Перайсці да зместу

Буралом (1925)/З песьняў сонца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перад помнікам Карла Маркса З песьняў сонца
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1925 год
Маладой гвардыі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песьняў сонца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З песьняў сонца.

Апраніся ў сьвяточную сьвітку,
Кінь у тхлань паднявольніцу — спадчыну,
Адгані думкі цьмы — недабіткі
З кроснаў матчыных!

Панскі біч ня гудзе над плячыма,
У палацах загібла сваволія.
Сустракай-жа вясёла вачыма
Комсамолію!

Комсамол мкнецца ў вёскі і сёлы,
Нібы вырай на вашыя гонейкі,
У цемру кідае сьмела, вясёла
Яснасонейка.

Ён з мазольнай рукою к вам рвецца,
Ён — тварэц новых дзён, шчасьця новага —
Адрывае пагніўшыя вецьці
У дуброве ён.

Маладняк наражае багата,
Ўвесь пранізаны творчаю працаю;
Чыніць новыя сьветлыя сьвяты
У новай хаце ён.

Комсамолься, сяліба ратая,
Заіскрыся чырвонай частушкаю.
Хай жняя твая песьню сьпявае
Вольнай птушкаю.

Выкінь вон гультаёў — багамолаў,
Што туманілі думкі званіцамі.
Парабі ўсе капліцы на школы,
Каб вучыцца ў іх.

Малы ўнук, сівы дзед і жанчына
Хай праз кніжку са сьветам знаёмяцца.
Асьвятліцца ў часы адпачыну
Ўся ваколіца.

∗     ∗

Брыльлянтовым дажджом,
Жар-маланкай, агнём
Заіскравіць электрыка, радыё.
Самалёт над сялом
Лёгкапрыткім крылом
Зачаруе грамаду прынадаю.

∗     ∗

І прашчураў мары
На нівах-абшарах
Спраўдзяць унукі ў жыцьці.
Пад сьцяг Комсамолу,
Моладзь па сёлах,
Ідзі!

Менск, 1923 г.