Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 2. Перанос слова § 3. Мяккі знак і апостроф
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 4. Літары ў, й і прыдыханьне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 3. Мяккі знак і апостроф.

Правіла 3. Мяккі знак не азначае ніякага гуку, а толькі паказвае на пісьме, што зычны гук вымаўляецца мякка: соль, конь, сінька, бацька, дзядзька; столь—стол, вугаль—вугал.

Літара Ь пішацца тады, калі зычны гук чуваць мякка: гусь, пальцы, камень, кузьня, сенажаць, чытаць.

Часам Ь паказвае на пісьме, што мяккі зычны ня трэба зьліваць з наступным галосным (зьем, зьява).

Пасьля цьвёрдага зычнага ставіцца ў такім разе значок (апостроф) над радком паміж літарамі: аб’явіць, пад’есьці, п’яўка, пер’е, сям’я.

Увага. 1) Пасьля зычных б, п, м, ніколі ь ня пішацца: каб ня зьліваць іх з галосным, ставяць апостроф, і толькі пасьля з у такіх разох пішацца ь (зьесьці, звяўленьне).

2) Апастроф ставіцца яшчэ ў тых разох, калі трэба паказаць на пісьме, што слова скарочана (мо’ трэ’ ’шчэ).

Практыкаваньне 4. Настала халодная восень. Надвор’е пахаладнела. Мядзьведзь любіць мёд. Жаль увагі ня мае. Уся сям’я п’е гарбату. Беларускае пісьмо. У кузьні паляць вугаль. Нудна над вухам зьвініць авадзень. Кожны вугал неласкава глянуў на Алеся. Столь пабелена мелам. Стол накрываюць настольнікам. Каваль куе сталь. Брыдка быць нямыцькам. Матку жаласьць агарнула. Вёска стаяла на ўзгор’і. Горка зьесьці, а жаль пакінуць. У паветры ўецца павуціна. Дзе п’ецца, там і льлецца. Адам уе аборку. Разьюшаны леў вельмі страшны. На сем двор адзін тапор. Голуб сеў на стрэху. Многа народу зьехалася на кірмаш. Добрым людзям на здароўе. Зьзяе на небе яснае сонца. Вераб’і шчабяталі. Здарэньне новага зьяўленьня. Даб’ёмся самі лепшай долі. Госьці ўжо разьехаліся. Вецер разьвеяў пер’е. Адзін хоць зьеж вала — усё адна хвала. Кіньма думкі аб долі гаротнай! Ня трацьце марна часу! Сядзьма на калодзе, пагаворым а прыгодзе. Работа й корміць, і поіць. Чужая болька нікому не баліць. Тань, да тавару ня гань. Дзяўчаты пашлі ў тан. Плыты сталі на мель. Мел капаюць у гарах.

ЗАДАЧКА 2-ая. Сьпісаць і пасітавіць, дзе трэба, заместа крыжыка Ь.

Кон+ бяжыц+ — зямля дрыжыц+. Мядзьведз+ любіц+ мёд. Настала халодная восен+. Жал+ увагі ня мае. У нашай хаце стол+ пабелена мелам. Мы купілі новы стол. Нудна над вухам зьвініц+ авадзен+. Пятрус+ купіў сталёвыя кан+кі. Кавал+ куе стал+. Мол+ паела вопратку. Хлопчык парэзаў сабе пал+цы. Гаспадар прадаў сажан+ дроў. Беларускае піс+мо. Кол+кі табе год? Сасновыя дровы вельмі колкі. Каму гаравац+, таму ня ўмірац+. Абцёр бац+ка вус рукою, твар і лоб свой лысы. Надз+муўся, як мыш на крупы. Кінуў ён гул+ню з сябрамі. Кожны вугал неласкава глянуў на Алеся. У куз+ні паляц+ вугал+. Побач з хатай стаяла варывен+ка. Эх, як міла, весялен+ка ў роднен+кім куточку! Матку жалас+ц+ агарнула. На гул+ню пустую плюн+, махні рукою. Вось на мел+ плыты ўзагналі. Мел патрэбен для бялен+ня с+цен. Брыдка быць нямыц+кам. Нямыц+кі гарады дзержац+. Сядз+ма на калодзе, пагаворым а прыгодзе. Пад вечар цен+ большае. Тан+, да тавару ня ган+. Дзяўчаты пашлі ў тан.

ЗАДАЧКА З-яя. Сьпісаць ды паставіць, дзе трэба, заместа крыжыкаў Ь або ’ (апостроф).

Адзін хоць з+еж вала — усё адна хвала. Чэрві аб+елі лісьце. Аб+явілі набор. Нудна выглядае надвор+е ўвосень. Дзе п+ецца, там і льлецца. Яны аб+ехалі навокала сьвету. Здарэньне новага з+яўленьня. Ён сеў ды з+еў увесь абед. З+зяе на небе яснае сонца. Многа народу з+ехалася на кірмаш. Мы пад+ехалі к гары. Засталіся адны аб+едкі. Нядаўна быў з+езд. Конь п+е воду. Вераб+і шчабечуць. Надвор+е пахаладнела. Вецер разьвеяў пер+е. Пад+ярэмнае жыцьцё. Ледзь уз+ехалі на гару. Вёска стаіць на ўзгор+і. Іржа з+ела залеза. Б+ецца, як рыба аб лёд. Вырасла травінка ў сям+і прыгожых васількоў. Уся сям+я п+е гарбату. Зьвяр+ё жыве ў пушчы. Ня я б+ю, вярба б+е. П+яўкі жывуць у балотнай вадзе. Пад+яжджаючы пад горад, мы здалёк ужо бачым вежы і хвабрычныя коміны. Госьці ўжо раз+ехаліся. Ад п+янства дабра ня бывае. На бязрыб+і і рак рыба. Усім па сем, а гаспадару восем, гаспадыні дзевяць, бо хораша дзеліць. У нас завёўся дзікі голуб. Раз+юшаны леў вельмі страшны. Горка з+есьці, а жаль пакінуць. Ходзяць па полю ў раздум+і мужчыны.