Беларускі правапіс (1925)/Прадмова/2
← 1. Як ставіць навучаньне правапісу? | 2. Увага да гэтага падручніка Прадмова Аўтар: Язэп Лёсік 1925 год |
3. Да другога выданьня → |
2. Увага да гэтага падручніка.
Сучасная навуковая граматыка, як зазначалася вышэй, адлучае правапіс ад граматыкі. Правапіс, такім парадкам, становіцца асобным прадметам навучаньня, зьвязаным з граматыкай больш тэрмінолёгіяй, як чым-небудзь іншым. Гэты падручнік і складае першую спробу калі ня вылажыць правапіс незалежна ад граматыкі, то хоць выдаць яго асобна ад граматыкі ды аслабаніць, такім чынам, граматыку ад неўласьцівага ёй зьместу.
Адсутнасьць у нас падручнікаў такога роду прымусіла аўтара надаць яму такога зьместу, каб яго можна было ўжываць і ў пачатковых школах, і ў школах вышэйшай ступені, і на ўсялякіх, пашыраных цяпер, курсах беларусазнаўства.
Ён складаецца з дзьвюх часьцін: а) з правапісу ў яго ўласным значэньні і б) знакаў прыпынку. Тут дадзены найважнейшыя правілы беларускага правапісу і найпатрабнейшыя правілы пастаноўкі знакаў прыпынку з практыкаваньнямі на кожнае правіла. Трэба памятаць, што можа сустрэцца розьніца ў тэрмінолёгіі. Так, напрыклад, імя або імя назоўнае называецца тут іменьнікам, сказьнік — выказнікам, дзеяслоўная прымета і дзеяслоўнае прыслоўе называюцца скарочана — дзеяпрымета — дзеяпрыслоўе. Апроч таго, зьменена адно правіла правапісу: форма абвяшчальнага ладу І-га спражэньня з націскам на канчатку -іцё-ыцё (нясіцё, пячыцё) заменена формай на -яце-аце (несяце, печаце), дзе я як у першым складзе перад націскам, бо форма на іцё ў такіх разох не адпавядае вымове і становіць нічым неабаснованае выключэньне.
Як ужываць гэты падручнік у яго першай частцы — аб гэтым даволі гаварылася вышэй (бач. „Як ставіць навучаньне правапісу“), а што да знакаў прыпынку, або пунктацыі, то тут вельмі пажадана, каб выкладчык выходзіў з прынцыпу параўнаньня знакаў прыпынку на пісьме з нотамі ў сьпевах.
Як ведама, знакі прыпынку па пісьме маюць тое самае значэньне, што ноты ў сьпевах. Нотныя знакі паказваюць павышэньне ці папіжэньне голасу, большы ці меньшы прыпынак (паўзу), фортэ, п’яно і т. далей; гэтае-ж самае значэньне маюць і знакі прыпынку на пісьме. Напрыклад, пункт паказвае паніжэньне голасу і найбольшы прыпынак (паўзу) пры чытаньні; коска — найменьшы прыпынак з невялікім паніжэньнем голасу; коска з кропкай — сярэдні прыпынак з сярэднім паніжэньнём голасу; трохкроп’е, або недаказ, паказвае, што мова на нейкі момант абрываецца без паніжэньня голасу; двукроп’е азначае прыпынак і паніжэньне голасу з увагаю на тое, што далейшае пералічаецца або аб’ясьняецца тонам ніжэй. Клічнік можна прыраўнаваць да фортэ, дужкі — да п’яно, працяжнік — гэта затрыманьне ўвагі і т. далей.
Сынтакс у справе пастаноўкі знакаў прыпынку дае нам знадворныя прыметы (коска перад а, але, як, дзе, які, каторы), або лёгічныя, змыславыя, ці, лепш сказаць, граматычныя правілы (выдзялеяьне прыдаткаў, пабочнага слова, залежных сказаў коскамі; двукроп’е перад пералічэньнем ці перад паясьненьнем), не зварачаючы ўвагі на ўласьцівае значэньне знакаў прыпынку. Тымчасам, знакі прыпынку на пісьме ўжываюцца, сьцісла кажучы, не дзеля таго, каб выдзеліць тую ці іншую сынтаксычную форму, а дзеля таго, каб паказаць, як належыць зьмяняць інтонацыю голасу пры чытаньні і якія трэ’ рабіць паўзы, прыпынкі. Пры ўласьцівым разуменьні таго, што значаць знакі прылынку на пісьме, граматычныя (сынтаксычныя) правілы будуць мець, як і належыцца, толькі дапаможнае значэньне. Калі правільна й сьцісла правесьці прынцып параўнаньня знакаў прыпынку з нотамі, то можна далёка лягчэй навучыцца правільнай пунктацыі, як пры дапамозе сынтаксычных правіл. Знакі прыпынку можна навучыцца ставіць без граматычных правіл, паводле інтонацыі голасу, так сама, як песьня з голасу пераносіцца на ноты. Тут важна яшчэ тое, што пры такой пастаноўцы справы, разам з навучаньнем пунктацыі, дасягаецца выразнае й сввядомае чытаньне.
14. V. 23 г.