Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 19. Правапіс складаных слоў § 20. Правапіс чужаземных слоў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 21. Кароткі паўторны пытальнік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 20. Правапіс чужаземных слоў.

Правіла 51. 1) Словы чужаземныя, узятыя з чужое мовы даўно і вядомыя шырокім народным масам, як свае родныя, падлягаюць нашаму правапісу і пішуцца так, як гэта чуваць у штодзенным ужытку: літара, дарэктар, адукацыя, аканом, або аконам, арганісты, паляруш, калідор, леварвэр, камісія, камітэт, сакратар, самінарысты, а таксама — камуністы, сацыялісты, як беларускія прыметнікі.

2) Словы чужаземныя (інтэрнацыянальныя, або міжнародныя), што ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна, пішуцца так, як у тэй мове, адкуль яны запазычаны: тэлеграф, тэлеграма, монолёг, тэатр, рэволюцыя, коопэрацыя, політычная экономія, дынастыя, партыя, інспэктар, рэдактар[1], дыктаваць, дыктант, дыктоўка і г. д.

Пры гэтым, у правапісе чужаземных слоў інтэрнацыянальных, або міжнародных, трэба трымацца наступных правіл, каб, зблізіць іх вымову (фонэтыку) з вымовай родных слоў:

а) Заместа падвойных зычных пішуцца простыя: каса, маса, сума, тэлеграма, комунізм, Фінляндыя, Голяндыя, процэс, профэсар, граматыка, тэрыторыя, ілюстрацыя, ілюмінацыя, бэлетрыстыка, і г. д. а ня касса, масса, сумма, тэлеграмма, коммунізм, Фіннляндыя, Гольляндыя і г. д.

Толькі ў некаторых словах застаецца падваеньне: Ганна, манна, ванна, бонна, Мекка, Будда, мадонна і некат. іншыя.

б) Чужаземнае і перадаецца мяккім „ль“, як гэта чуваць у пераважнай большасьці абеларушаных чужаземных слоў; трэба пісаць і гаварыць: Лёндон, лёзунг, монолёг, філёлёг, філёзофія, лёяльны, колёквіум, Голяндыя, Фінляндыя, як — лямпа, клямка, пляц, плястыр, кляс(а), пляшка, і інш., але такія словы, як капітал, адмірал, артыкул, мускул, тытул, формула, пратакол, рэгулы, канікулы, фістула, курбункул і інш. маюць цьвёрдае л на канцы.

в) Чужаземнае і пасьля зубных (д, т, з, с) і зацьвярдзелых (ж, ш, ц, ч, р) перадаецца літараю ы, напр.: дыплёмат, дынастыя, дыктоўка, тып, тыран, актыў, актыўны, позыцыя, позытыуў, пасыў, пасыўны, унівэрсытэт, асыстэнт, сынтакс, нацыя, рацыя, констытуцыя, коопэрацыя, рэжым, шыфрованы, аварыя, Баварыя і г. далей, як магазын, Сымон, тыфус, даць дыхту і інш.; пасьля іншых зычных будзе і, напр.: міністар, маніфэст, архіў, капітан, капітал, пірат, навігацыя і г. д. Словы „Сібір“, „сібірны“, „азіят“ пішуцца з „і“ адгэтуль: Азія, аказія, фантазія, рэцэнзія, поэзія, колізія, дзе пасьля з пішам і.

г) Гук Ф у словах кніжных ці запазычаных нядаўна перадаецца літараю ф, напр.: форма, геогграфія, факт, фронт, фортуна, філёзоф, маніфэст, Афон, фамілія, фабрыка, Францыя і г. д.

Але калі запазычанае слова з гукам ф ужываецца ў нашай мове даўно, то яно абеларусілася, і ў такіх абеларушаных словах гук „ф“ падмяніўся гукамі х, п, хв, напр.: Піліп, Язэп, хунт, хвароба, кахля, хваля, картопля (бульба), шупляда, Хама, Хвёдар, Апанас і іншыя.

д) Чужаземны гук th (е) заўсёды перадаецца гукам т, напр.: каталік, катэдра, Тодар, Агата, Тамаш, арытмэтыка, ортографія, міт, лёгорытмы, патос, Атэны, Пітагор і шмат іншых.

е) Чужаземнае „е“ перадаецца гукам э, як гэта чуваць у штодзенным ужытку (фэст, пасэсар, аптэка, сэсія), напрыклад: маніфэст, тэатр, тэхніка, тэлеграф, рэспубліка, рэдактар, пэдагог, бібліотэка, канцэлярыя, унівэрсытэт і г. далей, а таксама на пачатку слоў: этыка, элегія, зкватар, эволюцыя, этымолёгія, элемэнт, эфэкт, Эўропа, Эгіпэт, эвангэлія, але — епіскоп, Ерусалім, езуіт, а часам — евангэлія пішуцца з „е“ на пачатку. Але пасьля чужаземнага г (лацін. g) і к трэба пісаць літару е, як у словах абеларушаных (ангельскі, гестка, банкет, кецка, кірмаш (з — кермаш), кілішак (з — келіх — келішак), кірунак (з керунак), напр: альгебра, геолёгія, геомэтрыя, географія, геодэзія, Гедымін, Ягела (Ягайла), Германія, агент, рэгент, лагер, генерал, легенда, генэза, геніяльны, інтэлігенцыя; анкета, анкер, букет, банкет і іншыя.

З прычыны блізкага падабенства ў вымаўленьні гукаў г і й даўней поплеч з г пісалі й, напр.: рэгестр — рэестр (рэйэстр), лёгіка — лёіка (лёйіка), генэрал — енэрал (йэнэрал), географія — еографія, рэгент — рэент, геомэтрыя — еомэтрыя і т. д. Прыведзеныя словы можна пісаць гэтак і цяпер.

ж) Чужаземныя іа, іе, іо, (лац. літары) перадаюцца злучэньнямі ія, іе, іо, пасьля зацьвярдзелых — ыя, ые, ыо, напрыклад: геніяльны, спэцыяльны, нацыянальны, рацыянальны, матэрыял, фіялка, варыянт, піетызм, гігіена, эмбрыон, бібліотэка, бібліографія, бібліограф, соцыолёгія, соцыялізм і іншыя.

з) Чужаземны дыфтонг au (лацін. літары) перад зычным перадаецца злучэньнем аў, напр.: аўтар, аўдыторыя, аўтэнтык, аўдыенцыя, аўкцыон, браўнінг, фаўна, лёкаўт, фэўдальны і інш., але перад галосным будзе ау напрыклад: Шопэнгаузр, Баўэр, Ауэрбах і інш.

і) Мяккі знак (ь) у чужаземных словах пішацца пасьля мяккіх л, н, перад ётавым галосным, напр.: Нью-Ёрк, рэльеф, мільён, барэльеф, мэдальён, Вільям і інш.

Пасьля чужаземных прыставак ад—, кон—, об—, суб— перад ётавымі галоснымі ставіцца апостроф (’), а ня мяккі знак, напр.: кон’юнктура, ад’ютант, об’ект, суб’ект, кон’югацыя і іншыя, а таксама пасьля р: кур’ер, бар’ер, кар’ера, ар’ергард і іншыя.

к) У правапісе чужаземных уласных іменьняў могуць быць адступленьні ад некаторых, вышэй пералічаных правіл, каб дакладней перадаць гукавы склад гэтага слова, а дзеля гэтага ў некаторых уласных іменьнях могуць пісацца падвойныя зычныя (Эдда, Тассо, Мэкка, Мільлер, як Ганна, бонна), а літара і можа пісацца пасьля зубных і зацьвярдзелых, напр.: Люзітанія, Кадікс, Шіраз, і іншыя.

Беларускія іменьні людзей найлепш пісаць так, як гавораць у народзе кожнае мясцовасьці, напр.: Язэп, Якуб, Апанас, Лукаш, Тамаш, Грыгор, Мікола, Грышка, Тодар і Хвёдар, Костусь і Канстантын, Юрка, Антось, Ігнась, Міхась, Міхал і Міхайла, Янка, Сьцёпка, Паўлюк; Ганна, Марыля і Марыся, Наста, Юста і Юстына, Зося, Алеся, Кася, Катарына і Кацярына, Аміля, Магда і Магдалена і г. д.

л) Вульгарызованыя формы некаторых сучасных чужаземных слоў у літаратурнай мове не дапускаюцца; напр.: трэба пісаць і гаварыць: доктар, адвокат, фэльдшэр і фэльдшар, доктрынэр, гувэрнэр, вакзал, экзамэн, аэроплян, вэлёсыпэд, інспэктар, а ня іначай.

м) У чужаземных словах дапускаюцца такія злучэньні як бю, кю, гю, невядомыя беларускай мове, напр.: бюро, бюджэт, Кюрі, Гюго, Бельвю, Дэ-Бюсі, Мюзэта, Жюрі і падобн.

Практыкаваньне 59. Сьпісаць і чужаземныя словы падчыркнуць.

„Пролетары ўсіх краёў, злучайцеся!“ — пролетарскі лёзунг. Маркс і Энгельс напісалі „Комуністычны Маніфэст“. Праганяйце багоў з нябёс, а капіталістых — з зямлі! Соцыялістычная філёзофія абсолютна нясумяшчальна з рэлігійнымі ідэямі. Хрысьціянскі соцыялізм — анты-соцыялізм. Беларускае Коопэрацыйна-Выдавецкае Таварыства. У Заходняй Беларусі ляжыць цэнтр Эўропы. Гіпотэнуза, катэт і пэрпэндыкуляр. Пачатковы курс політычнае экономіі. Лёндон — сталіца Англіі. Нацыянальнае пытаньне. Студэнты Беларускага Пэдагогічнага Тэхнікуму разьехаліся на летнія вакацыі. Мілітарызм і імпэрыялізм. Тэлеграфная станцыя. Навуковы соцыялізм. Да Вялікай Расійскай Рэволюцыі на Беларусі была партыя Беларускае Соцыялістычнае Грамады. Курляндыя і Ліфляндыя — сумежныя паміж сабою. Тэхніка і супрацоўніцтва ў соцыялістычным грамадзянстве. Пролетарская ідэялёгія і ідэялёгія буржуазных кляс. Клясавая барацьба. У Фінляндыі ёсьць прыгожы вадаспад Іматра. Сумаю называецца агульны лік пры складаньні. Прамыслова-капіталістычны грамадзянскі лад. Рэволюцыя і эволюцыя. Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт. Соцыяльная рэволюцыя і соцыяльная рэформа. Конфіскацыя прыватнай уласнасьці. Псыхолёгічныя падставы панаваньня пролетарыяту.

Практыкаваньне 60. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хвядос пайшоў да нябёс (дым). Сястра стаяла на ганку. Хата пакрыта гонтамі. Фабрычныя работнікі. забаставалі. У нашым горадзе шмат фабрык. Антоля купіла сіняе хварбы. На рэчцы бывае вагар. Вагар перавярнуў човен. Хмаркі ахварбаваліся ў залаты колер. Андрэй Кузьме родны Хвёдар. Агата гуляла з Тодарам. Кніжкі ляжалі ў шуплядзе. Трапіў, як куляй у плот. Гэты дубец вельмі разгаты. Жыта пасеялі на картаплянішчы. Картопля — заморская расьліна. Ня бразгайце дзьвярыма! Выскачыў, як Піліп з канапель. Дзяўчынка пашыла сабе беленькі хвартушок. Хама з Апанасам пайшлі на рынак. Мы вучыліся арытмэтыцы. Брату купілі новыя галёшы. У нас кахляная печ. Язэп купіў пяць хунтаў цукру. Пранук пайшоў у хвальварак. Тамаш вучыўся заграніцай. Наша Хацім’я хоча капусты і бацьвіньня. Малако стаяла ў гарнушку. Яўхім прынёс бярэмя дроў. Ня фігуруйся, Грышачка! На дварэ стаялі хурманкі. Паліто было на хутры. У школах выкладаюць географію. Памылка ў фальш ня ставіцца. Камяніца была фігурыста пабудована. Мой брат гаворыць па-француску.

  1. У такіх разох ар заместа ор пад уплывам беларускіх слоў на — ар: знахар, пісар, адгэтуль і дарэктар, рэдактар, інспэктар і г. д.