Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1925)/Прадмова/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1. Як ставіць навучаньне правапісу?
Прадмова
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
2. Увага да гэтага падручніка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прадмова.

1. Як ставіць навучаньне правапісу?

Стала й дакладна апрацованы правапіс даў нам Б. Тарашкевіч у сваёй граматыцы „Беларуская граматыка для школ“, Вільня, 1918 г. Гэты правапіс і прынят цяпер нашымі школамі, выдавецтвамі й пісьменьнікамі. Ніхто проці яго не выступаў; усе прызналі яго сваім, і такім парадкам правапіс Б. Тарашкевіча стаў беларускім правапісам. Можна з пэўнасьцю сказаць, што правапіс гэты, паступова выправіўшы некаторыя драбніцы, у васнове сваёй застанецца нязьменным.

Як ведама, у васнову нашага правапісу паложаны такія прынцыпы: а) фонэтычны, б) этымолёгічны, в) прынцып традыцыі (Б. Тарашкевіч, Прадмова, стр. 4) і г) прынцып напісаньня чужаземных слоў (Лёндан, кляса, нацыя, партыя, тэлеграма, арытмэтыка).

З гэтых прынцыпаў найбольш шырока ўжываецца прынцып фонэтычны для напісаньня галосных гукаў (вада, зямля, селянін, рэкі — рака) і прынцып зтымолёгічны для напісаньня зычных (казка заместа каска, як чуваць; просьба, а ня прозьба, гарадзкі, а не гарацкі, хлеб, зуб, мох, мог і т. д.).

Разумеецца, правапісальнае пытаньне лягчэй за ўсё можна было-б разьвязаць такім спосабам, каб у напісаньні слоў трымацца аднаго фонэтычнага прынцыпу, каб можца было пісаць так, як чуваць, каб вока бачыла тое, што чуе вуха. Але датрымаць фонэтычнага прынцыпу да канца — немагчыма. Немагчыма гэта ўжо дзеля таго, што няма такой азбукі на сьвеце, каб можна было дакладна перадаваць на пісьме ўсе гукі нашае мовы. Такой азбукі і прыдумаць трудна, бо гукі ў жывой мове вымаўляюцца розна, у залежнасьці ад гаворак. Акуратна дапасаваць літары да гукаў практычна немагчыма й непатрэбна. Мова кожнага народу, не зважаючы на ўсю яе суцэльнасьць, мае шмат асобных, мясцовых гутарак, якія, маючы агульныя карані й формы слоў, розьняцца паміж сабою акцэнтам і вымоваю слоў.

Такім парадкам, наш правапіс, палажыўшы ў аснову напісаньня беларускіх слоў падвойны і нават патройны прынцып (фонэтычны, этымолёгічны й традыцыйны), дбае аб адным, каб па магчымасьці перадаць на пісьме ўсе асаблівасьці тае гутаркі беларускае мовы, якая легла ў аснову літаратурнае мовы.

Процэс вытварэньня нашае літаратурнае мовы адбыўся натуральна, вольна і без пабочнага прымусовага ўплыву, бо ў часе вытварэньня яе Беларусь ня мела адзінага каманднага цэнтру, які мог-бы пакіраваць разьвіцьцё ў свой бок, выходзячы з свайго мясцовага патрыотызму. Дзякуючы вольнаму разьвіцьцю, яна ўвабрала ў сябе ўсе чыста беларускія асобнасьці іншых беларускіх гаворак і цяпер у поўнай меры можа лічыцца сапраўды народнай, агульна беларускай мовай. Разьвіўшыся на грунце менска-віленскай гаворкі (цьвёрдае р і вялікае аканьне), яна шырока адбівае ў літаратуры ўсе асобнасьці іншых гутарак беларускага народу і заняла пануючае палажэньне. Прынамсі, дагэтуль не рабілася спроб адмежавачьня, — ніводная гаворка не памыкалася стаць літаратурнай, хоць перашкоды для гэтага ня было. Само жыцьцё паказала, якая гаворка мае найбольш сілы й здольнасьці для літаратурнага разьвіцьця. А раз вызначылася літаратурная мова, то можна было апрацаваць сталы правапіс, або аднастайнасьць пісьма.

Для навучаньня правапісу (аднолькаваму пісьму) існуе шмат спосабаў, але найлепшымі трэба прызнаць наступныя: 1) сьвядомае сьпісваньне і 2) навучальныя дыктанты.

Сьпісваньне павінна быць сьвядомае і, прытым, з памяці, каб не абярнулася яно ў мэханічнае коп’яваньне друкованага тэксту. Дзеля гэтага, трэба акуратна выясьніць правіла, а далей зрабіць папярэдняе практыкаваньне такога, напрыклад, характару. Выкладчык (настаўнік) піша на кляснай дошцы прыклад на патрэбнае правіла, зварачае ўвагу на напіс таго ці іншага слова, пры патрэбе напамінае адпаведнае правіла правапісу, а потым — прыклад завучаецца напамяць, і дзеці запісваюць яго ў сшытак. Для агульнай праверкі сьцёрты прыклад можна зноў напісаць, а дзеці павінны выправіць памылкі самі, робячы параўнаваньне напісанага на дошцы з запісам у сябе. Не бяда, разумеецца, калі дзеці не заўсёды пры гэтым акуратна выправяць. Пісаць так, каб ніколі не памыляцца, як кажа Флёраў, абсолютна немагчыма, бо й мы, стала-граматныя людзі, вельмі часта памыляемся. Такое вымаганьне ці такую пастаноўку пісьма, каб дзеці пісалі не памыляючыся, трэба прызнаць пустой выгадкай занадта лібэральных мэтодыстых.

Пры падобных папярэдніх практыкаваньнях вельмі пажадана мець друкаваныя пропісам табліцы з патрэбным тэкстам. Тады ня трэ’ было-б пісаць і сьціраць напісанае ды зноў пісаць для праверкі. Пасьля азнаямленьня друкаваны тэкст проста закрываўся-б, і работа йшла-б далёка шпарчэй. Апроч таго, такія друкаваныя табліцы вельмі пажаданы яшчэ й дзеля таго, што ня кожны выкладчык можа выразна й прыгожа пісаць, тымчасам мамэнт хараства трэба праводзіць пры кожнай рабоце ў школе.

Пасьля такіх папярэдніх практыкаваньняў, можна перайсьці да сьпісваньня тэксту, але з такою ўмовай, каб дзеці, маючы тэкст перад вачыма, стараліся запісваць кожны прыклад напамяць, уважна прыгледзіўшыся спачатку да правапісу кожнага слова, і толькі ў патрэбных разох спраўляцца з тэкстам.

Пры сьпісваньні ня шкодзіць мець на ўвазе яшчэ й такія ўмовы:

а) тэкст для сьпісваньня трэба даваць невялікі — радкоў 10 друкаваных, каб вучань не ўтамляўся ды лягчэй-бы мог утрымаць у памяці вобразы напісаных слоў;

б) для падтрыманьня ўвагі да работы і сьвядомых адносін да яе карысна падчырківаць словы на данае правіла правапісу, прычым падчырківаць трэба старанна, акуратна, каб не псаваць прыгожасьці пісьма, і толькі патрэбнае слова або часьць яго;

в) работы няхай выпраўляюць самі вучні, памяняўшыся сшыткамі, а настаўнік забірае сшыткі толькі дзеля агульнага азнаямленьня з станам навучаньня;

г) падчырківаць памылак самому настаўніку ня трэба, бо гэта няпрыемна адбіваецца на самапавазе вучня і можа адбіць ахвоту да работы, а без ахвоты няма работы. Лепш проста памылку паправіць, а ў некаторых выпадках можна й гэтага не рабіць: памылка сама сабою выправіцца пры далейшых практыкаваньнях, і толькі пры паўторных памылках трэба зварачаць на іх асаблівую ўвагу.

Пачаўшы такое сьпісваньне з кароткіх і простых зьместам фраз, можна паступова перайсьці да сьпісваньня невялікіх вершаў і, наогул, суцэльных стацеек пасьля ўважлівага папярэдняга аналізу іх з боку зьместу й правапісу паасобных слоў.

Што да дыктовак, то яны павінны быць выключна навучальныя, г. значыць, дыктуючы трэба не правяраць ступень граматнасьці, не контролеваць, не экзаменаваць вучня, а вучыць граматна пісаць.

Такія навучальныя дыктанты звычайна ставяцца так. Выкладчык выразна чытае патрэбны сказ, дзеці праз паўтарэньне завучаюць яго напамяць; далей, зварачаецца ўвага на правапіс кожнага слова сказу; труднае або асаблівае па правапісу слова (салаўі, уе (ўе) ад віць, дождж, льлецца) выпісваецца на дошцы, а ўжо потым сказ запісваецца вучнямі ў сшытак. Пры такіх работах вельмі часта дзеці самі пытаюцца, якую паставіць літару ў тым ці іншым слове. У такіх разох, само сабою разумеецца, трэба падказаць, зьвярнуўшы ўвагу на гэта ўсяе клясы.

Пры правапісальных практыкаваньнях у форме сьпісваньня, такія дыктоўкі павінны адбывацца раз, два на паўгода. Выпраўляць дыктоўкі — самае лепшае самому настаўніку: гэта надае большай цікавасьці дзецям.

Што да веды (знацьця) правіл правапісу, то яны павінны займаць самае меньшае месца ў радзе іншых фактараў навучаньня граматнаму пісьму. Усе навуковыя дасьледзіны псыхофізыолёгіі пісьма паказалі, што самы важны фактар у справе правапісу становіць выгляд (вобраз) напісанага слова і памяць пальцаў, як пры граньні на скрыпцы ці на роялі.

Вось што кажа аб гэтым профэсар мовазнаўства Томсон: „Амаль ня ўсе думаюць, што граматнасьць заключаецца ў тым, каб ведаць, дзе якую ставіць літару, і што ў гэтым уменьні ставіць правільна літары заключаецца мэта навучаньня пісьму. З гэтай прычыны, пры навучаньні правапісу ў школе, прымушаюць вучыць напамяць розныя правілы й словы, подлуг якіх, пасьля доўгага разважаньня, можна вызначыць, дзе паставіць тую ці іншую літару. Не зважаюць на тое, што граматнасьць павінна быць у мускулах і нэрвах рукі, у рукарухоўных і зрокавых успамінах. Прымушаючы думаць аб літарах, настаўнік проста перашкаджае набыцьцю граматнасьці, г. значыць, аўтоматычнага пісаньня, бо мысьлі аб літарах будуць перарываць ход думак пры пісьмоўным укладаньні. Ня той граматны, хто ведае, дзе якая літара павінна стаяць, а той, хто піша, заўважаючы літары толькі пасьля іх напісаньня, дый то толькі, як сустаўныя часьці слоў“. („Общее языковедение“, стр. 424).