Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 4. Літары „ў“, „й“ і прыдыханьне § 5. Правапіс зычных гукаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 6. Галосныя пасьля зацьвярдзелых

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 5. Правапіс зычных гукаў.

Правіла 7. Гукі р, л, м, н называюцца плаўнымі: яны ня маюць падобных глухіх і дзеля таго заўсёды вымаўляюцца выразна.

Нявыразнымі зычнымі гукамі бываюць звонкія і глухія. Напрыклад, словы нож, лёд, просьба вымаўляюцца, як — нош, лёт, прозьба.

Каб пазнаць, якую літару ў такіх разох трэба пісаць на месцы нявыразнага зычнага гуку, трэба слова зьмяніць так, каб пасьля нявыразнага зычнага стаў галосны гук (нож — нажы, просьба — прасіць, грозьба — гразіць, дуб — дубы, хлеб — хлеба, плод — плады, плот — платы, гразь — гразі; молат — малаток, молад — малады і г. д.).

Практыкаваньне 9. Адзін хлеб прыедліў. Засыпце яму пяском! І за шчэпку знойдзеш прычэпку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Адвага або мёд п’е, або кайданы трэ. Бывала горш, але рэдка. Не разгадалі загадкі! Дождж і град, і галялёд. Важыш на рыбку, важ і на юшку. Пойдзе мой сыночак пракладаць дарожкі. Мы ішлі сьцежкаю. Свая сярмяжка нікому ня цяжка. У горадзе гарадзкія парадкі. Ніткі ссукалі ў пяць столак. Сала было ў пядзь таўшчыні. Прысядзьце каля нас! Калёсы паставілі пад павець. Вам незнаёма нядоля людзкая. Тут стаялі ваяводзкія палацы. На ўзьмежку расла грушка. Вось улез у цёмны лес! Аддай сваю здольнасьць грамадзкай справе! Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Страву пасалілі трыма драбкамі солі. На слупку сядзела птушка. Вецер хмары шыбка гоніць. На лузе расьлі маладыя дубкі. Град пабіў жыта. У каваля цяжкі молат. У холад кожны молад. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Сядзем радком, пагаворым ладком. Сам сабе рад. Год на год ня прыходзіцца. Ты, брат мой, еж хлеб свой. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Гушчу зьеў, жыжку пакінуў. Падарож была цяжкая. Ежце, да ў вочы ня лезьце. Бегала ліска каля лесу блізка. Сказаў казку з прыказкай. Ні просьбаю, ні грозьбаю. Сусед ехаў улегцы. Без падмазкі блінца не сьпячэш. На капусту купілі новую кадзь. Лебедзь — рэдкая птушка.

ЗАДАЧКА 5-ая. Сьпісаць і зьмяніць словы паводле ўзору (дуб — дубы, луг — лугі).

І. Слуп — слупы, дуб — дубы, плот —, плод —, воз —, зуб —, мароз —, нож —, абраз —, стораж —, горад —, холад —, рог —, мох —, луг —, стог —, бераг —, гвозд —, дождж —, жолуд —, сноп —, лоб —, голуб —, шубка —, каробка —, дроб —, бабка —, грыбкі —, хлеб —, сьнег —, пірог —, начлег —, абед —, лёд —, лодка —, год —, параход —, бародка —, дарожка —, нож —, ножкі —, кніжка —, ложка —, дрож —, піражкі —, казка —, сьлёзкі —, гразь —, воз —, расказ —, мядзьведзь —, хатка —, градка —, бок —, град —, народ —.

ІІ. Просьба — прасіць, цяжкі — цяжар, касьба —, рэдка —, малацьба —, гарадзкі —, гарадзьба —, прызба (хоць — прысыпаць), гразка —, адзежка —, дзежка —, почапка —, кладка —, еж — ежа, кветка —, дзетка —, дзедка —, лёгкі —, салодкі —, рэдкі —, гладкі —, молат —, молад —, глыб —, лебедзь —, вузка —, кадка —, губка —, ястраб —, жэрдка —, рэпка —, мозг —, пруд —, нізка —, вузкі —, людзкі —, везьці —, несьці —, сьцярог —.

ЗАДАЧКА 6-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літару б або п.

Адзін хле— прыедліў. Абяцаная ша—ка на вушы ня лезе. Цэ— вісіць у гумне. У гародзе расьце бо—. Кот памарозіў ла—кі. Ло— яго лапкай па плячы. Хоць у ло— страляй. Жыта было ў лу—цы. Хле— на стале, а рукі свае. У калысцы адарвалася поча—ка. Снапы ставяць у ба—кі. Паставілі чатыры ко—кі сена. Галу—ка адбілася ад гнязда. Страву пасалілі трыма дра—камі солі. У мышкі зу—кі вострыя. На лузе расьлі маладыя ду—кі. На слу—ку сядзела птушка. Вецер хмары шы—ка гоніць. На злодзеі ша—ка гарыць. Старой ба—цы хораша і ў ша—цы. Ба—скія сенцы нідзе не стаяць. Балазей таму жыць, чыя ба—ка ўмее варажыць. Пастух затрубіў у тру—ку. Засы—це яму пяском! Каню робяць у хляве жола—. Ястра— — драпежная птушка. Ры—ка схавалася ў глы— рэчкі. Ба—ка садзіць рэ—ку. Зу— на зу— не пападае. У ры— кроў халодная. Галоднай куме хле— на ўме.

ЗАДАЧКА 7-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары д або т.

У каго ёсьць матка, у таго галоўка гла—ка. Адвага або мё— п’е, або кайданы трэ. Бывала горш, але рэ—ка. Ад роднага таткі прыемны і ла—кі. Аста—кі з хаткі. Насталі новыя пара—кі. Іду па кла—цы. Сало—кі, як мёд. Не разгадалі зага—кі. Сабака трапіў на сьле— зайца. Адклад ня ідзе у ла—. Люблю наро— наш беларускі. Гэта кве—ка не для твайго носу. Гра— пабіў жыта. Гола— мучыць людзей. У каваля цяжкі мола—. У хола— кожны мола—. Улетку люблю цябе, дзе—ку, а зімою зьем хлеб з сьвіньнёю. Каля—кі — гаспадарскія пара—кі. За кароўкамі ўсьле— з торбай цягнецца дзе—. Бацька на кало—цы лапаць выплятае. Папаў, як у нера—: ні ўза—, ні ўпера—. Рыбакі злажылі нева— у ло—ку. Сядзем ра—ком, пагаворым ла—ком. Поўна ка—ка мёду. Гола— — ня цётка. Яга—ка ты харошая! Сам сабе ра—. Ра—-бы ў рай, але грахі ня пускаюць. Каля печы дзе— сядзіць. Дождж і гра—, і галялё—. Які прыхо—, такі і расхо—. Го— на го— ня прыходзіцца. Прышлі каля—кі — бліны да ала—кі. Ла—кі-ладушкі, прыляцелі птушкі.

ЗАДАЧКА 8-ая. Сьпісаць і паставіць літары ж—ш.

Важыш на рыбку, ва— і на ю—ку. Па даро—цы кацілася цяле—ка. Пойдзе мой сыночак пракладаць даро—кі. Мы ішлі сьце—каю. Кую, кую но—ку, паеду ў даро—ку! Ця—кая, жнейка, праца твая! Свая сярмя—ка нікому ня ця—ка. Ты, брат мой, е— хлеб свой. У мяне востры но—. Адзін дасу—, да няду—. Адзін з со—кай, а сямёра з ло—кай. Адзін хоць зье— вала — усё адна хвала. Каб ня е—ка, не адзе—ка, дык была-бы грошай дзе—ка. Праз Беларусь істу—кай льлецца рака Нёман. Птушка зачапілася но—кай за волас сіла. Кры— пахінуўся, як кветка ў буру. Котка злавіла мы—ку. Ці цот, ці лі—ка? На паліцы ляжаць кні—кі. Калі ўзяўся за гу—, не кажы, што ня ду—. Поўны ко— бульбы. На ўзьме—ку расла гру—ка. Гушчу зьеў, а жы—ку пакінуў. На мура—ку смачная трава. Стора— пазьбіраў стру—кі. Падаро— была вельмі ця—кая. Калёсы паставілі ў шала—. Му—-нябо—чык усплыў на думку. Уздыхнула ця—ка матка. Пад лавай стаяла ра—ка.

ЗАДАЧКА 9-ая. Спісаць і паставіць, дзе трэба, літары г—х, з—с.

Лё—ка стала на сэрцы. Блі—ка відаць, да далёка дыбаць. Люлі, люлі, люлі, пале— кот па дулі! Абы як прышло, лё—ка і з рук сышло. Бегала ліска каля лесу блі—ка. Ежце, да ў вочы ня ле—ьце! Сірацінка сьлё—кі льле. Цягнецца дарожка ву—кая, крывая. На страсе выра— мо—. Ты мо— дзерці мо—. Пачалася ка—ьба. Маро— адмарозіў нос. Яму паслалі адка—. Сьне— ад сонца тае ўлёт. Сабаку прывязалі на ланцу—. Прылё— на часіну сапачыць. Мы чыталі ка—ку. Сказаў ка—ку з прыка—каю. Мя—ка сьцеле, да мулка спаць. Маладзік малады, ро— залаты… Маро— — сто пудоў на во—. Ні про—ьбаю, ні гро—ьбаю. Начлежнікі паехалі на начле—. Сусед ехаў уле— цы. Няма нам палё—кі. Бяз подма—кі блінца не сьпячэш. Вера— цьвіце ў верасьні. Сухія трэ—кі скора загарэліся. Вось уле— у цёмны ле—! Лепш хлеб з вадою, як піро— з бядою. Пераво—чык перавё— нас на другі бера—. На вуліцы было гра—ка. Апанас чытаў раска—. Адзінокая бяро—ка схінулася над рэчкай.


Гукі д, т, дз, дж.

Правіла 8. 1) У беларускай мове няма мяккіх зычных д і т, бо яны зьмяніліся на мяккія дз і ц: сад — садзіць, сьвет — сьвеціць; дзень, ціха, піць, даць, дзеці, дзядзька.

2) Для азначэньня гукаў дз і дж пішацца па дзьве літары, але трэба памятаць, што вымаўляюцца яны не паасобку, а зараз: дзень, сяджу, гляджу.

Практыкаваньне 10. Сьвет вялік, а ў сьвеце людзі. Сьвеціць, да ня грэе. Хто пытае, той ня блудзіць. Хата ходарам ходзіць. Калі страва дагодзіць, то і самавар не зашкодзіць. Лес гамоніць, як на сходзе дзе народ. Сем дзён маладзён. Слова — вецер, а пісьмо — грунт. Паставілі дзеці сіло. Па балоце пахаджае бусел. Гасьцінец абсаджан бярэзьнікам. Вецер дажджлівы панура шуміць. Дажджавая вада ня мае смаку. Сьмешна, да не пацешна. Сухая ложка рот дзярэ. Баржджэй, але не сьпяшайся дужа. Будзе пара, вырасьце трава. Маці ніткі села віць. Хоць вох, да ўдвох. Цяжка жыць у паняверцы. Летась пасаджона, сёлета ўзрашчона. Роўны з роўнага цешыцца. Я вам раджу не сварыцца. Мядзьведзь еў мёд, а пчолы джгалі яго джаламі. Сёлета год ураджайны. Прыяжджайце да нас у госьці! І шуміць, і гудзе, дробны дожджык ідзе. Няхай той серадзіць, хто на неба глядзіць. Не ўважай на ўраджай, а жыта сей. Хлеб расчынілі на дрожджах. Наш сад абсаджан жываплотам. Аці, аці, да нечага даці.

ЗАДАЧКА 10-ая. Сьпісаць і паставіць літары дз—ц, дж—ч.

Мядзьве—ь любіць мёд. Вам незнаёма нядоля лю—кая. Люблю я гла—ь нябёс. У Слуцку ўсё палю—ку. Пачалася мала—ьба. Ветрык ле—ь-ле—ь набяжыць. Бу—ька набудзецца, а хвалько нахваліцца. Бу—ь перш выслуханым, а потым павядачым. Адкуль хмары, адтуль і дож—. Аднае печанае рэ—ькі хіба ня ем. Адну дзірку ла—ь, а другая туды-ж гля—ь. У горадзе гара—кія парадкі. Лебе—ь — рэдкая птушка. У гародзе вырас хвош—. Калёсы паставілі пад паве—ь. Ме—ь капаюць у гарах. Наш дзя—ька робіць колы. Ён не грама—кі чалавек. Аддай сваю здольнасьць грама—кай справе! Сяк-так, накасяк, абы не палю—ку. Увосень капаюць рэ—ьку. Ідзе наш дзя—ька, і па бруку адзін за дзеся—ь робіць груку. Прыся—ьце каля нас! Ся—ьма на калодзе, пагаворым а прыгодзе. Прыгле—ься, які ён вялікі вырас. Ся—ь і сядзі! Думкі за гарамі, а сьмер—ь за плячамі. Салома пачала тле—ь. Мала—ьбіты змалацілі два пасады жыта. На капусту куплена новая ка—ь. Ніткі ссукалі ў пя—ь столак. Дзень ледзь-ледзь займаўся.