Беларускі правапіс (1927)/Прадмова/I
I. Прынцыпы беларускага правапісу Прадмова Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
II. Як ставіць навучаньне правапісу → |
І. Прынцыпы беларускага правапісу.
Стала і дакладна апрацованы правапіс даў нам Б. Тарашкевіч у сваёй граматыцы „Беларуская граматыка для школ“, Вільня, 1918 г. Гэты правапіс і прынят цяпер нашымі школамі, выдавецтвамі і пісьменьнікамі. Ніхто проці яго не выступаў; усе прызналі яго сваім, і такім парадкам правапіс Б. Тарашкевіча стаў беларускім правапісам. Можна з пэўнасьцю сказаць, што правапіс гэты, паступова выправіўшы некаторыя драбніцы, у васнове сваёй застанецца нязьменным.
Як ведама, у васнову нашага правапісу паложаны: такія прынцыпы: а) фонэтычны, б) эгымолёгічны, в) прынцып традыцыі (Б. Тарашкевіч, Прадмова, стар. 4) і г) прынцып напісаньня чужаземных слоў (Лёндон, кляса, нацыя, партыя, тэлеграма, арытмэтыка).
З гэтых прынцыпаў найбольш шырока ўжываецца прынцып фонэтычны для напісаньня галосных гукаў (вада, зямля, селянін, рэкі — рака) і прынцып этымолёгічны для напісаньня зычных (казка замёста каска, як чуваць; просьба, а ня прозьба, гарадзкі, а не гарацкі, хлеб, зуб, мох, мог і г. д.).
Разумеецца, правапісальнае пытаньне лягчэй за ўсё можна было-б разьвязаць такім спосабам, каб у напісаньні слоў трымацца аднаго фонэтычнага прынцыпу, каб можна было пісаць так, як чуваць, каб вока бачыла тое, што чуе вуха. Але датрымаць фонэтычнага прынцыпу да канца — немагчыма. Немагчыма гэта ўжо дзеля таго, што няма такой азбукі на сьвеце, каб можна было дакладна перадаваць на пісьме ўсе гукі нашае мовы. Такой азбукі і прыдумаць трудна, бо гукі ў жывой мове вымаўляюцца розна, у залежнасьці ад гаворак. Акуратна дапасаваць літары да гукаў практычна немагчыма і непатрэбна. Мова кожнага народу, не зважаючы на ўсю яе суцэльнасьць, мае шмат асобных, мясцовых гутарак, якія, маючы агульныя карані і формы слоў, розьняцца паміж сабою акцэнтам і вымоваю слоў.
Такім парадкам, наш правапіс, палажыўшы ў аснову напісаньня беларускіх слоў падвойны і нават патройны прынцып (фонэтычны, этымолёгічны і традыцыйны), дбае аб адным, каб па магчымасьці перадаць на пісьме ўсе асаблівасьці тае гутаркі беларускае мовы, якая легла ў аснову літаратурнае мовы.
Процэс вытварэньня нашае літаратурнае мовы адбыўся натуральна, вольна і без пабочнага прымусовага ўплыву, бо ў часе вытварэньня яе Беларусь ня мела адзінага каманднага цэнтру, які мог-бы пакіраваць разьвіцьцё ў свой бок, выходзячы з свайго мясцовага патрыотызму. Дзякуючы вольнаму разьвіцьцю, яна ўвабрала ў сябе ўсе чыста беларускія асобнасьці іншых беларускіх гаворак і цяпер у поўнай меры можа лічыцца сапраўды народнай, агульна беларускай мовай. Разьвіўшыся на грунце менска-вілейскай гаворкі (цьвёрдае р і вялікае аканьне), яна шырока адбівае ў літаратуры ўсе асобнасьці іншых гутарак беларускага народу і заняла пануючае палажэньне. Прынамсі, дагэтуль не рабілася спроб адмежаваньня, — ніводная гаворка не памыкалася стаць літаратурнай, хоць перашкоды для гэтага ня было. Само жыцьцё паказала, якая гаворка мае найбольш сілы і здольнасьці для літаратурнага разьвіцьця. А раз вызначылася літаратурная мова, то можна было апрацаваць сталы правапіс, або аднастайнасьць пісьма.