Браты! Дакуль мы будзем спаць?
Браты! Дакуль мы будзем спаць? Верш Аўтар: Алесь Гарун 1914 Крыніца: https://knihi.com/Ales_Harun/Braty_Dakul_my_budziem_spac_spz.html |
Браты! дакуль мы будзем спаць
Страшэнным сном, бо сном магілы?!
Браты! ці не пара ўжо ўстаць —
Да працы ўзяцца што ёсць сілы?!
Увакола нас жыццё кіпіць,
Мы — толькі мы — яшчэ спімо,
Калі ж народным жыццём жыць —
Калі мы ўрэшце пачнямо?!
Над намі хмурны вісяць ночы,
І громы бед не будзяць нас,
Бо закрываем свае вочы —
Не бачым, як народ уграз...
Ў лята*ргу грозным лежымо,
І страх бярэ яго прарваць,
Ды дзіўны сны падчас снімо,
Што трудна нават расказаць...
Што мы — не мы! нам нат здаецца,
Вялікасць інша нас дурыць —
І сэрца шмат каго з нас б’ецца,
Каб як для іншых толькі жыць...
Чужое славіць слаўна імя
Сваёю працаю-крывёй
І жыць ў затрутым славай дыме —
І гінуць... гінуць, Божа мой!
Для краю гінуць — для братоў,
Збяднелых, цёмных і няшчасных,
Што мучацца вось ад вякоў,
Не маючы дзён жыцця ясных...
І гінуці для роднай мовы
Сваіх бацькоў і запрадзедаў,—
Браточак мой! ах, каб ты ведаў —
Страшэнна гэта рэч... гатовы
Хутчэй дык я на смерць лютую,
На вечны ў пекле цяжкі мукі —
Змяніць чым мову на чужую,
Здрадзіцелем чым быці ўнукаў!..
Браты! Кругом жыццё кіпіць,
А мы й далей яшчэ спімо...
Калі ж народным жыццём жыць,
Калі мы ўрэшце пачнямо?!
Даволі спаць! І вон што злое —
Магільны сон пара прарваць...
Нашто нам толькі ўсё чужое?
Пара да працы сваёй ўстаць!..
Пара! Пара! Нясецца стон
Вялікі, громкі з-пад магілы,
Шумяць лясы з усіх старон —
Пара устаць, злучыць нам сілы!
Рука у руку, усе разам,
З вялікай думкаю адной,
Як за цудоўным нам абразам —
Усяго народу грамадой —
Павінны ўстаць, ісці мы дружна
Па лепшу долю прышлых векаў!..
Даволі жыці нам з ялмужны!..
Пара мець імя чалавекаў!..