Беларускі правапіс (1943)/II/А/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
В. Правапіс пераносу словаў § 3. Правапіс прадметнікаў
Падручнік
Аўтар: Антон Лёсік
1943 год
§ 4. Правапіс прыметнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Частка II

А. Правапіс часьціцаў мовы і часьцінак

§ 3. Правапіс прадметнікаў

І. Правапіс ненацісьненых е і я у прадметніках

Правіла 33. Ненацісьненае е у марфалёгічных формах прадметнікаў пішацца:

1) у назоўным і вінавальным склонах адзіночнага ліку ніякага роду: поле, зельле, сьнеданьне, насеньне, чытаньне, здарэньне, пытаньне і г. д.

2) у клічным склоне мужчынскага роду: браце, голубе, суседзе, дубе і пад.

3) у творным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду: гаем, краем, локцем, цесьцем, полем, зельлем, сьнеданьнем, чытаньнем, здарэньнем, пытаньнем і г. д.

4) пры цьвярдой аснове у месным склоне адзіночнага ліку усіх родаў і у давальным склоне жаноцкага роду:

народ у народзе
парог на парозе
лес у лес, як на стале́, аб вале́;
слова у слове
палена на палене
сьвята аб сьвяце, як на вакне, у гумне;
хата хаце і у хаце
дарога дарозе і на дарозе
школа школе і у школе, як у вадзе́, на градзе;

5) У назоўным склоне множнага ліку мужчынскага роду з суфіксамі ін і ове, прыкл.:

селянін сяляне
мешчанін мяшчане
палачанін палачане
брат братове
муж мужове і пад.

Правіла 34. Ненацісьненае я пішацца у наступных марфалёгічных формах прадметнікаў:

1) у назоўным склоне адзіночнага ліку жаноцкага роду: доля, воля, песьня, вішня і г. д.;

2) у назоўным склоне адзіночнага ліку ніякага роду на мя і ў назовах маладых жывёлінаў: імя, племя, цемя, дзіця, цяля, парася;

3) у родным склоне адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду: прыяцеля, вучня, дурня, злодзея, як: каня́, лася́, поля, зельля, чытаньня, сьнеданьня, як: жыцьця́, быцьця́;

4) у творным склоне адзіночнага ліку жаночага роду: доляю (й), воляю (й), песьняю (й), вішняю (й) і г. д.

5) у родным склоне множнага ліку усіх родаў на яў-(аў), калі націск ня падае на канчатак: ву́чняў, ло́кцяў, зе́мляў, здарэ́ньняў, сьне́даньняў і г. д.;

6) у давальным склоне множнага ліку усіх родаў, калі націск ня падае на канчатак, напр.: ву́чням, ло́кцям, зе́млям, здарэ́ньням, сьне́даньням і г. д.

7) у творным склоне множнага ліку усіх родаў: пня́мі, лася́мі, ву́чнямі, ло́кцямі, зе́млямі, здарэ́ньнямі і г. д.;

8) у месным склоне множнага ліку усіх родаў з націскам не на канчатку: аб ву́чнях, ло́кцях, зе́млях, здарэ́ньнях, сьне́даньнях і г. д.

ІІ. Правапіс канчаткаў у прадметніках

Правіла 35. У формах роднага склону адзіночнага ліку прадметнікаў мужчынскага роду ужываюцца два канчаткі: -а (я) або -у (ю) у залежнасьці ад іхнага значаньня.

1) -а (я) пішацца, калі прадметнікі азначаюць прадметы непадзельныя, частка якіх ня можа назвацца імём цэлага прадмету, г. знач.:

а) прадметы жывыя: сына, брата, вала, вужа, салаўя;

б) рэчы і прылады: сшытка, стала, сярпа, бота, плуга, а таксама: пня, дуба, клёна;

в) назовы частак цела: локця, пальца, ілба, кіпця, языка;

г) назовы месяцаў: кастрычніка, лістапада, сьнежня, студня, чэрвеня;

д) назовы мераў, грошай: мэтра, літра, фунта, пуда, рубля, франка;

е) памяншальныя: лясочка, кавалачка, садочка.

2) -у (ю) пішацца ў прадметніках мужчынскага роду, калі яны азначаюць прадметы падзельныя, г. зн. такія, частка якіх можа назвацца імём цэлага прадмету:

а) назовы матар’ялаў і зьяваў: пяску, вугалю, попелу, дажджу, сьнегу, гароху, бобу, дзёгцю, дыму, туману, а таксама: агню, грому, ветру;

б) разумовыя паняцьці: розуму, жалю, болю, суму, страху, голасу, клопату, запалу, поступу, факту, друку;

в) прадметы зборныя: люду, натоўпу, народу, лесу, рою, лому;

г) прадметнікі іншамоўнага паходжаньня: дакумэнту, тому, пляцу, інстытуту, тэхнікуму, працэнту;

д) словы, якія цяжка падвесьці пад які-небудзь выпадак: краю, сьвету, твару, сьледу.

УВАГА 1. Некаторыя прадметнікі маюць падвойныя канчаткі: з маста і з мосту, аўса і аўсу; ніводнага каменя, але у полі многа каменю; мы спыніліся каля дуба (канкрэтны прадмет), але: стол зроблены з дубу (матар’ял).
УВАГА 2. У геаграфічных назовах у вадных выпадках дапушчаецца канчатак -у (ю), у другіх -а (я), а у трэйціх тыя і другія, прыкл.:
з Менску, з Слуцку, з Полацку, з Дону, але з Барысава, з Рагачова, з Міра, з Кіева;
з Гомелю і з Гомеля, з Бэрліна і з Бэрліну, з Парыжа і з Парыжу.

Правіла 36. У творным склоне адзіночнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ом (ём), не пад націскам -ам, -ем,: стало́м, рыбако́м, гумно́м, канём, салаўём, жыцьцём, гальлём; з наро́дам, са сло́вам, ло́кцем, кра́ем, га́ем, по́лем, чыта́ньнем.

Правіла 37. Творны склон прадметнікаў жаноцкага роду на а (я) мае канчаткі пад націскам -ою (ёю), або -ой (ёй), а не пад націскам -аю (яю) або -ай (яй), прыкл.: сахо́ю і сахо́й, вадо́ю і вадо́й, зямлёю і зямлёй, ха́таю і ха́тай, до́ляю і до́ляй, пе́сьняю і пе́сьняй.

Калі-ж аснова канчаецца на зычны, дык творны склон адзіночнага ліку жаночага роду можа мець канчатак -у (ю), прычым, калі зычны перад канчаткам стаіць пасьля галоснага, дык ён падвойваецца, а калі пасьля зычнага, дык не падвойваецца, прыкл.: соль — соляй і сольлю, сталь — сталяй і стальлю, моладзь — моладзяй і моладзьдзю, медзь — медзяй і медзьдзю, гразь — гразёю і гразьзю, печ — печай і печчу, ноч — ночай і ноччу; але радасьцяй або радасьцю, старасьцяй або старасьцю, маладосьцяй або маладосьцю, косьцяй (касьцёю) або косьцю.

Правіла 38. Прадметнікі у месным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі:

1) ва усіх родах з асновамі на цьвярды зычны, прыкл.: стол — на стале, дуб — на дубе, горад — у горадзе; галава — на галаве, сасна — на сасьне, яма — у яме, дарога — на дарозе; акно — на вакне, гумно — у гумне, слова — у слове, волава — аб волаве;

2) э маюць прадметнікі жаноцкага роду з асноваю на к, калі націск прыходзіцца на канчатак: рука — у руцэ́, рака — на рацэ́.

УВАГА. У наступных словах дапушчаецца канчатак э побач з іншымі: у дварэ́, на дварэ́ (або у двары́, на двары́), на гарэ́ (або на гары́), на малацэ́ (або на малаку́), на языцэ́ (або на языку).

3) і маюць прадметнікі усіх родаў з асноваю на мяккі зычны, а у мужчынскім родзе і на й, напр.: конь — на кані, пень — па пні, агонь — у вагні, локаць — на локці; край — у краі, Дунай — на Дунаі, гай — у гаі, звычай — аб звычаі; зямля — на зямлі, кузьня — у кузьні, песьня — аб песьні; поле — на полі, зельле — у зельлі, жыцьцё — у жыцьці.

4) На у месным склоне канчаюцца:

а) прадметнікі усіх родаў з асноваю на зацьвярдзелы зычны (ж, ч, ш, ц, р, дж): нож — на нажы, ключ — аб ключы, кош — у кашы, канец — на канцы, бор — у бары, дзяжа — у дзяжы, печ — на печы, душа — на душы, вуліца — на вуліцы, гара — на гары; плячо — на плячы, вогнішча — у вогнішчы, сонца — на сонцы, мора — у моры.

УВАГА. Прадметнікі мужчынскага роду з рознымі асновамі як зацьвярдзелымі, так і з цьвярдымі і мяккімі, калі азначаюць асобу чалавека, дык у месным склоне маюць канчатак -у (ю): Лукаш — пры Лукашу, Грыгор — на Грыгору, цясьляр — аб цесьляру, токар — аб токару, немец — аб немцу, японец — аб японцу, а таксама: аб Лявону, аб Тарасу, на Ігнату, аб Міхасю, пры кавалю і г. д.

б) канчатак ы у давальным і месным склонах маюць усе прадметнікі жаноцкага роду з асноваю на к, калі націск ня прыходзіцца на канчатак, прычым к чародуецца з ц, напр.: матка — пры матцы, дачка — аб дачцы, рэчка — у рэчцы, шапка — у шапцы, казка — у казцы, граматыка — у граматыцы, навука — у навуцы і г. д.

УВАГА. Усе прадметнікі жаноцкага роду адзіночнага ліку у давальным склоне маюць тыя самыя канчаткі, што і у месным склоне.

5) На у канчаюцца прадметнікі мужчынскага і ніякага роду з асновамі на к: на суку, пры чалавеку, аб ваўку, у Менску, у Слуцку, на веку, на воку, у малаку.

УВАГА 1. Калі прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць аснову на г ці х, дык месны склон можа мець таксама канчатак у, як і з асноваю на к: у стра́ху, на парогу, у кажуху, у вуху, на рагу (вуліцы), але: на розе (вала).
Калі-ж г, х чародуюцца з гукамі з, с, дык тады будзе канчатак е: у стра́се, на парозе, у кажусе, у вусе.
УВАГА 2. У прадметніках усіх родаў з асноваю на г, х у месным склоне, а у жаноцкім родзе і у давальным г, х чародуюцца з гукамі з і с, прыкл.: луг — на лузе, гарох — у гаросе, вуха — у вусе, дарога — дарозе і на дарозе, кніга — кнізе і у кнізе, страха — страсе і на страсе.

Правіла 39. Прадметнікі усіх родаў у назоўным склоне множнага ліку маюць канчатак у цьвярдых і зацьвярдзелых асновах ы, у мяккіх і пасьля г, к, х — канчатак і: народ — народы, авадзень — авадні, хата — хаты, песьня — песьні; мора — моры, поле — палі, парог — парогі, дарога — дарогі, воўк — ваўкі, жонка — жонкі і жанкі (апошняе — тое самае, што і «жанчыны»); кажух — кажухі, страха — стрэхі.

Але: селянін — сяляне, грамадзянін — грамадзяне, мешчанін — мяшчане і інш. (гл. прав. 33; 5).

УВАГА. Наступныя прадметнікі з цьвярдою асноваю у назоўным склоне множнага ліку заўсёды маюць канчатак і, аня ы: люд — людзі, гон — гоні і побач той і другі: калена — калені і калены, чорт — чэрці і чарты, сусед — суседзі і суседы (два, тры суседы).

Правіла 40. Прадметнікі мужчынскага і ніякага роду у родным склоне множнага ліку маюць пад націскам канчаткі — оў (ёў), а не пад націскам ва усіх родах — аў (яў), напр.: вало́ў, стало́ў, ласёў, пнёў, кавалёў, палёў, наро́даў, наста́ўнікаў, гу́мнаў, мо́раў, кні́гаў, рэ́чаў, пры́яцеляў, але́няў, зада́ньняў, пыта́ньняў, сьне́даньняў, ві́шняў, ма́зяў, ла́зьняў і г. д.

Але у прадметніках жаноцкага і ніякага роду, а у некаторых словах і мужчынскага роду могуць быць формы аднае асновы, прыкл.: рагоў і рог, гадоў і год (пяць год), пяць чалавек, сялян, мяшчан; вокнаў і вокан або вакон, хатаў і хат, сохаў і сох, хваляў і хваль, а таксама: задач, школ, вуліц, хвоек, жнеек, рук, ног, гор і г. д.

Правіла 41. Прадметнікі мужчынскага роду у родным склоне множнага ліку маюць канчатак -ай (яй) не пад націскам, а пад націскам ей толькі у словах: грош — грашай, конь — коняй, гон — гоняй, але: люд — людзей, госьць — гасьцей, лапаць — лапцей, чорт — чарцей.

Правіла 42. У прадметніках жаноцкага роду з канчаткамі на зычны могуць быць канчаткі -аў (яў) толькі не пад націскам. У націсьненых-жа канчатках будзе -эй, ей, прыкл.: мы́шаў, пе́чаў, сенажа́цяў, су́вязяў, асаблі́васьцяў, уласьці́васьцяў, але: мышэ́й, пячэ́й, курэ́й, касьце́й, гусе́й, сьвіне́й.

УВАГА: 1. Прадметнікі жаноцкага роду з асноваю на в, л, м, н, р, асабліва калі гэтыя гукі стаяць па зычных, маюць толькі канчатак -аў (яў), прыкл.: клятва — клятваў, брытва — брытваў, мятла — мётлаў, пальма — пальмаў, патэльня — патэльняў, студня — студняў, кузьня — кузьняў і г. д.
2. Прадметнікі жаноцкага роду на -ня заўсёды маюць толькі поўныя канчаткі: песьня — песьняў, вішня — вішняў, лазьня — лазьняў.
3. Прадметнікі, у якіх пры адкіданьні канчатку павінна атрымацца нескладовае ў або й, заўсёды маюць толькі поўныя канчаткі: слова — словаў (а ня слоў), умова — умоваў, станцыя — станцыяў (а ня станцый).
4. Калі прадметнікі ніякага роду маюць перад канчаткам зьбег зычных або падоўжаныя зычныя, дык у родным склоне множнага ліку канчаюцца на аў (яў), прыкл.: выдавецтваў, брацтваў, заданьняў, пытаньняў, падарожжаў і г. д.

Правіла 43. Калі аснова канчаецца на злучэньне двух ці больш зычных, дык паміж зычнымі зьяўляюцца устаўныя гукі, пад націскам о (ё), а не пад націскам а, е, напр.: кросны — красён, вёдры — вёдзер — і вядзёр, землі — зямель, палотны — палоцен і палацён, вокны —во́кан і вако́н, жорны — жо́ран і жаро́н, сарочкі — саро́чак і сарачо́к, сястра — сясьцёр, вёска — вёсак, жнейка — жнеек.

Правіла 44. Вінавальны склон множнага ліку прадметнікаў усіх родаў, якія абазначаюць назовы жывёлы, падобен да назоўнага склону, а да роднага склону падобен толькі тады, калі прадметнікі абазначаюць асобу, чалавека, напр.: пасу коні, паю валы, дояць каровы, стрыглі авечкі, кармлю цяляты, ганю парасяты і г. д.

Але: шануюць бацькоў, люблю братоў, паслалі жанок, бачылі сясьцёр, гадую дзяцей.

Правіла 45. У давальным склоне множнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ом (ём), а не пад націскам -ам (ям); жаноцкі-ж род на а (я) заўсёды мае канчатак -ай (ям), прыкл.: каму? чаму? вало́м, стало́м, пнём, ласём, палём; наро́дам, паро́гам, ло́кцям, це́сьцям, здарэ́ньням, пыта́ньням, а таксама: рука́м, нага́м, ха́там, со́хам і г. д.

Правіла 46. Творны склон прадметнікаў множнага ліку ва усіх родах мае канчаткі -амі (ямі), (часам і проста -мі) незалежна ад націску, прыкл.: стала́мі, наро́дамі, рука́мі, ха́тамі, сёламі, пня́мі, ло́кцямі, ві́шнямі, зе́млямі, касьця́мі і касьцьмі́, людзя́мі і людзьмі́.

Правіла 47. У месным склоне множнага ліку прадметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць канчаткі пад націскам -ох (ёх), а не пад націскам -ах (ях). Прадметнікі жаноцкага роду на -а (я) у гэтым склоне заўсёды маюць канчаткі ах (ях), напр:

на стало́х, аб вало́х, на пнёх, аб ласёх, на палёх, у наро́дах, на паро́гах, у мо́рах, у вазёрах, на ло́кцях, аб це́сьцях, у зада́ньнях, пры пыта́ньнях, у рука́х, нага́х, на касьцёх, у ха́тах, на со́хах, у ма́зях і г. д.

УВАГА. Калі прадметнікі мужчынскага роду маюць форму роду жаноцкага на -а (я): стараста, дзядзька, старшыня, судзьдзя, а таксама паэта, патрыёта, дык такія прадметнікі у назоўным, родным і вінавальным склонах адзіночнога ліку маюць і формы жаноцкага роду: (няма) старасты, дзядзькі, старшыні, судзьдзі, паэты, патрыёты; (бачу) старасту, дзядзьку, старшыню, судзьдзю, паэту, патрыёту.
У давальным, месным і творным склонах адзіночнага ліку гэтыя прадметнікі з цьвярдою асноваю маюць формы мужчынскага роду, а з мяккаю асноваю — формы жаноцкага роду, прыкл.: давальны і месны склон (каму?, аб кім?): дзядзьку, старасту, паэту, патрыёту, але: старшыні, судзьдзі, як: вішні, песьні.
Творны склон: дзядзькам, старастам, паэтам, патрыётам, але: старшынёю, судзьдзёю.
У множным ліку прадметнікі мужчынскага роду з канчаткам а (я) скланяюцца так, як і без канчатку: старасты, старшы́ні, старастаў, старшы́няў, старастам, старшыням і г. д.

Правіла 47’. Пад уплывам беларускіх прыметнікаў на -істы, -ысты — прысадзісты, завівасты, плячысты пазычаныя з чужых моваў прадметнікі на -іст прынялі на канцы ы: арганісты, цымбалісты, гімназісты, сэмінанарысты, сацыялісты; капіталісты.

Гэтыя прадметнікі скланяюцца, як прыметнікі.

Адзіночны лік
Н. сацыялісты, сацыялістая
Р. сацыялістага, сацыялістае
Д. сацыялістаму, сацыялістай
В. сацыялістага, сацыялістую
Т. сацыялістым, сацыялістай
М. аб сацыялістым, сацыялістай
Множны лік
Н. сацыялістыя
Р. сацыялістых
Д. сацыялістым
В. сацыялістых
Т. сацыялістымі
М. аб сацыялістых.

ІІІ. Правапіс некаторых суфіксаў у прадметніках

Правіла 48. а) Памяншальна-ласкальныя прадметнікі маюць суфіксы -ак, -ік, -ык, у якіх галосныя гукі вымаўляюцца нявыразна. Калі у родным склоне нявыразны гук выпадае, дык пішацца -ак, а калі не выпадае, дык пішацца -ік, -ык, прыкл.: ельнічка — ельнічак, галасочка — галасочак, сакалочка — сакалочак, чаўночка — чаўночак, садочка — садочак; століка — столік, саколіка — саколік, дожджыка — дожджык, хлопчыка — хлопчык, дубчыка — дубчык, ключыка — ключык, каменчыка — каменчык.

2) У памяншальна-ласкальных суфіксах -аньк, -еньк, перад к пішацца ь (мяккі знак): зоранька, вішанька, песенька.

3) Калі прадметнік канчаецца на нь, дык ь (мяккі знак) перад суфіксамі -чык і -шчык не захоўваецца, прыкл.: камень — каменчык — каменшчык, струмень — струменчык, а таксама: бэтон — бэтоншчык, барабан — барабаншчык.

Але пасьля л мяккі знак пішацца: тачыльшчык.