Перайсці да зместу

Беларускі сцяг уваскрос!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі сцяг уваскрос!
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: газета «Беларусь», № 9 (36), 30 кастрычніка 1919 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кароценька вестка, атрыманая намі ўчора з Варшавы, што ў чацьвер, 23 кастрычніка сёлетняга году, Польшча падпісала аб фармаваньні Беларускага нацыянальнага войска, павінна абудзіць у кожнага Беларуса й наагул у кожнага грамадзяніна, жывучага вечна ў нашым краю, вялікае здавальненьне й сьвяточную радасьць.

Агністымі літарамі гэты надзвычайны дзень будзе ўпісан у векавечную кнігу гісторыі народаў і дзяржаваў, асабліва гісторыі Беларускага народу й Беларускай дзяржавы.

У гэты дзень уваскрос беларускі сьцяг.

З гэтага дня маем магчымасьць будаваць сваю беларускую армію, сваю аружную, нязломную сілу, каторая ў хуткім часе павінна выйсьці на ваенныя шляхі й бараніць беларускія акрываўленыя межы.

Хай жа Беларусь пакажа, што яе верныя сыны здольны праліваць сваю гарачую кроў ня толькі за чужую карысьць і панаваньне, але таксама патрапяць здабыць і для сваёй зямлі лепшую долю й лепшую славу.

Хай пойдзе кліч ад места да места, ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты, хай пойдзе кліч па ўсёй Беларускай зямлі, — па гэты й па той бок ваеннай мяжы, — што надыйшоў дзень беларускага народу, калі ён можа збройна заступіцца за сябе самога й за сваю Айчыну.

Ідэя будаваньня свайго незалежнага жыцьця паднявольнымі народамі, якая загарэлася вечным жывым агнём пасьля развалу Расейскай самаўладнай імперыі, каторая душыла пад сваёй нагой усе праявы вольнага духу, — гэта ідэя сягоньня ператвараецца ў жыцьцё, становіцца жывым дзелам, цьвёрдым фактам.

Палажэньне гістарычнае й геаграфічнае Беларусі было й ёсьць пакуль што найцяжэйшае ад усіх іншых падобных да яе, вызваленых з царска-рабскага гнёту, дзяржаваў.

І вось цяпер гэта палажэньне мяняецца на лепшае. Нам даюць наш сьцяг у рукі й гэты сьцяг мы павінны з трыумфам вынесьці на жыватворнае сьвятло будучыні, вынесьці з гордасьцю, з гонарам і славай, — сьцяг не абы які, а свой, беларускі.

Хай жа гэтая думка, што мы будуем сваю Бацькаўшчыну ня толькі для сягоньняшняга бурлівага часу, але й для будучых прыхільнейшых вякоў, павядзе нас «к свабодзе, роўнасьці й знаньню».

Будучы самі вольнымі, мы патрапім ацаніць волю другіх і пайсьці зь імі, «як вольны з вольным». Стаўшы самі нараўне паміж усіх народаў, мы зможам ім сказаць «ідзем з вамі як роўны з роўным».

«Вясна народаў», аб каторай так разьліваліся воклікі па цэлым сьвеце, не была да апошняга часу вясной для беларусаў. Гэта было цяжкае галоднае прадвесьне, як і кожнае прадвесьне ў гаспадара-беларуса. Не вясна, а восеньская слата была.

Але гісторыя народаў у нашы часы творыцца не гадамі, а днямі. Кожны дзень штось прыносе, кожны дзень творыць штось новае, вялікае.

Выбіла часіна й для нас. Выбіла можа ў найцяжэйшую мінуту нашага палітычнага жыцьця. Дзьве вялікія, не нашыя арміі стаяць адна проці другой на беларускіх гонях.

І вось сягоньня стане трэйцяя армія на гэтых гонях — армія беларуская.

Хай жа гэтая армія стане абаронай свае Айчыны!

Беларускі сьцяг уваскрос!

Хай беларуская армія ня дасьць яму болей памерці.