— Дзевятнаццаць! — Гарматным гулем
Прагудзеў гадзіньнік гадоў —
Зноў будзілі шалёныя кулі
Адпачынак стаптаных палёў.
Зноў з усходу плывуць эшалоны;
Мітынгуе суровы завод…
А па вёсках трывожны гоман:
— Пачалася вайна! У паход!..
Вёска, вёска у зрэбнай кашулі, —
Ня прышоў яшчэ час адпачыць…
Ужо і поле з-пад сьнегу бліснула,
Ужо і сонейка стала пячы…
А дзесяцкі — стары Мікола
(Сэкратар сельсавету цяпер) —
Кліча ўсіх на нядзелю ў школу:
— Ад начальства прышла папера…
Нібы той растрывожаны вулей
Загудзела ў нядзелю школа;
Нехта з гораду сумны і хмурны
Папрасіў для дакладу слова.
— Гавары! Ды кажы зразумела!
І дзядзькі і кабеты змоўклі —
Загарэўся прызывам сьмелым
Дакладчыка голас звонкі.
— Хатам мір і вайна палацам…
— Ўсе на фронт! За агульную справу!..
Толькі помста ў вачох палала
Ды пагроза ў грудзёх вырастала.
— Дабравольцамі пойдзем усе мы.
Наша права — стрэльба ды порах.
Хай зьбірае, што сам пасеяў,
Рэволюцыі люты вораг.
А назаўтра заплакалі маткі,
Ў кожнай хаце жонкі галосяць:
— Божа, божа, сыноў у салдаты
Нам ізноў выпраўляць прышлося!
І ў садочку доўга Гануля
Ігнася цалавала, туліла…
— Ой, каб толькі бяда абмінула,
Каб ня лёг без пары у магілу…
— Будзь, што будзе. Бывай здарова!..
Падкаціліся сьлёзы пад горла —
— Ня сумуй! — хутчэй у дарогу,
Там на фронце разгонім гора.
Залівалася кроўю й потам
У змаганьні чырвоная раць,
Стракаталі ў палёх кулямёты…
Адступалі… За пядзьдзю пядзь…
Наступаў на нас голад і холад
І хваробы зайшлі ў тыл —
Ўжо здавалася: ўзялі за горла
І агонь барацьбы астыў.
Гэты год ня жытам засеяў
Здратаваныя нашы палі —
Беларусь, Украіна, Расія
Ў гэты год іх крывёй залілі.
Зноў трывогаю вёска спавіта,
Ўжо грымяць гарматы за лесам;
Ігнасёваму бацьку Мікіта
Ліст прывёз са шпіталю з Менску.
— Ў галаву… чуць ня лёг у магілу…
Вораг блізкі… ня маю часу…
Зноў на фронт… дамоў на пабыўку,
Можа буду, калі удасца…
Ой і было-ж бацьком вясельле —
З тварам, нібы-то вылітым з воcку,
(Партбілет ў рукаве у шынэлі)
Прыехаў зноў у вёску.
Бацька з маткай рукамі спляснулі:
— Ой, сыночак, ты-ж ледзьве дышаш.
А Ігнат спаткацца з Гануляй
За хату ў садочак вышаў.
Толькі сонца з-за дрэў падглядала…
І яно схілілася к долу;
Змрокі выткалі сінія далі,
Як вярнуўся Ігнась дадому.
Дзень і два пракаціліся чынна,
Загудзелі мацней гарматы…
Агарнула нуда дзяўчыну:
— Правяла, правяла Ігната!..
Эх, вясёлы парадак новы:
Комуністых шукалі жандары;
У двары, пад жандарскай аховай,
Пан стары пачаў гаспадарыць.
А ў горадзе ўсё, як трэба —
І на біржы — гоман вясёлы,
І ў падвалах ня стала хлеба,
Стала больш жабракоў ля касьцёлу.
Зноў вітрынамі зьзяе горад,
Знаць, мінулыя годы ажылі…
І зьвіняць афіцэрскія шпоры,
І працуе, як сьлед, дэфэнзыва.
Панавалі… Ліліся сьлёзы.
Доўга дні тыя будзем мы помніць!
Памаглі яны подыхам грозным
Паўстаньня лясы напоўніць…
Толькі раз у маёвую ночку
Нехта стукнуў ў дзьверы хаткі.
Матка ўстала. У шэрым змроку
Адчыніла… — Ігнась, дзіцятка!..
І гарэлі галовы пажарам,
Пахаваліся хлопцы ў лесе…
Хутка, хутка канец жандарам,
Бо паўстанцам у лесе цесна!..
Дні ішлі і кожную ночку
Спатыкалася Ганна з Ігнатам…
Чэрвень з дзён выплятаў вяночак,
Ліпень ладзіў да бою гарматы…
Ой і плакала-ж сёньня Аўдоцьця,
Разьлівалася ў тры ручаі —
— Па якой, па якой дарожцы
Нашы хлопцы ў паход пайшлі…
А у лесе на сіняй паляне
Вырастае паўстаньня гмах…
— Хлопцы! Годзі ўжо іх панаваньня!
Больш цярпець, дык і сілы няма!..
Эх ты, доля, ліхая доля!
Занудзіў на растаі крыж…
Вось і жыта каласіцца ў палі,
А жандары кругом, як зьвяры.
Вось-бы ў вёску! Марнеюць сілы,
А старым усяго не зрабіць
(І Гануля сягоньня прасіла
За млыном, каля сушні быць).
— Сёньня ўночы Брады запалім:
Пасядзеў там даволі пан.
Ўсё паліць, руйнаваць бяз жалю!..
Загадаў Ігнась-атаман.
А ў галовах заселі думы
І палае агнём Ігнат:
— Будзе наша-ізноў збудуем,
Трэба ворага толькі прагнаць!..
— Пушча — крэпасьць, а мы — салдаты,
На удары — адказам удар;
Гэтай ночкай напомніць праклятым
Пра паўстанцаў зьвястун — пажар.
Вось і млын… Замігалі зоркі,
Утапіліся ў сіні начы,
І Ігнат спусьціўся з горкі,
На пяньку прысеў адпачыць…
Вочы, вочы. Блакітныя вочы
Агарнулі душу, як хмель…
У паўстанца прытулак воўчы
Адляцеў за трыдзевяць зямель.
Хутка поўнач… бішчэ пацалунак…
Цягне холадам з цёмнай вады.
— Ну, бывай-жа здарова, Гануля, —
К пану ў госьці пайду У Брады!
Ад усходу грымяць гарматы.
Уцякаць зьбіраецца пан:
Напужаў павукоў багатых
Бальшавіцкі напор-ураган…
Вось і ночка!.. — А заўтра рана
У Варшаву!.. І будзем жыць…
Хутка, хутка канец будзе хамам,
Што на нас навастрылі нажы!..
Раптам… стрэльбы агнём заржалі,
Вочы сьлепіць агонь і дым…
— Ўсё прапала, кругом партызаны, —
Уцякаць няма ўжо кулы!
А назаўтра мутныя хвалі
Дыму шэрага ўкрылі руіны.
Для таго пажары палалі,
Каб лягчэй жылося краіне…
Пахла порахам. Цэлы тыдзень.
Расплываліся плёткі ў завулках…
— Ой, ня прыдзе Ігнась, ня прыдзе, —
У Ганулі кіпела думка.
Раптам вестка магутнаю хваляй
Скалыхнула ўсё мора бруду:
— На Бярэзіне фронт прарвалі!
Хутка, хутка у Менску будуць!
Закружыліся вуліцы гулам…
— Уцякаць, уцякаць у Варшаву!
«Żołnierze» зьвярыным разгулам
Прабіваюць дарогу да славы.
— Разьвітаньне! Апошні дзень наш
(Гэта знача — грабёж, разьня);
Ўсё ўзялі-б! Ды нідзе ня дзенеш…
Дык разбурым, што нельга ўзяць!
Запаліць! Пажару узоры
Крыюць чырваньню захад і ўсход.
Ўспамінае палаючы горад
Яраславічаў грозны паход.
Ліпень, ліпень! Ты ночкаю сіняй
Агарнуў азьвярэлы зьдзек
Ці-ж ня мог ты сваёю сілай
Абярнуць зьвяроў у людзей?..
Знаем мы. Было немагчыма.
Хто стрымаў-бы разбойны напад?
На вачох у бацькоў дзяўчыну
Гвалтаваў ашалелы салдат.
Праз ваконца жыдоўскай хаткі
Выглядае спалоханы спас;
І душа ў ім схавалася ў пяткі —
Не па ім гэты страшны час.
Ноч прышла. А на вуліцах гоман,
Ад пажараў — сьветла, як днём:
А з лясоў партызанаў загоны
З больлю ў сэрцы сачаць за агнём.
То ня шыбы зьвінелі ўвечары,
Не пажары калечылі хаты —
Гэта звон — «Беларусь, на веча!»
Гэта полымя — помста катам!
Вось і дзень. За садам зялёным
Разаслаліся раніцы сьцягі.
Вольны Менск пасылае праклёны
Ўсьлед сваім учарайшым гасьцям.
Яшчэ дым над руінамі сьцелецца,
Яшчэ вуліцы пахнуць крывёй —
А зганяе ўжо з гораду цені
Новай песьні магутны звон.
Зазьвінелі драцяныя краты,
Рве нашчэнт іх чырвоны шквал —
Ўжо за Бугам грымяць гарматы,
Ужо трашчыць у арла галава.
А Ігнат у зорным шаломе
Разьвітаўся ізноў з Гануляй:
Ну, цяпер ужо хутка дадому,
Бо чорныя дні прамінулі!..
Лопнулі путы іржавыя,
Помстай душы гараць —
Узяла за глотку Варшаву,
Узяла сярмяжная раць.
Закружыліся дні карагодам,
Зарунела жыцьцё барацьбой,
У тыя дні, калі вёска з заводам
Ішлі ў вялікі бой.
Нядарам расьлі магілы
І агні крывавілі палеткі —
Беларусь — свабоднаю краінай,
Беларусь — рэспублікай савецкай.
Толькі ў сэрцы — крывавая рана
Па целе жывому межы…
Толькі Вільня ў няволі у пана;
І сякеры зьвіняць ў Белавежы.
Толькі там парадзелі вёскі —
І гусьцей крыжы на пагостах,
Ды з лясоў сярмяжнае войска
Правіць вялікую помсту.
|