Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/12
← 11. Камень | 12. Навальніца Апавяданьне Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1927 год |
13. Першае гора → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Навальніца (Галубок). |
12. Навальніца.
Над вялікім, даўно ўжо пакінутым і заглохлым садам зьбіралася навальніца. Цяжкія хмары паўзьлі па шэрым небе і, выцягваючы свае лапы, падпаўзалі бліжэй да сонца, каб згасіць яго. Чорныя цені, што паляглі на зямлі ад хмар, наводзілі на ўсё жывое страх.
Спужаўся і задрыжаў сад, бо прачуваў, што можа стацца, калі навальніца пачне крышыць бяз літасьці худзенькія дрэўцы, між каторымі толькі стары дуб стаяў сьмела і адважна, паглядаючы вясёла ў вочы цёмным хмарам.
Што значыць яму навальніца? Ці раз бывала, што віхры парываліся схіліць яго да зямлі, але ўсё дарма: ён мала дбаў і толькі сьмяяўся над непагодай.
Дый так, чаго, здаецца, было пужацца, калі ён пад зямлёй крэпка ўмацаваў сваё карэньне, даючы яму вольна расьці і ўшыркі, і ўдоўжкі, а над зямлёй высока дзяржаў векавую зялёную карону.
Добра ведаў стары дуб, што ўвесь сад ня меў вока на яго за тое, што карэньне забірала ад іх пажыву з зямлі, а вечная засень глушыла маладыя ўсходы. Ды такое бяды: ён меў толькі адну думку, каб як-небудзь зьніштожыць ненавісных суседзяў сваіх, а на іх месцы выгадаваць дубовы гай.
Цярпліва пераносілі крыўды засохлыя дрэўцы і час-ад-часу выміралі праз ласку дуба, жадаючы ў адплату і яму пагібелі, а той толькі рос і радаваўся, звысока гледзячы, як канчалі жыцьцё тоненькія лазінкі і алешынкі. І ніхто з іх ня ведаў, якая доля чакае таго дуба.
Тымчасам пад зямлёй, дзе крэпка сплялося яго карэньне, жыло шмат маленькіх злосьнікаў, каторыя дзень і ноч вялі пільную працу. Хоць гэта і марудная была праца, але пэўная, і праз іх ласку дуб даўно ўжо пачаў траціць сілу ў карэньні.
І настаў дзень, калі на падмогу працы схаваных маленькіх чарвячкоў наляцела шалёная навальніца, як-бы зрабіўшы з імі хаўрус дзеля згубы таго, хто так горда глядзеў у неба і ня схінаў прад ёй свае галавы. Хмары, як няпрытомныя, паўзьлі ўсё бліжэй к сонцу; халодны вецер гнаў з дарог пыл і, скруціўшы ў слуп, растрасаў з боку ў бок; брызнуў густы дождж, і стрэліў пярун. Глянуўшы на сілу навальніцы, страпянуўся дуб і, выпрастаўшы шырокія грудзі, прыгатаваўся сустрэць націск, як калісь бывала; тымчасам хмары ўжо папаўзьлі на сонца, загасілі яго і сунуліся ў цемнаце далей. Задрыжалі тоненькія дрэўцы, прыляглі к зямлі ды чакалі сьмерці. Задрыжаў і дуб, і пад дзікім націскам ветру пачала хіліцца яго зялёная карона.
— Глядзі, суседка! шаптаў арэшнік, прытуліўшыся к сасьне: — глядзі! Такі дуб хінецца, цяжка і яму прышлося…
Але не дакончыў арэшнік, і не пачула яго сасна: ударыла маланка, задыміўся і зваліўся апалены дуб і бяз ліку пахаваў пад сабою маленькіх дрэўцаў.
Навальніца, як цёмная вялізная птушка, уцякала далей.
Дождж сьціхаў, і дзе-ні-дзе з-за хмар паказвалася яснае неба. Шмат палягчэла тым дрэўцам, што асталіся ў старане. З прывычкі яшчэ пудліва паглядалі яны на дуб, што распластаны ляжаў у садзе, але ніхто цяпер ня гінуў ад вечнае засені, і ўсім стала прасторна.
Пачарнелы пень старога дуба дзіка глядзеў у высь і адзначаў месца, дзе жыла векавая сіла.
Т. Гушча.