Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/17
← § 16. Правапіс дзеясловаў | § 17. Правапіс прыслоўяў Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў → |
§ 17. Правапіс прыслоўяў.
Правіла 48. А) Большасьць прыслоўяў — гэта акасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы. Яны служаць у сказе акалічнасьцямі і звычайна пішуцца зьлітна з рознымі дапаможнымі словамі.
Адносна правапісу прыслоўяў трэба кіравацца наступнымі правіламі:
1) Зьлітна з прыназоўнікамі пішуцца тыя словы, што самі па сабе без прыназоўніка ня ўжываюцца, напр.: бясконца, вобмаль, здалёк, змалку, знадворку, зранку, зраньня, зьнячэўку, навотлех, навыперадкі, нанава, напавер, напярод, насустрач, наўздагон, наўцёкі, паасобку, памалу, памаленьку, патроху, паціху, помаль; спавагу, удаўжкі, ушыркі, узімку, улетку і інш.
2) Прыслоўі з прыназоўнікамі заўсёды пішуцца зьлітна, бо прыслоўе, як нязьменнае слова, ня можа мець пры сабе асобнага прыназоўніка; напр.: аможа, зусім, надарэмна, назаўсёды, напотым; пазалетась, пазаўтра, пазаўчора, патрошкі, спадыспаду і інш. (бач. прав. 20, А, 2), б).
3) Заўсёды зьлітна пішуцца словы з прыназоўнікам, калі на прыназоўнік падае націск: во́бземлю, за́відна, за́муж, за́раз, (але „забраў за ра́з“); на́нач, на́сьмехі, (падняць насьмехі); по́дню, по́дчас, по́начы, по́тым; со́сну, со́сьмеху і інш.
Усё гэта прыслоўі-акалічнасьці, бо ў беларускай мове дапаўненьне ніколі ня мае націску на прыназоўніку.
4) Адмоўныя дапаможнікі не (ня), ні пішуцца зьлітна з наступнымі прыслоўямі: неахоцьцю („Неахоцьцю пайшоў на работу“), некалі, некалісь, неўзабаве; нідзе, ніколі, нікуды, няма.
5) Але часам трудна адрозьніць прыслоўе ад назоўніка (акалічнасьці ад дапаўненьня), і калі яно стаіць з прыназоўнікам, то мы ня пэўны, як іх пісаць.
Гэта бывае ў тых разох, калі слова можа быць і дапаўненьнем, і акалічнасьцю; напр.: перапалохацца насьмерць (акалічнасьць) — убраньне на сьмерць (дапаўненьне); вучыць напамяць (акалічнасьць) — браць сабе на памяць (дапаўненьне).
У такіх разох трэба кіравацца наступнымі ўвагамі:
а) Прыслоўі, вытвараныя з іменьнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, займеньнікаў, з прыназоўнікамі пішуцца зьлітна: збоку, насустрэчу, уніз, уверх, зьнізу, зьверху, увесну, увосень, удзень, уночы, утрох, ушасьцёх, панашаму, спачатку, наадварот, дадому, паняволі і інш.
б) Асобна гэтыя словы пішуцца:
1) Калі іменьнікі стаяць з прыметнікамі: у дзень асеньні, у восень дажджлівую, у вадзін дзень, у самую восень і г. д.
2) Альбо калі дзеяслоў з прыназоўнікам патрабуе якога-небудзь склону; напр.: па няволі ня плачуць (ня плачуць па чым?), да дому было тры вярсты (было да чаго?). Але: свой свайму паняволі брат; мы прыехалі дадому (дамоў).
6) Такія формы прыслоўяў з прыназоўнікам па, як: па-беларуску, па-расійску, па-нямецку, па-дзіцячы, па-дзявочы, па-воўчы і падобныя лепей пісаць з злучком, бо калі пісаць іх зьлітна, то прышлося-б у слоўніку ставіць адно і тое слова два разы: без прыназоўніка і з прыназоўнікам.
7) Трэба заўважыць правапіс наступных прыслоўяў: раз-по-раз, перш-на-перш, гады-ў-рады, калі-ні-калі, як-ні-як, дзе-ні-дзе, ледзьвя-ні-ледзьвя, ледзь-ледзь, чуць-чуць, больш-менш, абы-дзе, абы-як.
- Увага. Прыслоўе „таксама“ пішацца зьлітна, калі не выражае параўнаньня; напр.: „іменьнікі, прыметнікі, а таксама лічэбнікі і займеньнікі — зьменныя часьціны мовы“. Але: „шэсьць“ скланяецца так сама, як і „пяць“.
Б). Канцовыя гукі ў прыслоўях.
Правапіс канцовых гукаў ў прыслоўях найчасьцей залежыць ад таго, як гэтыя прыслоўі вытвараны, г. значыць, якую форму ад якой часьціны мовы яны становяць; напр.:
а) Я ў канцы знаходзім у тых прыслоўях, што становяць сабою формы даўнейшых дзеяслоўных прыслоўяў цяперашняга часу: наўмысьля, адумысьля, загадзя, ледзьвя, малавеля, таквеля, як хаця, пасьля, або проша, а таксама ў прыслоўях: сёньня (сёдня, сягодня) і сёньні, зраньня і інш., бо гэта формы роднага склону іменьнікаў, як сёлета.
б) У ў канцы знаходзім у прыслоўях, што становяць формы роднага ці вінавальнага склону: зранку, змалку, зьнячэўку, знадворку, спадыспаду, спавагу, улетку, узімку і інш., як пяску, смутку, кніжку.
в) Прыслоўі, што канчаюцца на „на“, часам ужываюцца з „не“, напр.: пэўна — пэўне, слушна — слушне, сільна — сільне, нудосна — нудосьне, надарэмна — надарэмне, зграбна — зграбне, наўмысна — умысьне, а таксама тымчасове (тымчасова, тымчасам), годзе — годзі, дзе е ў канцы паказвае на форму меснага склону іменьніка, як балазе (=добра; „балазей“ — форма параўнальнай ступені ад „балагі“=добры, як лепей ці ляпей).
г) Прыслоўі з неазначальнай часткаю „ці“: дзесьці, калісьці, некалісьці.
Практыкаваньне 57. Сонца зранку жарам пыша; ветрык лісьце чуць калыша, вее чуць паўз верх зямлі (Я. Кол.). Што ўвесну ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Гэта зроблена наўмысьля. Ішлі мы памаленьку, вобмацкам, каб папацёмку (попацемку) на што не наткнуцца. Абы-як прышло — лёгка і з рук сышло. Увесну — кораб вады, да коўш гразі; а ўвосень — коўш вады, да кораб гразі. Дзе недагляд, там заўсёды наклад. Грозен рак, да ззаду вочы. Папаў, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. Ні адтуль, ні адсюль. Не сядзі бокам: тут табе не нарокам. Сеў уперак: ні назад, ні наперад. Ляціць конь заморскі, іржэ па-польскі (камар). Шатавіла-матавіла па-нямецку гаварыла (ластаўка). Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Пусты ўлетку нашы сёлы. Увосень уся прырода пачынае заміраць. Падарожныя ад утомы ледзь перастаўлялі ногі. Ад кургана да кургана, ад гаю да гаю ў пяць нітак лягла цьмяна дарожка крывавая. Усьлед думкам неспакойна вецер падпявае. Апалае ўвосень лісьце пойдзе расьлінам на карысьць. Усе пералётныя птушкі пакідаюць нас назіму ды ляцяць у вырай; застаюцца зімаваць толькі галкі, вароны, вераб’і, сарокі, цецярукі ды яшчэ некаторыя птушкі. Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць, і тады баязьлівы чалавек самую пустую рэч прымае за няма ведама што. Баба перапалохалася насьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. Уканцы зайшла гутарка пра розныя здарэньні. Ой памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрца не ўражай! Гэта ўжо занадта! Памажы мне, галубка, ячмень зьвязаць! — Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца! Наша ластавачка, напрыклад, лятучы ў вырай, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Воўк увелькі з сабаку. Ажно падышлі нарэсьце тыя самыя людзі. Каля самага берагу, у вадзе, чуць-чуць шарасьцеў чарот. Сьпераду ляцяць самыя дужыя птушкі — правадыры. На чужыне птушкі жывуць усе разам: і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі, а навокала — драбязга: валасянкі, падманкі, беражанкі і жаваранкі. Дзе-ні-дзе садок зялёны. Памалу далей станеш. Часам я ўночы сны дзіўныя бачу. Жаданы час нарэшце настаў. Заўтра рана, яшчэ досьвіту, пойдуць яны ў дарогу. Навет (нават) свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. І ўспомнілася мне казка, каторую даўно-даўно, у часы шчасьлівага дзяцінства расказвала мне нябожчыца-баба. А вясна тымчасам рабіла сваё дзела. Перш-на-перш, мы суседзі. Сонца ўдзень распускае там косы свае, ночкай зоры глядзяць залатыя. Праца марудна, бясконца цяжка! Не аб шумна-разгульнай бяседзе-разгульлі, не аб славе забытага краю гэту песьню сягоньня складаю (Я. Куп.). Хоць раз да наўскач. Усяго патрошку. Да дому было тры вярсты. Мы прышлі дадому (дамоў) раніцай. Сьпераду грэе, а ззаду вецер вее. Шматавіла-матавіла па-нямецку гаварыла, па-турэцку заварочвала; сьпераду шыльца-вільца, спадыспаду палатно, а зьверху аксаміт (ластаўка). Так-сяк, накасяк, абы не па-людзку. Свой свайму паняволі брат. Па няволі ня плачуць. Аднаму годзі (годзе), а другому глодзі (глодзе). На яду мастак, а на работу сяк-так. Поверх дзярэўя ходзіць. Поўна, роўна, к верху дном. Галоднаму воўку і заветра понутру. Пад’еў ды набак. І адсюль баляча, і адтуль гарача. Змоладу прарэшына, а пад старасьць дзірка. Любага госьця ўлетку частуюць мядком, а ўвосень — малачкам. Датуль збан воду носіць, покі вушка цэла. Здалёка бачыць тваё вока. Знасілу ніхто ня служыць. У яго і ўзімку лёду не дастанеш. Уніз пайшоў. Ня войтава дачка, а дарэчы гаворыць. Упоперак стала. Калісьці было, да быльлём зарасло. Ні калі то было, ні калі то будзе. Наўрад, каб хлеба стала да каляд. Пакуль на гумне цэп, патуль на стале хлеб. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Сваю будову мурашкі начынаюць зьнізу. Хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля? Гэта мурашкі. Мурашкі працуюць удзень бесьперастанку.