Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Дарогі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Для тых, якіх люблю Дарогі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Новая восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дарогі (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАРОГІ

Дарогі вы шасейныя,
Шчаслівыя дарогі,
Істужкамі паслаліся
На нашыя разлогі.

Праз поле ўраджайнае,
Тарфяныя балоты,
Праз пушчы векавечныя
Ляглі вы пазалотай.

Ніколі вы не дрэмлеце,
Ад ранка і да ранка,
Па вас машына коціцца
І конная фурманка.

І пешаходам весела —
Малодшы ён, ці старшы,
Байцы Чырвонай арміі
Ідуць паходным маршам.

Грузавікі з таварамі
Бягуць на ўсе староны,
З лістамі віншавальнымі
Шнуруюць паштальёны.

Злучылі з гулкім горадам
Спакойныя разлогі,
Дарогі вы шасейныя,
Шчаслівыя дарогі.

З бяспуцця непраходнага
З калдобін-катлавінаў
Ты выйшла, ордэнаносная,
На роўны шлях, краіна.

Ляўкі, Аршаншчына.
Чэрвень 1935 г.