Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 3. Мяккі знак і апостроф § 4. Літары ў, й і прыдыханьне
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 5. Правапіс зычных гукаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 4. Літары Ў, Й і прыдыханьне.

Правіла 4. Літары Й і Ў. Літары Й і Ў пішуцца тады, калі гукі і і у ня твораць асобнага складу, напрыклад: рай, мой, вайна, хвойка; быў, воўк, кароўка, пісаў.

Практыкаваньне 5. Сьпісаць і словы з літарамі й і ў падчыркнуць.

Паехаў мой сынку на вайну. Згінуў сьнег з сырой зямлі. Ані вухнуў, ані рухнуў. А воўку памоўка, а воўк тут. Мы знашлі малога зайчыка. Ня руш нічога і ня бойся нікога. Будзь здароў, як рыжык бароў. Май усяго даволі, а бяды ніколі. Або пан, або прапаў. На мяжы расла хвойка. Бярэш кароўку, бяры й вяроўку. Мы чыталі байку пра зайца. Поўнач пеўні пракрычалі. У нашага барана роўная воўна. З поўначы холаду, сіверу буйнага, гусі на поўдзень ляцяць. Стукаў дзяцел і жаўна. Прыветна сонейка глядзіць. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыне. Май — каню сена дай, а сам на печ уцякай. Поўна бочачка віна, нідзе дзірачкі няма. Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! Над палямі змрок прарваўся, па нізе расплыўся. Міма хмурынка прашла. Між палёў шырокіх я адзін стаю. Уецца павуціна. Стагі на лузе вежамі жаўцеюць. Роўненькім шнурочкам жураўлі на вырай ляцяць над лясочкам. Салавей у гаі сьвістаў.

Правіла 5. Калі гукі у, і стаяць асобна ці на пачатку слова, то бываюць то складовыя, то нескладовыя:

1) Ў (нескладовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны гук. Напрыклад: Пусты ўлетку нашы сёлы. Было ў бацькі тры сыны.

2) У (складовае) пішацца тады, калі папярэдняе слова канчаецца на зычны гук, або калі перад у стаіць які-небудзь знак прыпынку, а таксама на пачатку пісьма (Над ракой туман узьняўся. Чуцен сьвіст у полі. Усюды зелена, усё расьце, усё наліваецца).

Увага. У вершах дзеля разьмеру можа быць ў заместа у — і наадварот. Напрыклад:

Чыстых хмарак валаконцы
Сталі у кружочак
Вышай лесу, проці сонца
І сплялі вяночак.
(Я. Колас).

Пачатковае у ў чужых словах у нашай мове ніколі не чаргуецца з ў, напр.: унівэрсытэт, унівэрсал, узурпатар, Уран, Угоршчына і г. падб.

Ёсьць асобныя словы, якія мы ўжываем толькі з у (складовым), напр.: увага, уважны, угода, умова, урад, упадак, уціск, уклад, ухвала і некат. іншыя.

3) Гук і, стоячы асобна ці на пачатку слова, таксама пасьля галосных становіцца нескладовым, але не заўсёды (бач. § 23). Напрыклад: Прышло й лета. А хто там ідзе? Ён ідзе, яна йдзе.

Практыкаваньне 6. Работа даўно скончана. Пуста й гола ўсюды. Пачарнеў шырокі луг. Яны ўвашлі ў хату. Хмарка на неба ўзышла. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Сонейка толькі што ўзышло. Бацька й маці вярнуліся з поля. Аднаму і ў кашы няспорна. Птушкі ў лесе шчабяталі. На ўзгорку расла грушка. У чужое шчасьце ня мухай упасьці. У родным краі, як у раі. Салавей сьпяваў у гаі. Аўдзей усё між людзей. Ляніваму каню й дубіна ня страшна. Сіла й салому ломіць. Нават свойскія качкі й гусі пачуваюць час выраю. Воўка ногі кормяць. Хто дбае, той і мае. Сабраліся хлопцы ўвечар. Увосень багат і верабей. Дабро для ўсіх — наш правадыр. Хто быў нічым, той стане ўсім. Ужо прамінулі няўзгоды пакутныя. Вот узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Куды ні глянь — усюды зелена. Ён яго й поіць, і корміць. Тухнуць агні, і ўсё заціхае. Агні патухлі, усё заціхла. Вот табе й на! Цесна зьбіліся нашы хаты, як авечкі ў летні жар. Адны вочы й плачуць, і сьмяюцца. Баламутка на ўсякія штукі хутка. Даль паўнютка ціхай смуты. Лес туманам заснаваўся. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. Вецер увосень жудою шуміць.

Правіла 6. Калі слова пачынаецца з галоснага гуку а, у, ці э пад націскам, то перад імі можа стаяць прыдыханьне в або г: вочы, вокны, возера, Ворша, вуха, вугаль, гэты. Прыдыханьне можа стаяць і ў сярэдзіне слова паміж двума галоснымі: навука, павук, цівун.

Прыдыханьне і, а часта зьяўляецца перад злучэньнем двух або трох зычных на пачатку слова: іржа, імгла, імжака, ільняны—альняны, Альбоў (гарад), аўторак, аржаны—іржышча.

Калі слова пачынаецца галосным гукам а ды стаіць пасьля нескарочанага у, то перад а заўсёды будзе прыдыханьне в: Дом у вагні, але — На лузе гарэў агонь — тут ужо слова агонь ня мае прыдыханьня. Працуй да поту, а еж у вахвоту. Аж у ваччу пацямнела, але — Зыдзі з аччу і г. далей.

Практыкаваньне 7. Навука лепей за багацьце. Навука дае чалавеку розум. Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. У ваднае мацеры пяць сыноў (пальцы). Пастушкі разлажылі агонь. Дом у вагні. Ні акон, ні дзьвярэй — поўна хата людзей (гарбуз). На адно вуха глуха, а на другое ня чуе. Іржуць коні за Сулаю. Увосень лётае павуціцьнё. Ці Лявон, ці не Лявон, а з раду ня вон. Іржа залеза есьць. Вузел быў хітра завязаны. Сьляпому вочы завязаны. За вачыма сьвету ня бачыць. З ільну ткуць палатно. На прыгуменьні стаяў азярод. Снапы сушылі ў азяродзе. Снапы сушаць у вазяродах. Вокны адчынілі. У вадчыненым акне разьбілася шыба. Прыехаў мой брацейка з Альбова, пытаецца — сястрыца ці дома? З пахмурнага неба сыпалася імжака. Дзеці знашлі асінае гняздо. У васіным гнязьдзе былі ашчыны. У сад вяла вузенькая сьцежка. Халодная восень прышла. Халодны асеньні вецер. Аржаная каша сама сябе хваліць. Жыта пасеялі на ільянішчы. Сем варот у вадзін агарод. Коні ймчаліся наўскапыта. Гэты цьвеце па ўсім сьвеце. Воран ворану воч ня выклюе. Дзеці забілі вужаку. Воўк залезны, а хвост альняны (іголка й нітка). Каменны вугаль дастаюць з зямлі. Імглін — павятовы горад на Чарнігаўшчыне. Птушка ня крыкне нідзе ні адна. Ніводнае зернятка не прапала. Радзівон касіў грэчку. Два мядзьведзі ў аднэй бярлозе ня месьцяцца. У ваднэй дзежачцы два цесьцечкі (яйцо). Аколіцы Вільні вельмі прыгожыя.

ЗАДАЧКА 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, у або ў.

Яны +вайшлі + хату. Хмарка на неба +зышла. Птушкі + лесе шчабяталі. Пусты + летку нашы сёлы: +се на полі за сярпом. Былі + бацькі тры сыны, да +се-ж яны Васілі. Жар гарыць + печы. Салавей сьпяваў + садзе. У родным краі, як + раі. Ціха на полі + палудзень гарачы. На +згорку расьце хвойка. Многа тут гразі + нягоду, многа пылу + летні жар. Аўдзей +сё між людзей. Сонейка толькі што +зышло. Нешта зьвініць + небе тоненькім срэбным звонікам. Жураўлі +гары крычаць. Куды ні глянь — +сюды зелена. Цесна зьбілісь нашы хаты, як авечкі + летні жар. Збожжа без пары пажоўкла + полі. Вада + рэчках абмялела. Вот +зышла +жо першая вячэрняя зорка. Пачуецца сабачы брэх, і +сё заціхае. Хлопцы надумаліся пайсьці + грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі + іх вачох. Гаснуць агні па хатах, і + вёсцы наступае цішыня. Месяц яшчэ ня +зышоў. Са страхам +зышоў Міхась на ганак школы. + школе яшчэ нікога ня было. За вёскай + полі прытуліліся могілкі. Могілкі + полі адны-адзінюткі. На +зьмежку расла груша. Цяжка +здыхнуўшы, збаны пастаўлялі, клункі на межы паклалі жнеі. Шчыраю рукою убрала лета +весь белы сьвет. Сабраліся хлопцы +вечар. Страхі найчасьцей здараюцца +начы. + чужое шчасьце ня мухай +пасьці. Баламутка на +сякія штукі хутка.

Практыкаваньне 8. Перапісаць і заўважыць правапіс гуку і.

Прышло й лета. Бацька й маці вярнуліся з поля. Мы йшлі на рынак. Ён яго й поіць, і корміць. Стукаў дзяцел і жаўна. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. Калі не наеўся, то й не наліжашся. Моцна сьпіць шырокая рака: глядзіш і здаецца, што яна мёртвая. Але гэта толькі здаецца: пад ковамі лёду йдзе работа, кіпіць жыцьцё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі. Варушыцца рака: чуе й яна вясну новага жыцьця. Трасе яна сваімі дужымі плячамі, і лёд ломіцца й трашчыць. На беразе стаіць цэлая куча народу. Тут і старыя й малыя, мужчыны й дзеці. Аднаму — і ў кашы няспорна. І рыкам леў сваім будзіў і лес стары, і чыста поле. Альбо йграй, альбо грошы аддай. Было ліха ды й пагоршала. Самі сьлёзы йдуць. Вот табе й на! З чаго хлеб, з таго й пірагі. Дудар дудару дарма йграе. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся. Ужо й халодная восень прышла. Толькі жыта маладое расьце й руніцца. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. Пуста й ціха ўсюды. Сьпяць зімою купчастыя бярэзіны і магутныя дубы. Сьпяць і заўсёды зялёныя хвоі й яліны. Кусты й дрэвы таксама здаюцца нам зімою мёртвымі. Лісьце дрэву непатрэбна ўвосень, і яно іх скідае. Абміраюць на зіму й вужакі, і жабы, і яшчаркі. Золата і ў попеле відаць. Калі грыбна, дык і хлебна. Нават свойскія качкі й гусі пачуваюць час выраю. Яны падлятаюць, крычаць і лапочуць крыльлем. На чужыне птушкі жывуць усе разам: тут поплеч і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі. Мяккі сьнег лятае пухам і канца яму няма. Хто дбае, той і мае. Сіла й салому ломіць. Хай імчыцца наша песьня птушкай па-над гаем!