Перайсці да зместу

Беларусь бунтарская (1925)/Вясковае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З поэмы 1920 год Вясковае
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясковае (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСКОВАЕ

Над кудлатымі бярозкамі
Зацьвіла зара малінаю;
Песьня радаснымі ўсплескамі
Расплылася над далінаю…

Ой, прышлі дзянькі вясёлыя!
Комсамольцы — хлопцы простыя —
Божы дом зрабілі школаю,
А папу пад сэрца — востры нож.

На магіле воран каркае.
— На сваю ты каркай голаву!..
У савеце Ганна Маркава
Абвянчалася з Міколаю.

А Лявон прыехаў з гораду
(Там вучыўся на рабфаку ён).
І палі даўно завораны
Загранічным новым трактарам.

Разагнала цемру шэрую;
У старога сэрца стукае:
— Ані ў сон, ні ў чох ня веру я —
Толькі веру я ў сваю руку!..

Абрусамі саматканымі
Сонца сьцелецца над нівамі,
Песьціць поле здратаванае
Сьвежай руні зелянінаю…

Над кудлатымі бярозкамі
Зацьвіла зара малінаю;
Песьня радаснымі ўсплескамі
Зазьвінела над далінаю.