Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 28. Знакі прыпынку пры пабочн. словах § 29. Кропка, кропка з коскай і двукроп‘е
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 30. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 29. Коска, кропка з коскаю і двукроп’е.

Правіла 8. Перад такімі словамі (злучнікамі) у сказе, як — а, бо, але, калі, як, дзе, хто, што, які, каторы, каб, дык, абы, ажно, — ставіцца коска. Напрыклад: Саха й барана самі небагаты, а ўвесь свет кормяць. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Просіць шчыра грамацея, ажно шапку скінуў. Пачырванеў, як макаў цьвет. Ведае, дзе хто абедае.

ЗАДАЧКА 3-яя. Сьпісаць і паставіць коскі.

Болей слухай а меней гавары. Абы бяда а шыя будзе. Бяда бяду вядзе а трэцяя паганяе. Бес-бы дзятла ў рукі ўнёс каб не яго доўгі нос. Бяда што ня п’ецца вада. Усё забыта што зямлёю прыкрыта. У госьцях добра а дома лепей. Глядзець — вялік а малы лік. Галасок як тоненькі валасок. Гол як сакол. Гара з гарою ня сходзяцца а чалавек з чалавекам заўсёды. Думы за гарамі а сьмерць за плячамі. Дурная тая дамова дзе вала бадзе карова. І без папа ведама што ў нядзелю сьвята. Калі ўмалотна дык і завозна. Матка дзяцей пушыць а мачыха сушыць. Мы з табою як рыба з вадою. Глухі не дачуе дык прыложыць. Настрашыў мех дык і торба страшна. На тое й шчука ў моры каб карась не драмаў. Не бяда што чорна абы была праворна. Няма тэй хаткі каб ня было звадкі. Ня так шкода як нявыгода. Ня там траціш дзе купляеш а там дзе прадаеш. Рыба шукае дзе глыбей а чалавек дзе ляпей. Рынуў прымаўкай як гразьзю ў вочы. Сьвет вялік а ў сьвеце людзі. Расьце добра і прыгожа ажно глянуць міла. Хоць з вадою абы не з бядою. Цьвіце як макаўка. Цёмная ночка цягнецца доўга як год. Цесна зьбілісь нашы хаты як авечкі ў летні жар. Крыж пахінуўся як кветка ў буру. Пчала ляціць проста на тую кветку якая ёй патрэбна.

Правіла 9. Калі ў сказе, заместа слова але, стаіць ды ці да, то перед імі ставіцца коска. (Жыта злажылі, ды не надоўга. Шырокі двор, да невялікі збор). Але калі злучнікі ды, да стаяць заместа і, то коска ня ставіцца. (Прыляцела ластаўка з далёкага выраю ды зашчабятала. Жыў сабе дзед да баба).

ЗАДАЧКА 4-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску.

Абы дзень прашоў ды да нас дашоў. Рад-бы даць шага на малебен да самому патрэбен. Ня зыч ліха другому каб не давялося самому. Хоць сьпіна гола да свая воля. Ідзі да ня баўся. Праз некалькі дзён поле зазелянела ды зноў выглядае сьвежа й прыгожа. Дуб вялік да дуплават. Высока падняў да зьнізу не падмураваў. Селяніну лета як сьвятому рай. За маё жыта ды мяне-ж пабіта. Свае бяды нікому не кажы бо добры зьлякнецца а злы пасьмяецца. Кожнае каліва жыта зялёны каласок выпускае ды становіцца паважным бо яно пачувае што трымае вялікі скарб для людзей. Збожжа сушаць на сонцы ці на печы ды мелюць у жорнах ці ў мліне. З печы вымаюць гатовы хлеб які можна есьці як толькі крыху астыне. Шмат трэба часу й працы каб мець бохан хлеба. У моры жыве шмат усялякае рыбы якая ў нас не вядзецца. Варочаюцца птушкі ў родны край дзе летась пакінулі свае гнязьдзечкі. Хоць усім братом ня вельмі соладка жылося але меншаму брату выпала самая горшая доля. Ціха было на сэрцы як ціха была сама цёмная ночка. Жаль прападаў як прападае туман з усходам сонца. Чалавек разумее што яму кажуць. Чалавека разумеюць другія людзі бо чалавек мае дар слова. Чалавек можа ўявіць сабе тыя рэчы якіх няма перад вачыма. Доўг не раве а спаць не дае. Было відаць што не на пажытак пазьбіраліся тут птушкі а дзеля якойсь іншай справы. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню але сьвяціла яшчэ горача. Сьнег блішчаў як халодная сталь.

Правіла 10. Кропка з коскай. Калі ў складаным сказе незалежныя сказы нічым ня зьвязаны і ня зусім кароткія, то паміж імі ставіцца кропка з коскай. (Пішчаць дзесь чайкі на балоце; пліска трасе хвастом на плоце; турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор). Але калі незалежныя сказы зусім кароткія, то паміж імі ставіцца толькі коска. (Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы). з коскай. (Пішчаць дзесь чайкі на балоце; пліска трасе хвастом на плоце; турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор). Але калі незалежныя сказы зусім кароткія, то паміж імі ставіцца толькі коска. (Лес гудзе, дрыжаць галіны, стогне бор хваёвы).

ЗАДАЧКА 5-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, коску або кропку з коскай.

Лес гудзе дрыжаць галіны стогне бор хваёвы глуха стогнуць верхавіны гнуць свае галовы. Жарыць сонца бяз літосьці варам пыша ад палёў трэцца жыта ў пыл на просьце зерне сыплецца далоў. Кончана работа сярпа пачынаюць капаць бульбу. Нахмурылася неба веюць халодныя вятры сыплецца дробны дожджык. Вымерзьлі лужынкі высахла гразь халодная кара лёду крэпка лягла на рэкі й азёры. Белыя валокны сьцелюцца над долам не сьпяваюць птушкі сьціхнуў лесу шолам. Сьвішчуць птушкі над балотам аж гамоніць лес і гай. Над балотам стогнуць кнігі жураўлі ўгары крычаць. Ціха Нёман калыхаўся ў высокіх берагох дуб магучы адбіваўся ў яго дробных грабянёх. Сонца шчыра разьлівала блеск прыветны і цяпло поле жыцьцем трапятала усё сьпявала і цьвіло. На цьвічку павешан начнічок убогі смутна пазірае месячык двурогі карагоды зорак угары мігаюць а ўнізе сьняжынкі срэбрам адліваюць. Зусім састарэўся дзед: ногі яго ня ходзяць вочы ня бачаць вушы ня чуюць зубы павыкідаліся. Недалёка ад вёскі ёсьць могілкі. Канавы навокала іх зарасьлі травою сівыя драўляныя крыжы пахіліліся й гніюць каменныя прыклады парассованы з магіл толькі некалькі дрэвак кідаюць цень на зямлю. Увесну прырода зноў ажывае: растае сьнег распукаюцца дрэвы зацьвітаюць кветкі пяюць птушкі гудуць пчолкі лётаюць матылькі зьвіняць камары. На камінку корч палае злотам іскры скачуць за ваконцам вецер ходзіць глуха вербы плачуць. Зазьвінелі званочкі затупацелі коні пранёсься крык. Прачнуліся нівы і хаты уся ў полі людзкая сямейка за сошкай шнуруе араты ля статку іграе жалейка. Сьвет цэлы зіяе каберцам шум некі ад пушчаў нясецца з грудзей як ня выскачыць сэрца душа кудысь рвецца усё рвецца. Ярка сьвеціць сонца ліст не скалыхнецца горача бясконца пот на землю льлецца.

Правіла 11. Двукроп’е. Калі ў сказе ёсьць пералічэньне і тое слова, што абнімае ўсё пералічанае, то перад пералічэньнем ставіцца двукроп’е. Напрыклад: Год мае чатыры пары: вясну, лета, восень і зіму.

Калі адзін сказ аб’ясьняе другі, то паміж імі таксама ставіцца двукроп’е. Напрыклад: Голад ня цётка: зьесьць, што папала. Душа мая ня крывая: яна ўсё прымае.

Наагул, двукроп’е блізка тое самае, што слова значыць. (Прышла пара касавіцы: трэба прымацца за касьбу).

ЗАДАЧКА 6-ая. Сьпісаць і паставіць двукроп’е.

З гліны чалавек робіць такія рэчы цэглу, гаршкі, міскі й талеркі. Затупацелі на гумнах цапы гэта людзі малоцяць збожжа. Астаюцца зімаваць у нас гэткія птушкі вароны, галкі, вераб’і, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. На могілках прыбавілася яшчэ адна магілка гэта пахавалі маленькага Юрку. Тут ня гандаль, тут ня крама няма дзёгцю, няма солі. Кінуў ён гульню з сябрамі трэба дбаць на хату. Вось мы цяпер якія у школу вучыцца ходзім! На восень прыпадаюць такія месяцы жнівень, верасень і лістапад. Над калыскай матка ночку каратае хворага сыночка цешыць, забаўляе. Расьліна зрабіла сваю летнюю работу выгадавала насеньне і раскідала яго па зямлі. Шмат якія зьвяры ў самы халодны час засыпаюць, як напрыклад касматы мядзьведзь і вожык. Нават вольнае паветра служыць чалавеку вецер круціць крыльле ў ветраку і надзімае парусы на караблёх. Чалавек працуе сам і прымусіў працаваць на сваю карысьць жывёлу конь яму возіць і арэ, сабака вартуе дом. Гаварылі браты аб усім аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцьці. На могілках нешта плакала гэта пугач сьвістаў у гнілой капліцы. Бяда як дуда пачнеш дуць, дык аж сьлёзы набягуць. За сталом сядзела ўся сям’я скраю — бацька, каля яго — матка, а пры маці — Наста з братам. Лятуць птушкі ў вырай розна, неаднолькава жураўлі — ключамі, гусі — наўскось радком, качкі — папярочнымі роўнымі радамі, а шпакі й салаўі — чародкамі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы казьлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і іншыя. Вось на сьвеце як бывае хто працуе, той і мае. Зайцы бываюць двух сартоў шаракі й белякі.