Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Май

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заўсёды наперад Май
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Песня і казка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Май (Да нас у госьці май прыходзіць…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЙ

Да нас у госці май прыходзіць,
А з новым шчасцем кожны год, —
Заводзіць песні ў карагодзе,
А ў карагодзе сам народ.

Жалобай думкі аб мінулым
Замітусіцца ў нас падчас, —
Наскочыць радасць гудам-гулам,
І май нас повен ясных крас.

Гармонік рэжа, бубен б‘е…
Гэй, грай, музыка, ў родны тон
І аб мінулай барацьбе,
І аб здабытках нашых дзён!

*

Да нас у госці май прыходзіць,
Як не прыходзіў у веках, —
Спявае песні аб свабодзе
На полі, ў моры, ў рудніках.

Спявае дзецям калыханкі,
Прыгожыць кветкамі сады,
Вядзе сялянаў і сялянкаў
На шлях шчаслівы, малады.

Бурляць крыніцы, бор шуміць,
Рунее зелена загон.
Як не спяваць тут, як не жыць
У казках-былях нашых дзён!..

*

Да нас у госці май прыходзіць,
Як той старанны гаспадар, —
Глядзіць, як поле наша родзіць,
Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар.

І бачыць, як за год звычайны,
Што адлічыў свае ўжо дні,
Была ў нас праца ураджайнай,
Аб чым наш продак і не сніў.

І танк і трактар, і камбайн
Пасведчаць, што гэта не сон.
З лясоў, капальняў і палян
Дабро йдзе к нам — скарб нашых дзён.

*

Да нас у госці май прыходзіць
І аглядае рубяжы,
Дзе пагранічнік наш не зводзіць
Вачэй з варожае мяжы.

І вокам бача май празорным:
Жывём спакойна ля граніц,
Спакойна сеем збожжа зёрны,
Спакойна п‘ем ваду з крыніц.

Зямлі, людзей і родных хат
Нікому не дамо ў палон,
Не апаганіць вораг-кат
Шчаслівых, вольных нашых дзён.

*

Да нас прыходзіць май у госці
бачыць, як той яснавід, —
Стаім скалою на фарпосце,
Заставы нашы, як граніт.

Сталёвая пільнуе варта
Спакой совецкае зямлі,
Байцы не дрэмяць поўны гарту,
На крыллях — нашы патрулі.

Хай-жа руку на нас, як гад,
Падыме вораг-ліхадзей, —
Не вернецца жывым назад, —
Свабодных не скаваць людзей!

*

Да нас прыходзіць май у госці
І ўспамінае ў свята свят
Герояў, што злажылі косці
У бітвах за совецкі лад.

Шумяць пад імі ясакоры,
Шасцяць чырвоныя сцягі,
Унуку дзед свайму гавора,
Хто у магіле спіць такі.

Бы срэбрам выснутую ніць,
Унуку думкі дзед снуе,
Як трэба волю бараніць,
Як уміралі за яе.

*

Прыходзіць май дваццаты ў госці,
А з падарункамі ідзе,
Уцеху буйнай сыпе горсцю
Святочна ўбранай грамадзе.

Ён Канстытуцыю прыносіць —
Веквечны Сталінскі закон —
Для нас, для ўсіх, хто сее, косіць,
Для ўсіх народаў і старон.

Лісты дубовы й каласы
Наш родны аздабляюць герб,
На ім невянутай красы —
І молат і сталёвы серп.

*

Да нас прыходзіць май у госці,
А вые дыверсант, трацкіст,
Рве валасы ў звярынай злосці
Крывёй абрызганы фашыст,

Бушуйце, каты! Нам зараза
Не страшна ваша й ваш разбой…
Смяемся з маем нашым разам
І весялімся грамадой.

Гармонік рэжа, бубен б‘е…
Гэй, грай, музыка, ў родны тон
І аб мінулай барацьбе,
І аб здабытках нашых дзён.

Менск, 24-IV 37 г.