шуканьняў» гэтага выданьня (ад рэакцыйна-буржуазных да романтызму рэволюцыйнай дробна-буржуазнай інтэлігенцыі) мае ў сабе няпрыемныя адзнакі ідэолёгічнай «пазагруповасьці», што на сучасным этапе сябе ніяк не апраўдвае».

На Ўкраіне дыскрэдытацыя праводзіцца мэтадамі «памфлетаў» у «Літярмарку». У нас на гэты конт стараюцца ідэолёгі Узвышша — Купцэвічы, Трыеры і Ко, якія адзначаюць, што ў органе БелАПП’у часопісу, «Маладняк», толькі хроніка добрая. На Ўкраіне Хвілёвыя тэорытычна проціставяць рэалізму романтызм, у нас Зарэцкія выступаюць з тым-жа. А так званая «пазагруповасьць» часопісу «Полымя» да апошняга часу ці не нагадвала пазагруповасьць украінскага «Літярмарку»? Мала таго. Як Хвілёвы, пачынаючы з часоў II зьезду ВУСПП, зьбірае вакол сябе групу нэоромантыкаў з маладых украінскіх пісьменьнікаў, так тут, у нас на Беларусі, Зарэцкі выступае на адным з дыспутаў і заяўляе аб неабходнасьці організацыі групы пісьменьнікаў-романтыкаў. Ці ня ясна тут, што з боку Хвілёвых і Зарэцкіх адбываецца барацьба за маладыя кадры — свае пасьлядоўцы. Хто каго на літаратурным фронце. Тут іншай і гутаркі быць ня можа, як аб наяўнасьці на нашым літаратурным фронце абвостранай клясавай барацьбы.

І гэтая клясавая барацьба распальваецца з кожным днём больш і шырэй. Ды інакш і быць ня можа ў наш час, калі пастаўлена партыяй пытаньне аб ліквідацыі кулацтва як клясы, аб раскулачваньні, аб абязбройваньні кулака і нэпмана як экономічна, так і політычна. БелАППу, як баявому атраду пролетарскай літаратуры, неабходна пролетарскія крытычныя сілы сабраць на гэтай дзялянцы фронту і пачаць атаку, узброіўшыся тэорытычнымі ведамі. Гэта проблема барацьбы яшчэ пэўны час ня будзе зыходзіць з парадку дня.

У РСФСР у 1929 годзе быў таксама выкрыты цэлы шэраг выступленьняў у літаратуры з пропаведзьдзю буржуазных настрояў і ідэолёгіі. Асабліва «выдатным», якое знайшло рэзкае асуджэньне з боку пролетарскай грамадзкасьці, было выступленьне Барыса Пільняка, пісьменьніка, якога да 1929 году, да яго контр-рэволюцыйнага выступленьня ў замежным друку, з аповесьцю «Красное дерево», лічылі папутнікам.

Той, хто цікавіцца літаратурным рухам, ведае, што Барыс Пільняк вельмі пасьлядоўна за апошні год прыйшоў да «Красного дерева», у якім выявіў цалкам свой твар, як твар буржуа, прапагандуючы ў сваёй творчасьці кулацкую ідэолёгію.

Прыход да аповесьці «Красное дерево», быў праз «Повесть непогашеной луны», праз «Корни японского солнца», праз нарыс «ЧЧО», праз «Нижегородский откос». А «Красное дерево» толькі давяло круг Пільняковае ідэолёгіі да канца.

У той час, калі выдавецтвы і часопісы РСФСР адмовіліся друкаваць «Красное дерево» Б. Пільняка, Пільняк ідзе далей, — раптам у белагвардзейскім, бэрлінскім выдавецтве «Пэтрополіс» зьяўляецца ягоная аповесьць і там, у Бэрліне, выходзіць з друку.

Чым, як не вачмі буржуа, чым, як не буржуазнай ідэолёгіяй прасякнута Пільнякова «Красное дерево», у якім, як правільна зазначае «Литературная газета» № 90, ён аплёўвае жыцьцё і будаўніцтва Савецкага саюзу, даводзячы, што Савецкая рачаіснасьць туманная і беспрасьветная.

Нічым іншым, як выступленьнем нашых ворагаў, зьяўляецца «Красное дерево» Б. Пільняка, якія, вы вось толькі паслухайце, так характарызуюць наша соцыялістычные будаўніцтва:

…улучшая рабочий быт жилищным строительством, купили двухэтажный деревянный дом, привезли его на завод и распилили на дрова. Напилили пять кубов, ибо дом, как выяснилось, гнилой — годных бревен оказалось — тринадцать штук; к этим тринадцати додали еще 9 тысяч и дом постройли: и как раз тогда, когда завод закрыли, ибо хотя он и не имел дефицита, но не было и дохода. Новый дом остался пустым.

Б. Пільняк „Красное дерево“.

І адначасова вось у якім асьвятленьні паказваюць белагвардзейцам савецкую політыку на вёсцы:

— Мужики в те года «недоумевали по поводу нижеследующей непонятной им проблематической дилеммы», — как выражался Яков Карпович. В непонямании проблемы мужики делились: 50 примерно процентов и 50. 50 процентов мужиков вставали в три часа утра и клались в 11 вечера — работая от малого до великого, не покладая рук. Продналоги и другие повинности они платили государству аккуратно, власти боялись, и считались они не более ни менее как враги революции.

Другой процент мужиков имел по хате подбитой ветром, по худой корове и паршивенькой овечке, больше ничего не имели.

Весной им с города от государства давались семенные ссуды, половину которой они проедали, ибо своего хлеба не было, другую половину сеяли — колос от колоса, как голос от голоса: осенью у них потому ничего и не родило. Они об’яснили властям недород недостатком угноения от худых коров и паршивых овец… Государство «снимало с них продналог и семссуду» и они считались друзьями революции.

«Врагов» по селам всесторонне «жали», дабы переделать их в «друзей», тем самым лишить их возможности платить продналог, хаты их переделывали в стан, подбитый ветром…

Але гэтай нахабшчыны для Пільняка мала. Ён нездавальняецца гэтым і далей піша:

— В 1928 году с многих церквей посбрасывали колокола для треста Рудметалторга. Балками, бревнами и пеньковыми канатами в высоту колокол вытаскивали из колоколен и когда колокола повисали над землей, тогда их бросали вниз и до тех пор пока ползли колокола на веревках, они пели звучным плачем и этот плач стоял над звуками города. Падал колокол с ревом и «ухом» и погрузал в землю аршин до двух. В дни этой повести город стонад именно этими колоколами «древности».

Б. Пільняк „Красное дерево“.

Гэтых вытрымак з «Красного дерева» даволі, каб чытач зразумеў клясавую сутнасьць пільнякоў, якія ў вобразах Аглай зьяўляюцца ўнутраной савецкай эміграцыяй, і пры першым выпадку стараюцца апляваць сьлюною злосьці наша будаўніцтва, наш саюз з бядняцка-серадняцкім сялянствам, напружанасьць нашага будаўніцтва, якое вымагае максымальнага выкарыстоўваньня ўсіх магчымых сродкаў і рэсурсаў краіны. Хто, як не буржуа, як не мешчанін можа заўважыць стогн гораду ў тым факце, што званы ў Савецкім саюзе ідуць на пераплаўку для машын? Гул нашага соцыялістычнага будаўніцтва, гул індустрыяльных, поўных жыватворчай сілы, цэнтраў аглушае стогн старога памёршага чыноўніка, яго бабкі і сынка ў вобразе Пільняка.

Нездарма абудзіліся пасьля выступленьня Б. Пільняка паны Мілюковы ў «Последних новостях». І гэта характарна, што кожнае антысавецкае выступленьне адразу-ж падхопліваецца пісакамі варожага лягеру за граніцай. Паны Мілюковы бяруць пад сваю апёку Пільнякоў, паны Луцкевічы і Астроўскія бяруць пад апеку «нашых» Зарэцкіх, Дудароў

Сучасная літаратурная сітуацыя ў Грузіі мае таксама падабенства да сучаснага стану літаратурнага руху на Беларусі. У Грузіі існуе, як і ў нас, цэлы рад літаратурных груповак, пачынаючы ад Грузінскай Асоцыацыі Пролетарскіх пісьменьнікаў і канчаючы крайня-правымі грузінскімі нацыяналістымі, меншавікамі, выяўнікамі і «падшэфнікамі» ідэолёгіі як унутраной, так і эмігранцкай грузінскай буржуазіі.

Паколькі мэтай брошуры зьяўляецца — паказаць на наступ ворага ў літаратуры, паказаць на апошнія словы «Аглай у портках і спадніцах», пастолькі неабходна паказаць, што дзеецца ў правых пластох грузінскай сучаснай літаратуры, паказаўшы на агульнасьць буржуазных карэньняў з падымаючым галаву беларускім нацыянал-дэмократызмам і яго ідэолёгамі.

У Грузіі, як піша часопіс «На рубеже востока» № 6 1929 г. (орган ЗакАПП):

«У правых рэакцыйных пластох грузінскай літаратуры, як і раней, займаюць віднае месца бязьдзейнасьць і маўчаньне. Але, разам з тым, літаратурныя факты апошніх год выявілі, што яны зрабілі ўжо спробу перайсьці ў наступ.

Як і раней адным з галоўнейшых і лютых нашых ворагаў зьяўляюцца нацыянал-дэмократычныя настроі. Нанава ідзе бессаромны гандаль нацыяналістычнымі пачуцьцямі ў формах выразных і захованых.

Нанава зьяўляюцца ўздыхаючыя па «Грузіі ў чаркесцы» прадстаўнікі дэгенэратыўных князёў і буржуа, — са сваім былым Юр’ем і Джварскім манастыром.

Адзін з іх у імя «адвечнай нацыянальнай» монумэнтальнасьці лічыць Загэс[4] няпрыгожым і пазбаўленым монумэнтальнасьці і супроцьпастаўляе яму монастыр крыжу (Джварскі).

…Другі рэакцыйны зьменавехавец прысьвячае оду таму-ж Загэсу ў імя таго-ж «нацыянальна вечнага».

„На руб. вост.“, ст. 8.

Такім чынам, як у нас, так і ў Грузіі адбываюцца процэсы нацыянал-дэмократызму з пэўным іх выяўленьнем у літаратурных творах.

Той капіталістычны шлях разьвіцьця сельскай гаспадаркі Беларусі, які пропагандуецца М. Зарэцкім у «Падарожжы на Новую Зямлю», мае месца ў грузінскай літаратуры. У Грузіі пісьменьнік Джавахашвілі адкрыта ў сваёй творчасьці высьмейвае колгасы, як аб гэтым паведамляе часопіс «На рубеже востока». А трэба сказаць, што некалькі год таму Джавахашвілі лічыўся ў сучаснай грузінскай літаратуры левым папутнікам, адным з рэволюцыйных пісьменьнікаў. І тут мы бачым такі самы адыход направа, у лягер Аглай, як гэта сталася з Зарэцкім.

Джавахашцвілі выразна паказвае свой буржуазны твар у творы «Чорная скала», дзе з абурэньнем выступае супроць пролетарыяту, які, як поўнапраўны гаспадар, становіцца ня толькі на чале экономічнага росту краіны, але і пачынае авалодваць культурнымі позыцыямі.

У Хвілёвага Аглая адкрыта: прапаведуе ідэолёгію новай буржуазіі, яе наступ, а Джавахашвілі становіцца на фронт барацьбы, з заклікам змагацца з рабочымі:

— Няхай яны (рабочыя) будуць брукаваць вуліцы, альбо чысьціць боты — поэт у іхнія справы ня лезе. Калі гэта так, дык няхай і яны ня ўрываюцца ў наша царства з сваім венікам, шылам і палкаю.

І вось, мае сябры-наступайце! Беце; каб яны ўцякалі ад вас, але толькі цішэй ты, Гіві Шадуры, а то даведаюцца і самі цябе выкрыюць.

У нас, на Беларусі, у свой час шырока абмяркоўвалася поэма Ул. Дубоўкі «І пурпуровых ветразей узьвівы», дзе героямі поэмы былі двое — Лірык і Матэматык. Ня трэба доўга разважаць, каб зразумець, што пад матэматыкам Дубоўка разумее пэўную групу людзей, у якіх розум пераважае над пачуцьцямі, і наадварот — пад лірыкам — антыпод. На працягу ўсяе поэмы Дубоўкі адбываюцца спрэчкі паміж Лірыкам і Матэматыкам, вырашэньне якіх аўтар пакідае чытачу, выразна стаўшы, як аўтар, на бок лірыка.

Памянёны-ж вышэй грузінскі буржуазны пісьменьнік Джавахашвілі пайшоў далей за Дубоўку. Тое, што было недасказана ў Дубоўкі — дасказана ў Джавахашвілі ў апавяданьні «Цытэлі гілі»:

— Розум — найвялікшы райца, але ён нічога вялікага не ствараў, не ратаваў чалавецтва ад эгіпецкага палону, не запаляў аўтароў на сёмым небе, справы-ж, падобныя казкам, толькі поэты і юнакі рабілі. Толькі юнак (? Іл. Б) можа выратаваць чалавецтва ад палону, толькі ён можа зьмесьці цьвіль са скляпоў на могільніках і зьвярнуць страчаны рай. (? Іл. Б.).

Дубоўка ў поэме спрачаецца аб «самабытнасьці» нашага культурнага будаўніцтва, гаворыць, што матэматык можа недалічыць, памыліцца, затое лірык павінен застацца правым. А Джавахашвілі выразна гаворыць, што «юнак» (ён вельмі падобны да лірыка Дубоўкі) можа выратаваць «чалавецтва» ад бальшавіцкага палону, зьмесьці цьвіль са скляпоў грузінскіх цароў і царыц; зьвярнуць «страчаны рай», страчанае панаваньне грузінскай буржуазіі. Гэты пісьменьнік выразьней выразнага кажа:

— Мы пакінулі вялікую радасьць і шчасьце, а ў будучыні нас чакае сум і журба. Я ўпэўнены ў гэтым і позна, юнак, мяне цяпер перапэўніць.

— Мне часта здаецца, што над грузінскім мастацтвам вітае сьмерць.

Цытую з часопісу „На рубеже вост“. № 6 — 1929 г., ст. 13-17.

І Дудар у сваім вершы «Лясун», і затым у апошнім сваім контр-рэволюцыйным выступленьні, у вершы «Пасеклі наш край» гаварыў прыблізна тое самае. Гаварыў аб тым, што ў лясуна адбіраюць апошні корч. Джавахашвілі гаворыць выразьней аб сьмерці над грузінскім мастацтвам. І яны абодва не памыляюцца, Як над беларускай буржуазіяй, так і над грузінскай буржуазнай культурай вітае сьмерць, бо ўжо ідуць колёнамі масы пролетарыяту і гоняць з апошняга струхнелага карча старога лясуна…

Ня раз мы чыталі і чулі заявы з боку часопісу «Узвышша» аб тым, што ўзвышанцы за вечнае мастацтва, за мастацатва, якое ўбачаць вякі і народы. Ідэі гэткага мастацтва мы сустракаем у часопісу грузінскіх крайніх правых буржуазных пісьменьнікаў у часопісу «Кавкасиони», які выдаецца на грошы замежнай грузінскай буржуазіі.

Даслоўны лёзунг часопісу: наша ідэя — вечнае мастацтва, якое ніколі не старэе.

І вось пачытаем, што пад выглядам вечнага мастацтва дае чытачу часопіс «Кавкасиони».

Прыводзім адтуль верш:

НАШЫ АДДЗЕЛЫ.

Люблю я сумную пустыню — Крцанінскі стэп
Вялікае адзіноцтва, Іраклія[5] і тугу яго.
Іраклі! Клічуць цябе нашы рады,
Каб разам ісьці і Крцаніскія думы несьці.

Прыдзі, Іраклі! Наш аддзел кліча цябе,
Выбярэм палкоўнікам, ане царом ты гэта ведай!
Мы пераможам кіпучую Куру і Рыён,
Наведаем Чорнае мора, будзем клікаць да цябе стыхію!

Іраклі! Перапоўнена пагардай наша памяць,
Мы вар‘яты Грузіі, ты не абражайся.

Вось як, таварышы, лёгка выкрываецца політычны твар нашых ворагаў. Як бачыце, вельмі карысна ня быць абмежаваным у межах свае рэспублікі, а кінуць вокам шырэй. Бо тое, што недасказана буржуазіяй і яе «падшэфнымі» ў адным нацыянальным лягеры, тое сказана і перасказана ў другім, і наадварот.


Падагульваючы ўсё вышэйсказанае, мы можам канстатаваць напружанае становішча клясавай барацьбы на літаратурным фронце. Контрнаступ буржуазіі розных нацыянальнасьцяй мае адзіны фронт ва ўсім Савецкім саюзе, і таму, для пасьпяховай барацьбы, з мэтай ліквідацыі буржуазіі як клясы і яе ідэолёгіі, патрэбна консолідацыя ўсіх комуністычных, пролетарскіх літаратурных сіл цяпер больш, чым калі-б гэта ня было.

Наша наступленьне павінна быць асабліва бязьлітасным на фронце літаратуры. Нам трэба выяўляць клясавага ворага, які да гэтых часоў хаваўся пад маскай папутніка і цяпер перайшоў у контрнаступ, паказаўшы свой сапраўдны твар.

Трэба на літаратурным фронце змагацца і выкрываць, і навочна паказваць прыроду тых, хто па-прымірэнцку глядзіць на так званае «нацыянальнае адзінства». Нацыянальнага адзінства няма і быць няможа. Замест гэтага мы павінны выступаць з лёзунгам клясавай барацьбы ўнутры нацыі. Тады, і толькі тады, будзе забясьпечана гегемонія пролетарскай літаратуры.

У кірунку марксыцкай крытыкі і пролетарскай публіцыстыкі мы павінны змагацца з тым эклектызмам у крытыцы, ідэалізмам, які знаходзіць да гэтага часу, на вялікі жаль, месца на старонках савецкіх часопісаў і газэт. Наша марксыцкая крытыка павінна ў процэсе работы над літаратурным матэрыялам паказаць, што эклектычная крытыка не даацэньвала, і не даацэньвала сьвядома, дасягненьні беларускай пролетарскай літаратуры, замоўчваючы факты наяўнасьці новых узораў пролетарскай літаратуры, і ў той-жа час рабіла пераацэнку дробна-буржуазнай літаратуры, эстэтычна смакуючы яе.

Крытыка павінна мець вельмі вострае клясавае пачуцьцё пры ацэнцы соцыяльна-шкодных твораў і, нарэшце, — апошняе — даць рашучы бой пропагандзе романтызму, якая паходзіць з чужога нам лягеру.

Пролетарская публіцыстыка павінна памагаць нашым марксыцкім сілам у популярызацыі іхных тэорытычных довадаў, сярод шырокіх працоўных мас.

Гэта бязумоўна дапаможа ў нашай клясавай барацьбе, якая адбываецца, ва ўмовах якой нараджаецца новая культура, літаратура і мастацтва, аб якіх гаварыў тав. Сталін у прамове на сходзе студэнтаў Комуністычнага унівэрсытэту працоўных усходу, 18-га мая 1925 г. так:

— Мы будуем пролетарскую культуру. Гэта зусім верна. Але верна і тое, што пролетарская культура, соцыялістычная па свайму зьместу, прымае розныя формы і спосабы выяўленьня ў розных народаў, уцягнутых у соцыялістычнае будаўніцтва, у залежнасьці ад розьніцы мовы, быту і г. д.

Пролетарская па свайму зьместу, нацыянальная па форме, — вось тая агульна-чалавечая культура, да якой ідзе соцыялізм. Пролетарская культура не касуе нацыянальнай культуры, а дае ёй зьмест. І, наадварот, нацыянальная культура не касуе пролетарскай культуры, а дае ёй форму.


ЦАНА 20 кап.



  1. У сьнежні м-цы 1929 г. М. Зарэцкі выключаны з КП(б)Б.
  2. Тут і ўсюды падкрэсьлена намі
  3. У гэтым кірунку асабліва заўзята працаваў нацыяналісты Ластоўскі, які, седзячы ў Коўні, „тэорытычна“ абгрунтоўваў свае нацдэмаўскія погляды на грошы літоўскіх кулакоў.
  4. ЗАГЭС — Закаўкаская Гідро-электростанцыя.
  5. Іраклі — Грузінскі цар.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.