Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Спадчына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песня і казка Спадчына
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Песня (Як крыніца, льецца, рвецца)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Спадчына (Купала, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СПАДЧЫНА

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладбішчы.

І ў белы дзень і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з‘едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светыч-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.

Жыве з ім дум маіх сям‘я
і сніць з ім сны нязводныя…
Завецца-ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

19/IX-18 г.