Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Лён

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Алеся Лён
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
На нашым полі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лён.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЁН

Як на поле, на зямлю
Прышла раніца вясны,
Я пасеяла ў раллю
Жмені зёран ільняных.

Неба сеяла цяпло,
Цёплы дожджык церушыў,
Ў думках радасна было,
Беглі песні ад душы.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Як расці стаў, як падрос,
Як лісткі ўзняў дагары, —
Лён палола з ранніх рос
Да вячэрняе зары.

Сэрца ныла, бы з нуды,
Бы сама была не ўся, —
Спадабала я тады
Брыгадзіра Міхася.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Як адцвіў ды як надзеў
Лён галоўкі на сябе,
Быў не горш, як у людзей,
Мела шчасце я ў сяўбе.

Рваць ішла яго ў снапы,
Пела песні аб вясне,
Брыгадзір лічыў капы,
Час ад часу моргаў мне.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Як ішла лён абіваць,
Пад нагамі цёрся жвір, —
Нібы семя арфаваць,
За мной следам брыгадзір.

А мой пранік лясь ды лясь
Па гліняным па таку,
Падышоў бліжэй Міхась,
Мне паклаў за стан руку.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

А як слала я лянок
На зялёным на лугу,
Дзе папаўся Міхасёк,
Цалавала набягу.

Сэрцу лёганька было,
Цэлы свет — вясёлы рай,
Хоць і восень, а святло
Так і льецца цераз край.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!</poem>

Змяла ў мяльніцы я лён,
Адтрапала лён траплом, —
Засвяціў, як цудны сон,
Лён шаўковым валакном.

Промень ясны загуляў
Па страсе і па сцяне…
Хату новую стаўляў
Брыгадзір мой для мяне.

Ой, лянок, лянок мой чысты,
Валакністы, залацісты!

Ляўкі. Аршаншчына.
Чэрвень. 1935 г.