Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 8. Падвойныя літары § 9. Правапіс некаторых злучэньняў зычных
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 10. Правапіс прыназоўнікаў і прыставак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 9. Правапіс некаторых злучэньняў зычных.

Правіла 18. 1) Злучэньні ТЦ, ЧЦ чуваць як ЦЦ, а лучэньні ТЧ, ДЧ, як ЧЧ

чуваць: пішацца:
маццы(матка) матцы
даццы(дачка) дачцы
загаччык загадчык
рэццы рэчцы
старасьвеччына старасьветчына

і г. д.

2) Злучэньне ДС дае ў вымове Ц, але пісаць трэба ДЗ

чуваць: пішацца: заместа:
люцкі людзкі людскі
швэцкі швэдзкі швэдскі

і г. д.

3) Злучэньне ТС дае Ц

чуваць і пішацца: заместа:
полацкі полатскі
брацкі братскі
брацтва братства

і г. д.

4) Злучэніні ЖС, ЗС даюць С

чуваць і пішацца: заместа:
боскі божскі
францускі французскі

і г. д.

Злучэньне ШЦ чуваць, як СЦ

чуваць: пішацца:
косцы кошцы
мысцы мышцы

і г. д.


6) Злучэньне СЧ чуваць, як ШЧ

чуваць: пішацца:
Прушчына Прусчына

і г. д.

Практыкаваньне 21. Хто позна ходзіць, той сам сабе шкодзіць. Дудка грала жаласьліва. Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса? Матцы сорак год, а дачцы дзесяць. Лёд на рэчцы затрашчаў. Парэчкі растуць пры рэчцы. Кожная ўстанова мае свайго загадчыка. У вагародчыку расьлі кветкі. У Смаленску перахаваліся старасьвецкія сьцены. Тут стаялі ваяводзкія палацы. У Слуцку ўсё палюдзку. Расхадзіўся, як брацкі звон. Па беленькай жэрдачцы чырвоны пеўнік едзе (запаленая лучына). У ваднэй дзежачцы два цесьцечкі (яйцо). Слуцкія паясы вельмі харошыя. І ў анучцы грошы вядуцца. Шкадлівай кошцы хвост уцінаюць. Кошцы — шуткі, а мышцы — сьлёзы. Птушка сядзела ў клетцы. Тканіна была швэдзкага вырабу. Плытнікі загналі плыты ў Прусчыну. Ногі ў рэчцы, галава ў клетцы. Шануйце старасьветчыну! Сонца пякло неміласэрна. Яму шаснаццаць год. Два мядзьведзі ў аднэй бярлозе ня месьцяцца. Боская ласка ня дасьць нам хлеба і мяска. Сьціскаецца сэрца ад жалю.

Практыкаваньне 22. Сьпісаць і заўважыць правапіс надрукаваных курсівам слоў.

Матцы сорак год, а дачцы дзесяць. У Слуцку ўсё палюдзку. Парэчкі растуць пры рэчцы. Пераплётчык апраўляе кнігі. Не па рэпачцы націнка, не па дзевачцы дзяцінка. У гародчыку расьлі кветкі. У сарочцы радзіўся. У Смаленску перахаваліся старасьвецкія гарадзкія сьцены. Тут стаялі ваяводзкія палацы. На лад пэрсідзкі ткуць яны. Навагрудзкі і Ашмянскі паветы — сумежныя паміж сабою. Полацкія князі — беларускія. Даўней на Беларусі былі царкоўныя брацтвы. Расхадзіўся, як брацкі звон. Па беленькай жэрдачцы чырвоны пеўнік едзе (запаленая лучына). У бочцы была нячыстая вада, а ў кадушцы — чыстая. У ваднэй дзежачцы два цесьцечкі. Гэтай загадцы няма разгадкі. Слуцкія паясы вельмі харошыя. Бяда па бядзе, як па нітачцы, ідзе. І ў анучцы грошы вядуцца. Шкадлівай кошцы хвост уцінаюць. Кошцы далі малака ў чаропачцы. Кошцы — шуткі, а мышцы — сьлёзы. Лёд на рэчцы затрашчаў. Птушка сядзела ў клетцы. Тканіна была швэдзкага вырабу. Плытнікі загналі плыты ў Прусчыну. Ногі ў рэчцы, галава ў клетцы (каноплі).

Правіла 19. 1) У злучэньнях СТН, СТЛ, ЗДН і РДН зьнікае Т і Д:

чуваць і пішацца: заместа:
пачэсны пачэстны
позны поздны
шчасны шчастны
шаснаццаць шастнаццаць
слаўся стлаўся
міласэрны міласэрдны

і г. д.

2) Злучэньні ДЦ і ЦЬСЯ дзюць ЦЦ:

чуваць і пішацца: заместа:
дваццаць двадцаць
пятнаццаць пятнадцаць
мыцца мыцься
часацца часацься

і г. д.

Практыкаваньне 23. Сьпісаць і заўважыць правапіс надрукаваных курсывам слоў.

Хто позна ходзіць, той сам сабе шкодзіць. Мы вучыліся францускай мове. Лепш позна, як ніколі. Сонца пякло неміласэрна. Яму шаснаццаць год. Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між славянамі! Слаўся туман па даліне. Нешчасьліва наша доля нам нічога не дала. Не радзіся краснай, а радзіся шчаснай. Двойчы дзесяць — дваццаць, а двойчы дзевяць — восемнаццаць. Стаіць дуб, на дубе дванаццаць гнёзд, у кожным гнязьдзе па чатыры сініцы, у кожнай сініцы па чатырнаццаць яец — сем чорных і сем белых (год). Яны спазьніліся на лекцыю. Конь і на чатырох нагах спатыкаецца. На беднага Макара шышкі валяцца. Чужое лычка плаціцца рамушком. Два мядзьведзі ў аднэй бярлозе ня месьцяцца. У голад і нішчымнае смачна есца. Дудка грала жаласьліва. Позьняя восень. Старое нешта ўсё ўспамінаецца. Некі няведамы жаль уздымаецца. Мы рашалі вусныя задачкі. Сьведкі былі пачэсныя людзі.