Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/А ў Вісле плавае тапелец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зашуміць, загудзіць А ў Вісле плавае тапелец
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Адзінаццаць месяцаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: А ў Вісле плавае тапелец…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А Ў ВІСЛЕ ПЛАВАЕ ТАПЕЛЕЦ

Балюе панская Варшава,
Бы дзень сканання хмелем хмеліць…
А Вісла пеніцца крывава,
А ў Вісле плавае тапелец.

Шасцяць мундзіры, аксаміты,
Агнямі зыркаюць палацы,
Крывёй работніцкай заліты
Завулкі, вуліцы і плацы.

*

Балюе панская Варшава
Ксяндзы частуюць сакрамэнтам;
Парадак дня сягоння — справа
Пра аб‘яднанне інтэрвентаў.

Папы з маркізамі Парыжу,
З баярствам Бухарэсту ў хэўры,
Як СССР распяць на крыжу
Плануюць планы і манеўры.

*

Балюе панская Варшава,
А для гуманнасці, прагрэсу
Ідзе аблава за аблавай
На ўсходніх „вольных“ польскіх Крэсах.

Абрабаваных да кашулі
Там беларуса і ўкраінца
Вядуць закованых патрулі
Па акрываўленым гасцінцы.

*

Балюе панская Варшава…
Жандарскі конь б‘е капытамі,
Пад капытамі жудкай явай —
Людскія голавы пластамі.

Людскім жыццём набіты турмы,
Бунтуе ў турмах роспач мсціва…
А ў Бэльведэры выюць гурмам:
„Нех жые польска дэфензыва“.

Балюе панская Варшава,
Бы дзень сканання хмелем хмеліць…
А Вісла пеніцца крывава,
А ў Вісле плавае тапелец.

Менск. 10/IV-31 г.