Беларусь (Жылка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
На ростані Беларусь
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1920
Палімпсэст

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як вагнём.
Я ня ведаю, чым ён вялік,
Але думак ня змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Мае сэрца, заные ў грудзёх,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзёх.

Беларусь, Беларусь… гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсей душой
І магутны й тужлівы іх зоў
Злове думкай сваею жывой; —
Затрапеча, бы ранены, ён,
Задрыжыць пад навалаю дум:
Гэткі страшна-пакутны іх стогн
І аб волі бязьмерны іх сум.

Беларусь, Беларусь — гэта дзей
І разумных, і слаўных прыклад;
Край вялікіх і дум і людзей
І бяздольна схіліўшыхся хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
І бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і зьдзек
Краскай макавай ярка цьвітуць.

Беларусь — край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцьці і звод,
Дзе русалкі выходзяць з віроў,
І начніцы вядуць карагод,
Дзе, пад шум каласоў, ведзьмары
На палетках заломы кладуць,
І ў Купальскую ноч у бары
Забабоны ў пацёмках снуюць…