Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Дзве сястры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хлопчык і лётчык Дзве сястры
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Для тых, якіх люблю
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзве сястры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗВЕ СЯСТРЫ

На тутэйшай зямлі
Дзве сястрыцы жылі,
Як забытыя ў лесе каліны;
Жыватворных крыніц
Не было для сястрыцы, —
Яны вялі і сохлі націнай.

Як надыйдзе вясна,
Ў чыстым полі адна
Аж да восені сілы губляла,
А сцюдзёнай зімой
У хаціне курной
Кужаль прала, снавала і ткала.

А другой з года ў год,
Выядаў, як той крот,
Дым фабрычны дзявочыя вочы;
А дзявочу красу,
Нібы тую расу,
Піў цагляны падвал цёмнай ночай.

Сярод гора і мук
З працы гнулася ў крук
Так адна, як ад ветру каліна,
Ды пяяла з нуды,
З непацешнай бяды:
Ах ты, доля—няволя жанчыны!

А другая ў людзей
Гадавала дзяцей,
Не зазнаўшы прасветнай часіны;
Ды таксама скрозь сон
Чуцен быў яе стон:
Ах ты, доля—няволя жанчыны!

Ой, настаў ужо час
Пашукаць іншых крас,
Як дагэтуль вы мелі, сястрыцы.
Голас ваш малады,
Адчураўшысь нуды,
Забурліць хай бунтарскай крыніцай!

Годзе кіснуць, марнець,
Песні смутныя пець, —
Ладзіць новую час гаспадарку!
Казкі новыя ў свет,
Дум палаючых цвет
Кінь, сялянка, з сястрой пролетаркай!

Менск. 1924 г.