Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 29. Кропка, кропка з коскай і двукроп‘е § 30. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 31. Знакі прыпынку ў склад.-злуч. сказе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 30. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе.

Правіла 12. У зьлітым сказе падобныя члены аддзяляюцца коскаю:

1) калі яны ня зьвязаны ніякім злучнікам. (Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць);

2) калі злучнікі паўтараюцца. (Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні кветак, ні грыбоў. Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні. То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны);

3) калі аднакія члены зьвязаны злучнікамі а, але, ды (=але). (Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Жыта злажылі, ды не надоўга).

Увага 1-ая. Коска ня ставіцца: 1) пасьля апошняга падобнага члену. (Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня);
2) калі перад аднакім членам стаіць адзін раз і. (Перад ім цьвілі і пахлі лугі і нівы залатыя);
3) калі злучнік і замяняецца злучнікам ды. (Сонца высока стаіць на небе ды бяз жалю паліць землю);
4) калі злучнікі або, ці замяняюцца злучнікамі і. (Жыта жнуць, вяжуць, сушаць, звозяць у гумны або складаюць у копы. Жыта сушаць на сонцы ці дома на печы ды мелюць у жорнах або ў мліне).
Увага 2-ая. Трэба адрозьніваць злучнік і ў зьлітым сказе ад злучніка і, якім пачынаецца новы сказ з сваім асобным дзейнікам; тады перад і ставіцца коска. (Сонца прыгрэе, і сьнег растае. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара).
Увага З-яя. Злучнік „і“ можа быць памацняльным словам, напр.: Вот і ўсё. Вот і добра. І туз часам ваду возіць.

Часам „і“ мае значэньне прыслоўяў „нават“, „таксама“, напр.: Няўжо-ж ты й гэтага ня ведаеш?
Калі „і“ служыць памацняльным словам або прыслоўем, то пасьля галоснага перад зычным перастае быць складовым (скарачаецца) ды вымаўляецца зьлітна з папярэднім словам, напр.: То й добра. Галоднаму й пушнінка — малінка. Сіла й салому ломіць. Вот табе й на! Прышло й лета.
Але калі на памацняльнае „і“ наўмысьля робяць націск, то яно „не скарачаецца“, хоць-бы сабе стаяла паміж галосным і зычным, напр.: Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Ляніваму каню і дубіна ня страшна. Аднаму і ў кашы ня спорна. Пасьля паўзы (на пісьме — пасьля знаку прыпынку) таксама знаходзім „і“ складовае (нескарочанае), напр.: Тут былі — і старыя, і малыя, бабы й дзеці. Ідзе жняя, і весела пяе.
Будучы злучнікам, „і“ падмяняецца нескладовым „й“, пры тых-жа самых фонэтычных умовах, але толькі ў тых разох, калі злучае аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, што ня маюць пры сабе паясьняльных слоў, г. зн., у тых адно разох, калі „і“ злучае чыстыя аднолькавыя часьціны зьлітага сказу, напр.: Гром гудзе й гудзе бесперастанку. А цёмната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Тут поплеч рэчка й поле. Пуста й гола ўсюды. Бацька й маці вярнуліся з поля. Саха й барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць.
Але калі паміж аднолькавымі часьцінамі зьлітага сказу стане паясьняльнае слова, або калі яны разаб’юцца іншаю часьцінаю сказу, то злучнік „і“ застаецца складовым (нескарочаным), напр.: Яны разам вучыліся і разам пасьвілі авечкі ў полі. Ён цяпер мае свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба. Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, мухаморы і іншыя.
У вершах дзеля складнасьці „і“ можа быць складовым і нескладовым незалежна ад пералічаных умоў, напр.: Стогне, плача і галосіць завіруха злая. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полю. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае.

Практыкаваньне 7. Сьпісаць ды заўважыць знакі прыпынку ў зьлітым сказе.

Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. На зіму абміраюць і вужакі, і жабы, і яшчаркі. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню, але сьвяціла яшчэ горача. Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць. Песьні, крык і гоман слухаў дзед Завала. І зелень, і кветкі, і песьні, і неба вясёлая яснасьць. Тут былі і старыя, і малыя, бабы і дзеці. Вераб’і, вароны й галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Вербы і вольхі калышуцца глуха. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засьвістаў. Цьвёрдую глебу рэж, уздымай. Надышла хмара з громам, з маланкаю. Зацьвіла яблына, сьліва й груша. Весела й хутка, мінюта ў мінютку сойдзе нам час. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. Ціха, важна, спакойна, густа й страшна пранёсься ў небе першы гром. Над лесам бліснула яркая, борздая маланка ды накрыж перасекла хмару. Павеяў вецер і пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Край неба блішчаў шырокаю чырвонаю стужкаю. Цемната ўсё гусьцела й гусьцела ды закрывала ад вачэй і поле, і лес. Зоркі блішчалі й пераліваліся дзіўным блескам. Круглы месяц запаліў ліхтарык ды ціха сьвяціў над чорнай зямлёю. Поле, луг і гай, і лес схаваліся ў цьме ночы. Дрэвы, гумны, хаты абліліся ціхім сьветам месяца. Сядзіць наш дзядзька, пазіхае і служку-стоража чакае. Ляціць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. Чалавек бачыць вачыма, чуе вушамі, нюхае носам. З гліны людзі робяць цэглу, гаршкі, а з пяску — шкло. На чужыне птушкі гнезд ня ўюць, песень не пяюць, а толькі церпяліва чакаюць, калі кончыцца наша зіма. Мор і голад, і паводкі іх спалохаць не маглі. Лес наступаў і расступаўся, лужком зялёным разрываўся. Садок быў, праўда, невялічкі: дзьве вярбіны да тры дзічкі. За хатай поле пачыналася, дзе рос авёс, ячмень і грэчка.

Правіла 13. 1) Часам перад аднакімі членамі ў зьлітым сказе стаіць слова, якое абагульняе гэтыя члены; тады перад пералічэньнем іх ставіцца двукроп’е або працяжнік, калі слова, што абагульняе, стаіць адно, бяз іншых якіх-небудзь слоў. (З гліны чалавек робіць такія рэчы: цэглу, гаршкі, гарнушкі, міскі й талеркі. Усюды — направа й налева быў парадак там і лад).

2) Калі такое слова стаіць пасьля пералічэньня аднакіх членаў, то перад ім ставіцца працяжнік (Хата й сені, лава й печ старая — усё ня так, як дома).

3) Таксама ставіцца працяжнік тады, калі зьліты сказ пачынаецца доўгім радам аднакіх членаў. (Абломкі хат, бярвеньне, кроквы, старыя шулы, пажыткі людзкія, сарваныя навальніцай масты, труны з размытых могілак — плылі па вуліцах).

4) Калі ў зьлітым сказе няма слова, якое абагульняла-б аднакія члены, то перад імі ніякага знаку ня ставіцца. (У восень усе птушкі вылятаюць у вырай, астаюцца толькі вераб’і, галкі, вароны, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак).

5) Значна пашыраныя аднакія члены ў зьлітым сказе аддзяляюцца часам кропкай з коскай заместа коскі. (Апусьціў Алесь галоўку; у ручках клуначак трымае; кулачкамі ўціхамоўку вочкі выцірае).

6) Калі другі выказьнік у зьлітым сказе мае пры сабе паясьняльныя словы або калі другі выказьнік выражае вынік з першага, то ставяць коску нават перад адным злучнікам і, напр.: Ідзе жняя, і весела пяе. Я быў хворы, і ня мог прысьці на лекцыі.

Практыкаваньне 8. Сьпісаць і заўважыць знакі прыпынку пры аднакіх членах у зьлітым сказе.

І ў Сымонкі прад вачыма ўсталі родныя куткі: хата бацькава, радзіма, жыцьця раніцы дзянькі. У вадзін год яны радзіліся, разам расьлі, разам гулялі, разам вучыліся і разам пасьвілі скацінку ў полі. Чуецца говар мне сьпелае нівы — ціхая жальба палёў, лесу высокага гоман шчасьлівы, песьня магутных дубоў. Сын каля камінку корчык падкладае, з бацькавай работы вочак ня спушчае. Ціха цячэ ў нас Нёман, ціха й смутна, як час па растаньні. Ня ймчыцца ён з рызыкай уперад, ня шуміць, ня гудзе і ня пышыцца сілай, а паволі, ступою, як скуты журбою, льлецца, як срэбра, па родным грунце. Міл яму ціхі гаёк каля лесу, любы зялёныя доўгія ніўкі, мілы лясы, пясчаныя выдзьмы, горы, азёры, лугі, сенажаці, люб яму й жоўты пясочак на ўласным беразе. Першыя кветкі, зялёная травіца, сьпевы птушак — усё паказвала, што пачалася вясна. На полі часьцей сталі паказвацца людзі то з бараною, то з сахою, то з возам гною. Усе гаспадарскія прылады — калёсы, сані, барана, вупраж на каня — усё было наладжана ды трымалася ў парадку. І гэты смагай лес засланы, і родны Нёман, і курганы, і хвайнякі, і грушы ў полі — усё блізка сэрцу яго стала. Як усё тут мудра збудавана, як чыста, хораша прыбрана! У кожны міг каня-чугункі зьяўлялісь новыя малюнкі: слупы мігцелі верставыя, дарожкі, сьцежачкі крывыя, лясы, гаёчкі вынікалі, і цэркві вежамі блішчалі. Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед: і ноч, і дзень, і цьма, і сьвет; і песьні кліч, і сьмерці цьвет. Нашы хаты, вёскі, сёлы сівым мохам абрасьлі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і іншыя. Пачаліся на полі работы: прышлі жнеі з сярпамі, касцы з касамі, гаспадары з жнівяркамі. Прыемна глядзець на мора, стоячы на беразе або едучы на параходзе. Ляцяць птушкі ў вырай розна: жураўлі — ключамі, гусі — наўскось радком, качкі — папярочнымі роўнымі радкамі, а шпакі й салаўі — чародкамі. Выходзіў меншы брат увечар на двор, браў сваю скрыпку, садзіўся на прызьбе каля хаты ды граў. Старшы брат пазіраў сьмела, гаварыў скора, мову меў адменную. Лозы, алешнік, касацісты дзягіль, ажыньнік, маліньнік, аер з ачаротам — стаіць над вадою разгатай сьцяною. Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, а праўдзе, аб жыцьці. Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы.

Правіла 14 (паўторнае). Зьліты сказ. Калі ў сказе некалькі (два ці больш) дзейнікаў, выказьнікаў, азначэньняў, дапаўненьняў ці аднолькавых акалічнасьцяй, то такі сказ называецца зьлітым. Напрыклад: Авёс і ячмень сабраны. Жыта на полі зжата й зьвезена. Ідзе жняя, і весела сьпявае. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. Весела й хутка мінюта ў мінютку сойдзе нам час.

Аднакія часьціны ў зьлітым сказе аддзяляюцца коскай, калі яны ня зьвязаны злучнікам і ці ды. Напрыклад: Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Лісьце пажоўкла ды патроху асыпаецца на дол.

Але калі злучнік і паўтараецца, то коска ставіцца. Напрыклад: На зіму абміраюць і вужакі, і жабы, і яшчаркі.

ЗАДАЧКА 7-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску.

Усё хаваецца ад холаду й дажджу. Увосень усё чарнее ды траціць свой колер. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць і стагнаць. Кляновае й дубовае лісьцё гаспадыні зьбіраюць ды пякуць на ім хлеб. Засыпаюць на зіму і п’яўкі смаўжы чарвякі жукі й мухі. Застаюцца зімаваць з намі толькі галкі вароны сарокі цецярукі дзятлы ды яшчэ некаторыя птушкі. Каровы козы зайцы і ўся іншая траваедная жывёла есьць бадай што заўсюды а лісы ваўкі левы тыгры і іншыя мясаедныя зьвяры ядуць рэдка і доўга могуць цярпець голад. Яшчэ даўжэй жывуць без яды рыбы і розныя казулькі. Жывёлы даюць чалавеку мяса малако шкуры воўну тлустасьць і шэрсьць. Птушкі нясуць чалавеку яйкі даюць пер’е й пух. Чалавек арэ поле сее збожжа садзіць капусту моркаў буракі і іншае. З дрэва чалавек будуе хаты робіць віціны і патрэбнае судзьдзё. Карова конь сабака воўк мядзьведзь не пазнаюць нічога калі не панюхаюць. Падыдуць яны да магілы стануць на калені горка плачуць і доўга пазіраюць на той камень пад якім ляжыць іх сын. Потым скажуць нешта адно аднаму зьдзьмухнуць пыл з каменнага прыклада паправяць галінку ў дрэва ды зноў шэпчуць пацеры і ня могуць пакінуць месца гэтага адкуль ім бліжэй да сына свайго да ўспамінкаў аб ім. Глуха трывожна шуміць асака. Сьвішча плача і галосіць завіруха злая. І зямля і лес пануры Новы Год віталі. У полі песьні шум і гоман. Сьпевам дружным ціхім звонам поўніцца ўвесь луг. Шумеў і лес і луг з травою і ўсе расьліны на зямлі. Коска серп крывы працу скончылі. Згінулі сьцюжы марозы мяцеліцы.