Будзьця цьвёрды
Будзьця цьвёрды Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 18, 8 мая 1914 г., б. 1 |
Будзьця цьвёрды.
«Чым далей у лес—тым болей дроў» — кажэ прыказка. Гэтак і у жыцьці палітычным, грамадзянскім і моральным Расеі: чым далей правіцельство і кіруючые партіі ідуць у старану рэакціі — тым болей набіраецца фактоў цёмных, дратуючых душу кожнаго чыстаго чэлавека. Робіцца цяжка жыць у густой, перапоенай чэлавеканевавісьнічаствам атмосфэры.
Колішняе яснае, чыстае, скромнае, а вялікае і сьветлае,—грубіянска аткінута цяперашнім дзікім, бязстыдным у сваей грубасці…
Трэба асаблівых часоў і варункоў, каб нарадзіліся такіе «гасударственные» людзі, кіраўнікі грамадзкіе, каторые-бы важыліся з Думскай трыбуны плюнуць усяму чыстаму у душу і выхваляць і пропагаваць шпіонства, сышчыцтва, як гэта зрабіў апошнімі часамі Пурыпі-кевіч.
Запраўды асаблівые перэжываем часы.
А таварыство Філарэтчыкоў?
Ганьба, ганьба!
І вось, у кім ешчэ гарыць душа: каго гразкае балота панурай сучаснасці не засмактало, хто ешчэ не ўтраціў веру у добрае—вечнае—у гэты страшные часы, — не гасіця, не хавайця сьвяцілень сваіх! Усё благое, сучаснае, як чорная хмара праміне і настане ясны дзень.
Адно толькі каб вытрываць! Адно толькі, каб цьвёрда стаяць і благое—благім, а добрае—добрым называць не хаваючыся.
Не хаваючыся, браты, ваюйця с кожнай непраўдай, с кожным брыдкім паступкам.
Шануйця імя сваё чэлавеччэ і непападайця у рабство—няволю духа. Нявольвіцтва — гэта найвялікшы непрыяцель праўды і справядлівасці…
Сьмела і аткрыта ніхай кожны бароніць сваіх, справядліва належачых яму правоў і праўда запануе ва сьвеці.
Але у вайне з ворагам паступайця справядліва і ні малога, ні вялікаго яму належачаго не пажадайця і не давайця свайго.
Бо хто ня ўмее бараніць сваіх правоў, той раб і нявольнік з духа і ня верця яму, бо ён можа стацца зраднікам.
Будзьця цьвёрды у праўдзе і справядлівасці, і у адстаіваньні належачаго вам.
А гэтак паступаючы зробіця слаўным імя сваё і збудуеця сьветлую будучыну тым, што па вас настануць.
Юры Верэшчака.