Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Сыходзіш, вёска, з яснай явы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вечарынка Сыходзіш, вёска, з яснай явы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Хвалююцца морскія хвалі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сыходзіш, вёска, з яснай явы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЫХОДЗІШ, ВЁСКА, З ЯСНАЙ ЯВЫ…

Як сон маркотны, нежаданы,
Сыходзіш, вёска, з яснай явы,
А твой народ вернападданы
Імкнецца, скінуўшы кайданы,
Да новай долі, новай славы.

У поле выйдуць твае людзі
З інакшым складам і прыладай:
У грамадзе сяўба іх будзе,
Смактаць не будзе вызыск грудзі,
Адна верх возьме думка-рада.

З жабрацкай торбай твой патомак
Не пойдзе па сібірным шляху
Шукаць прытулку, як бяздомак:
Жудкі гісторыі абломак
Пад сказ дзён бурных згібне прахам.

Гарбы тваіх нямых курганаў,
Дзе спяць нявольнікі і князі,
Парэжа сталь, як нож баранаў,
і спражыць полымя буянаў,
Каб цвет зацвіў на гразкай гразі.

Дзе за пасёлкам лёг пасёлак,
Гіганты ўзнімуць сцяг бунтарны,
І ў блісках квецістых вясёлак,
Дым гасячы лучын і смолак,
Зайскрыць электрыка ўладарна.

Тваіх жалеек спеў гаротны
Патопча трактарнае кола,
А сейбіт твой, дасюль самотны,
Абцёршы сонцам воблік потны,
Пад крыж не пойдзе енчыць квола.

Твае трухлявыя калёсы
Аўто бензінаю спапеліць,
А твой касец проставалосы
Мазольныя паломіць косы,
Гнуць плеч не будзе ля аселіц.

Твая дзяўчына пры кудэлі
Сляпіць не будзе ясных вочак:
З жалеза прасніца надзеліць
Сукном і шоўкавым кужэлем
Сваіх сялян, сваіх рабочых.

Твае сівыя забабоны
Усмерціць радыевы гоман,
І ў тон зайграюць зорнатонны,
Забыўшы крыўды і прыгоны,
Адвечны бор, адвечны Нёман.

Лясун з русалкаю пакіне
Палохаць сонныя сялібы,
І вадзянік загіне ў ціне,
Спадзе з хаціны павуцінне,
Заскача сонца ў срэбных шыбах.

Над вежамі тваіх бажніцаў
Фабрычны комін возьме ўладу,
А звон збянтэжаных званіцаў
Гудку жывучая крыніца
Заглушыць гулкім гудам-ладам.

І будуць ладзіцца год кожны
На новы лад, на новы звычай
Дзяды Кастрычнікавы збожна,
А кожны год больш пераможна
Для свята волі бунтаўнічай

Ты сыйдзеш, вёска, з яснай явы,
Як сон маркотны, нежаданы,
Бо твой народ вернападданы
Ідзе ўжо, скінуўшы кайданы,
Да. лепшай долі, лепшай славы.

Менск, лістапад 1929 г.