Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/З угодкавых настрояў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Летапіснае З угодкавых настрояў
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Барысаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: З угодкавых настрояў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З УГОДКАВЫХ НАСТРОЯЎ

Да дзесяцігоддзя Кастрычнікавай рэволюцыі

1

Як пабег тады той
Вокліч ды па хатах…
Гэй, на сход зыходзься!
Дзень ідзе расплаты.

Выпала часіна
Падвясці злічэнне
Крыўды векавечнай,
Вечнага цярпення.

Помстай за знявагу
Ды за катаванне
Дзякаваць удзячна
З вечара да рання.

Кузні і палеткі
Чысціць днём і ночай
Ад крыві мужыцкай,
Ад крыві рабочай.

Хай дымяць пажары
Тут і там крывава,
Каб было скрозь відна,
Як ідзе расправа.
............

І ўздрыгнуў сатрапа
Задрыжэў багаты,
Як пабег тады той
Вокліч да па хатах.

2

„Ад Тайгі да Брытанскіх марэй“
Ходзяць ходам бунты;
Ад магнацкіх, ад панскіх дзвярэй
Затрашчэлі шпунты.

Уцякай, хто пад пухам апух,
Падкасаўшы полы.
Бо ўзбудзіўся збунтараны дух,
Бо йдзе босы, голы.

Як у высі ў вырай плылі,
Гагаталі гусі,
А у нізе гнуўся лес да зямлі,
Нібы старац, гнуўся.

Дзе сякуць, там лятуць шчэпкі проч,
Соладка ці горка,
Дзе прапала кароўка за ноч, —
Прападай вяроўка.

Ірзуць коні, калёсы скрыпяць
Ад Дону да Бугу,
Калі гнаць, то ўжо гнаць аж у гаць,
Распінай папругу.

Не прыставіш да сценкі, цябе
Аж да двух прыставяць,
і ніхто ні ў мальбе, ні ў кляцьбе
Ад пятлі не збавіць.

Гэй, каваль, дзьмі ў мяхі, а сталь грэй
Да самага грунту…
„Ад Тайгі да Брытанскіх марэй“
Ходзяць ходам бунты.

3

Не елася, не спалася,
Куды там падвяселіцца.
Як гэта раскілзалася
Чырвоная мяцеліца.

Ідзе моц непакорная,
А следам — кпіны, гоманы,
Як тыя дымы чорныя
Над пушчаю паломанай.

Шушукалі, хіхікалі
Падсуседзі дасужыя,
Назад вярнуцца клікалі —
З натугі, бач, нядужае.

Куды вам лезці з віламі? —
Так пальцам з боку тыцкалі:
Як выйдуць проць з крапіламі
Ды з кулямі англіцкімі.

Не справіць вам уходзінаў
На новае паселішча,
А сцежка, вамі пройдзена,
Абернецца ў папелішча,

Супроць сусветных правілаў
Не вам ісці з паходняю…
Так сыкала, так правіла
Падсуседства прыгоднае.

4

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

Запалялася сонца аб сонца
Агніста,
Пасыпаліся косці пасыпкай
Вячыстай.

Рассыпаліся прыскам палацы
І вежы,
Гудам водгулле-рэха ляцела
За межы.

А з-за межаў — чужынцы, як злыдні,
На пашу,
Каб суняць вызваленне і помсту
Паўстаўшых.

Тры-чатыры так восені счэзлі
Руінай,
Як змаганне ішло пераможна,
Няспынна.

Уцякала за ночкаю ночка
За горы,
Паласкаліся ў росах чырвоных
Разоры.

5

Зацымбалілі цымбалы,
Забубнілі бубны,
Як вярталіся з паходу,
З бойкі вельмі труднай.

Сустрачалі маткі, сёстры
І з блізка, і з даля,
Адны плакалі ад шчасця,
Другія ад жалю.

Падлічалі, вылічалі,
Шмат не далічылі…
Ой, вяліку дань аддалі
Варожае сіле!

Ля гасцінцу, ля дарогі
Курганок віднее,
А на ім — штогод вяночак
З беленькіх лілеяў.

Не забылі добры людзі
Ваяка за долю,
Што злажыў сваю галоўку,
Як травінку ў полі,

Не забылася дзяўчына
Курганка ля шляху:
Кожны год вянок прыносіць
І кладзе без жаху.

Зацымбалілі цымбалы,
Забубнелі бубны,
Як вярталіся з паходу,
З бойкі вельмі труднай.

6

На дзесятыя угодкі,
Хоць ноч доўга, дзень кароткі,
Разважае ўвесь народ,
Які вышаў умалот.

Дзе якое было жніва,
Ці ўрадліва, ці шчасліва;
Суды судзяць так і сяк,
Хто прасцей, хто накасяк.

На дзесятыя угодкі,
Паламаўшы загародкі,
Меншы, большы гаспадар
З перамогі цягне дар.

Той — сноп жыта, той аўчыну,
Той — шасцерню на машыну,
А кум — куму, свату — сват,
Хай жыве ўжо новы лад!

На дзесятыя угодкі
Варма вараць мёд салодкі,
А па мёдзе — рукі ў бок
Ды у скокі крок-у-крок!

Скача горад, скача вёска,
Адно іскры з-пад падноскаў…
Скачы, ўнуча, скачы, дзед,
Ад пабедаў да пабед!

Менск. 29/X 1927 г.