Перайсці да зместу

Беларускі народ і яго мова (1920)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі народ і яго мова
Брашура
Аўтар: Яўхім Карскі
1920 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Проф.-акад. Е. Карскі.

БЕЛАРУСКІ НАРОД
І
ЯГО МОВА

Адбітка з газэты «Беларусь». Рэдакцыя тэксту Я. Л.




1920.
Менск.

Проф.-акад. Е. Карскі.

Беларускі Народ
і
яго мова.

Адбітка з газэты «Беларусь». Рэдакцыя тэксту Я. Л.




1920.
Менск.

I. Граніцы племя.

[правіць]

Проф.-акад. Е. Карскі.

Беларускі народ і яго мова.

І.

Граніцы племя.

Беларускі народ займае палажэньне, кажучы агульна, к заходу ад велікарускага, а к украінскаму—паўночна-заходняе, прадстаўляючы на сваіх крайніх граніцах мяшаные, пераходные да тых і другіх, гаворкі. На захадзе ён стыкаецца з палякамі, літоўцамі і латышамі.

Асноваю для азначэньня прыналежнасьці да беларускага племя і яго пашырэньня, як і наагул, можа служыць толькі жывая народная мова, неаддзялімая прымета беларускай народнасьці ў працягу яе многавяковага жыцьця, і пахаджэньне ад беларусаў-бацькоў. Калі асобные члены гэтай народнасьці з тых ці іншых прычын трацяць матчыную мову, яны перастаюць разумець сваю прыналежнасьць к даннаму народу. Разам з моваю яны прымаюць чужые звычаі, налогі і для свайго народу зьяўляюцца страчанымі.

Часам гэтакую-ж важную прымету народнасьці становіць рэлігія, як у жыдоў. Але беларусы ў адносінах да рэлігіі нястойкіе, і ў гэтым выпадку часткаю падобны да сваіх суседзяў (літоўцаў і палякоў-каталікоў), часткаю да сваіх бліжэйшых сваякоў (велікарусаў і ўкраінцаў-праваслаўных). Дзеля гэтага вельмі памыляюцца тые непрактычные і павярхоўные бадачы[1], а часам і нясумленные політыкі, каторые каталікоў -беларусаў (не гаворачых дома папольску) лічаць палякамі. Каталіцтво на беларускай тэрыторыі заміж праваслаўя зьявілося больш менш прыметна толькі па шлюбе Ягайлы з Ядвігаю (1386 г.) у XІV веку; яно значна было аслаблено у часе пашырэньня ў ХVІ-м веку протэстантызму. Трапіўшые сюды ў канцы ХVІ-га веку езуіты значна паднялі каталіцтво, асабліва сярод вяльможнага панства і часткаю сярод меськага насяленьня, але ўсё гэта былі прадстаўнікі беларускага народу і літоўцаў: палякі-колёнізатары зьявілісь на Беларусі толькі па Люблінскай вуніі (1569 г.), галоўным чынам шляхты і часткаю рамесьнікі, але, наагул, у нязначным ліку. Польскай культуры першымі паддаліся вяльможные беларуска-літоўскіе паны, каторые потым і зусім апалячыліся; маса-ж каталіцкая заставалася беларускай, якою застаецца і дагэтуль. Такім чынам, на Беларусі прыналежнасьць да каталіцкай рэлігіі ані як ня можа служыць азнакаю пахаджаньня асобы з польскай народнасьці; іншая справа—асобы зусім апалячаные, г.-з. гаворачые толькі папольску і прыняўшые польскую культуру—гэтакіх прымусам далучаць да беларусаў нельга.

З пункту рэчы антрополёгічнай, самай пэўнай азнакай прыналежнасьці да тэй ці іншай народнасьці служаць фізычные рысы племя (выгляд, колер твару, будова галавы, колер і форма валасоў і воч, форма губ і т. п.). Але ў беларусаў гэтые рысы ня вельмі тыпічные ў параўнаньні з велікарусамі і ўкраінцамі, а так сама з палякамі, літоўцамі і латышамі. Апарт таго, ў іх няма адзінства тыпу, што і натуральна, бо у склад беларускай народнасьці ўвашлі розные пляменьні, складаўшые галіны рускіх славян; некаторые з паміж іх, як сьведчыць летапісец, былі навет сваякамі ляхам. На заходняй акраіне з беларусамі зьліліся некаторые літоўскіе і латыскіе пляменьні. Зьмяшаньне адбываецца і цяпер. Такім чынам, фізычные рысы могуць служыць толькі дапамогаю для гістарычнай этнаграфіі.

Разабрацца ў заблутаных гістарычных пытаньнях памагаюць гэтак сама дасьледзіны над бытавымі асаблівасьцямі народу: будовай хат, вопраткай, работамі, а гэтак сама над забабонамі і, наагул, унутраным жыцьцём і―скажам так—культурай народу. Але і гэта толькі падручные азнакі, ў дадатак яшчэ мала збаданые.

Такім чынам, матчына мова служыць адзінай найбольш пэўнай прыметай разгранічэньня беларусаў ад іншых пляменьняў і народаў. Дзеля гэтага, тые жыхары арлоўскага і калугскага Палесься, каторые гавораць у паўднёва-велікарускай гаворцы, павінны быць залічаны да паўднёвых велікарусаў, хоць продкі іх, няма спрэчнасьці, былі беларусы; тые літоўцы Віленшчыны, каторые гавораць цяпер толькі пабеларуску, натуральна пападаюць ў беларускіе межы; а тые апалячаные беларусы, што жывуць у Шчучыне на Ломжыншчыне, само сабою адыходзяць да палякоў Значыць, абрысованые у нас беларускіе межы зьяўляюцца і картай беларускай мовы.

Беларускіе пасёлкі асобнымі вастраўкамі, подчас досыць значнымі, спатыкаюцца і за абрысованымі намі межамі, а беларуская мова чуецца і ў шмат іншых мясцох; але там яны ўжо не пераважаюць і не складаюць большасьці. Разумеецца, што й іх інтарэсы рознага значэньня павінны быць узяты пад увагу. Але, наагул, у мясцовасьцях, гдзе памешана жывуць розные пляменьні, пунктуальнае разгранічэньне адной народнасьці ад другой, часам з прычын політычнага характару, звычайна робіцца на працэнтных адносінах аднаго насяленьня да другога. Толькі на той выпадак этнаграфічная граніца праводзіцца ў бок данага народу, калі прадстаўнікоў яго ў спрэчным пункце ёсьць ня менш 50%, а пры некалькіх народах—% болей, як кожнага з іншых. Пры азначэньні нацыянальнай прыналежнасьці беларускіх гарадоў і мястэчак, гдзе большасьць насяленьня складаюць жыды, прымаецца у рахунак ваколічнае сялянскае насяленьне з аднаго боку, з другога—працэнтные адносіны розных народнасьцяў тае часткі павету, каторая адыходзіць да беларускага прастору[2].

Ідучы з заходу на ўсход, граніца гэтая прымерна можа быць праведзена-збоку велікарусаў-па самым паўднёвым часткам паветаў: Апочыцкага, Велікалуцкага і Таропецкага, Пскоўскай гб., па паўднёва-заходнім акраінам Асташкаўскага і Ржаўскага паветаў Цьверскай гб.; далей, граніца ідзе на поўдзень па Смаленшчыне, захопліваючы ў беларускі бок Бельскі, Парэцкі, Духаўшчынскі, Смаленскі, Красьненскі, Раслаўльскі (часткаю з мяшаным насяленьнем), Дарагабугскі і Ельнінскі паветы, апроч усходніх акраін двух апошніх; затым, яна датыкаецца самай заходняй часткі Жыздрынскага павету Калугскай губ. і падыходзіць да рэчкі Дзесны на Арлоўшчыне, аддзяляючы ў беларускі бок дзьве крайніе воласьці Бранскага павету і некалькі вёсак Трубчэўскага; па р. Дзесьне граніца ўваходзіць у Чарнігаўскую губ., аддзяляючы ўжо беларусаў ад украінцаў. Тут яна ідзе ў паўднёва-заходнім кірунку на паўночных частках Ноўгарадсеверскага павету і далей да граніцы з Магілёўскай губ., захопліваючы у беларускі бок паветы Чарнігаўскай губ.-Мглінскі, Старадубскі, Суражскі, Новазыбкаўскі, частку Гараднянскага (ва ўсіх паветах мяшанае насяленьне); ад м. Любеча граніца спускаецца ўніз па Днепру да мяжы Меншчыны з Кіеўшчынай, захопліваючы ўвесь Рэчыцкі павет у беларускі бок; каля Мазыру яна ідзе па р. Прыпеці на заход да скрыжаваньня з граніцай Пінскага павету і далей да утоку ў Прыпець р. Бобрыка; па гэтай апошняй рэчцы граніца ідзе на паўночны-захад аж да возера выганаўскага. Адгэтуль граніца заварочваецца на паўднёва-заходні бок па граніцы Горадзенскай губ. да возера Чорнага і далей на захад цераз Пружаны, Белавеж да р. Нараву пад м. Суражам; адгэтуль-амаль па простай лініі к захаду ад Беластоку, па Сакольскаму павету на поўнач у кірунку на Аўгустова Сувалскай гб., забіраючы з рознапляменнага насяленьня Горадзеншчыны на долю беларусаў большую паўночна-ўсходнюю частку яе. Пачынаючы ад Аўгустова, паўночна-заходняя граніца спачатку ломанаю лініяй ідзе на ўсход па Аўгустоўскім, Горадзенскім паветах, а затым-па Лідзкаму і Ашмянскаму паветах Віленшчыны, а далей, не даходзячы да г. Вільні, вёрст на 40 з паўднёва-заходу (Троцкі п.) і поўначы (ў Віленскім п.),—ў Сьвянцянскім павеце пераходзіць амаль на паўночны кірунак, захопліваючы ўсходні куток Новаалександраўскага павету, Ковенскай губ., і ўсходнюю частку Ілукцкага п., Курляндзкай губ., да р. Зах. Дзьвіны, больш на паўночна -заходні бок ад Дзьвінску. Затым, граніца ідзе на ўсход да м. Прыдруйску, а ужо адгэтуль-ломанаю лініяй на поўнач па паветах Дрысенскім і Люцынскім Вітабшчыны, прымерна да ст. Корсаўкі. Такім чынам, тэрыторыя беларускага народу абнімае гэтакіе губ.: Магілёўскую—ўсю (у 1920 г. да 2.243.310 чалав.), Віленскую (да 1.325.980 ч.), Вітабск. (да 1.133.660 ч.), Горадзенск. (блізка 1.032.600 ч.), Менск. (б. 2.547.000 ч.)—большую частку; Смаленскую (блізка 867.500 ч.)—палавіну; Чарнігаўскую (б. 258.900 ч.)—значную частку; да Беларусі належаць так сама невялікіе пасёлкі ў губ. Калугскай (блізка 10.230 ч.), Ковенскай (6. 61.570 ч.), Курляндзкай (б. 23.890 ч.), Арлоўскай (б. 25.000 ч.), Пскоўскай (б. 41.080 ч.), Сувалскай (6. 26.000 ч.) і Цьверскай (блізка 46.230 ч.). У зазначаных прасторах беларусы складаюць галоўную масу насяленьня, лікам блізка 10.000.000 ч.[3]

Большасьць беларусаў-праваслаўные, але на заходніх акраінах ёсьць і каталікі; ў Сувал. і часткаю ў заходніх паветах Горадзеншчыны, Віленшчыны і Вітабшчыны, а так сама на ўсходніх паветах Ковеншчыны і Курляндшчыны-складаюць большасьць каталікі; у нязначным ліку каталікі ёсьць і ў іншых мясцох. У 1897 г. праваслаўных налічвалі 4.661.966 ч., а каталікоў—1.050.285 чалавек.

II. Утвареньне беларускай народнасьці і мовы.

[правіць]

ІІ.

Утвареньне беларускай народнасьці і мовы.

Цяперашняя беларуская мова злажылася паступова, гістарычна, з мовы тых даўнейшых славянскіх пля- меньняў, каторые пераважна ў эпоху літоўскага перыяду беларускай гісторыі леглі ў аснову беларускай народнасьці. Насколькі можна судзіць з паведамленьня нашай пачатковай летапісі, гэтые пляменьні былі—дрыгавічы, радзімічы і часткаю крывічы (полацкіе і смаленскіе). Збліжэньне гэтых пляменьняў асабліва ўмацавалося ў перыяд удзельна-вечавога жыцьця, але зусім зьліліся яны ў адну беларускую народнасьць у XІІІ—XІV вякох. Тагды-ж, і часткаю пазьней, беларусы у некаторых мясцох асімілявалі сабе сівяран, вяцічаў і навет некаторые літоўскіе пляменьні, прыкладам, ятвягаў і голядзь. Утвораная гэтак беларуская народнасьць і яе мова духоўна зусім пакарыла сабе літоўцаў-жмудзінаў. Апошніе пачалі пераймаць у беларусаў нажытую імі цывілізацыю, памалу ўсвойвалі мову і навет іх рэлігію грэцкага вызнаньня. Ужо пры Альгердзе ўрад знайшоў патрэбным прызнаць рускую (беларускую) мову офіцыяльнай; сьледам за ўрадам пашлі і вышэйшые станы грамадзянства. Вось як аб гэтым у Рыме казаў папе ў сваей прамове ў 1501 г. віленскі прэлят Эразм Віталі: (Lіthuanі) lіnguam proprіam observant. Verum quіa Ruthenі medіum fere ducatum іncolunt, іllorum loquela dum gracіlіs et facіlіor sіt, utuntur communіus.[4]

У гэтые часы беларуская мова ужо мела ў сабе блізка ўсе тые фонэтычные і морфолёгічные асаблівасьці, каторые характарызуюць яе гукі цяпер; толькі слоўны склад яе і сінтаксічная старана зьмяняліся і далей, у эпоху польскага панаваньня і ўплыву, каторае было досыць значнае ўжо ў ХV в. і вельмі пашырылося ў XVІ і ў далейшые часы, да часу прылучэньня Беларусі да Маскоўшчыны. Паўстаўшые у Беларуска-Літоўскай дзяржаве соймы, гарадзкіе самаўпраўленьні подлуг Магдэбургскага права, заклікаўшые да дзяржаўнага жыцьця і дзейнасьці вышэйшые і сярэдніе станы гарадзкога грамадзянства,—прымусілі зьвярнуць асаблівую ўвагу на мову, як галоўны правадыр грамадзянскіх інтарэсаў. Панаваўшая тагды літэратурная мова, агульная Заходняй Русі і Ўсходняй, поўная царкоўна-славянізмаў, для зазначанай цэлі не надавалася, як ужо і раней яна была няздатнай для грамат і актаў. Разьвіцьцю ц.-славянскай мовы, хоць і з беларускімі азнакамі, на Беларусі перашкаджала, паміж іншым, адсутнасьць адукацыі ў праваслаўнага духавенства, каторае мусіло ужываць гэтай мовы і заховываць яе. З гэтай прычыны дзеля інтарэсаў грамадзянска-дзяржаўных трэба было зьвярнуцца да народнай мовы. А дзеля таго, што народная мова ня мела патрэбных слоўных тэрмінаў, выказуючых новые разуменьні, то прышлося браць іх з другіх моў, а ў першую чаргу з польскай і праз яе з заходня-эўропэйскіх моў, бо з імі былі знаёмы праз Польшчу вышэйшые і сярэдніе станы на Беларусі. Потым, дзякуючы пашырэньню політычнай і рэлігійнай вуніі з Польшчай (у канцы XVІ в.), калі ўмацаваўся на Беларусі польскі каталіцызм, уплыў польскай мовы на народ і духавенства стаў вельмі прыметны.

З гэтай прычыны апрацованая к канцу XVІ в. беларуская літэратурная мова была перасыпана полёнізмамі, галоўным чынам у слоўніку. Але побач з літэратурнай мовай жыла народная мова, так сама меўшая крыху полёнізмаў. Фонэтычные (ў гуках) і морфолёгічные (у будове і зьменах слова) асаблівасьці ў тэй і другой мове разьвіваліся супольна, аднака; але сінтаксіс у літэратурнай мове часта адступаў ад народнае, а слоўнік яшчэ больш розьніўся, асабліва ў перакладных творах. У больш неакуратных з паміж іх польскі арыгінал часта толькі перапісваўся кірыліцаю ды ў фонэтыцы і морфолёгіі часткаю выпраўляліся відочные полёнізмы. Іграць ролю літэратурнай і офіцыяльнай мовы ёй прышлося доўга, аж покі яе ня выціснула з судова-адміністрацыйнай практыкі польская мова, хоць у іншым ужытку яна істнавала і далей да канца ХVІІІ-га веку і часта перадавалася польскім пісьмом (лацінкаю). Народная беларуская мова жыве і дагэтуль. У пачатку XІX веку рабіліся заходы надаць ёй літэратурную апрацоўку, але гэта было зроблена толькі на канцы XІX і ў пачатку ХХ-га веку.

III. Памяткі старой і сучаснай беларускай мовы. Навуковае яе баданьне.

[правіць]

ІІІ.

Памяткі старой і сучаснай беларускай мовы. Навуковае яе баданьне.

І старая літэратурная беларуская мова і сучасная народная беларуская гутарка дайшлі да нас, першая—ў пісаных памятніках, а другая—ў жывой мове. Дзеля таго, што час зьяўленьня і пашырэньня старой беларускай мовы, насколькі можна было бачыць з папярэдняга, адносіцца галоўным чынам к XІV—XVІІ вяком,—часу ня вельмі адлегламу ад нас і, датаго, багатаму праявамі грамадзянска-політычнага жыцьця,—то памятак, маючых азнакі беларускай мовы, ляжаўшых у аснове старой літэратурнай беларускай мовы, дайшло да нас вельмі многа. Мы маем масу грамат і актаў, асабліва судовых і іншых старасьвецкіх дакумэнтаў, шмат рукапісных кніг―да набажэнства, біблійных, сьвятаайцецкіх, летапісаў, кронік, кронографаў, белетрыстычных у форме апавяданьняў, запісак і мемуараў, вершаў і т.п., а яшчэ больш—даўнейшага друку кніг. У адным толькі Віленскім архіве апісаных актаў маецца больш за 200,000; грамат толькі да канца XV в. вядома больш за 130; рукапісных кніг не юрыдычных з XІV да канца XVІ в. вядома больш за 80; старога друку кніг з беларускімі азнакамі за адно XІV сталецьце можна паказаць больш за 30.[5].

Не чапаючы рукапісных кніг, адзначым дзеля прыкладу некалькі самых цікавых, у сэнсе мовы, старадрукарскіх выданьняў, каторые у свой час разыходзіліся ў масе экзэмпляраў.

1. Біблія д-ра Фр. Скарыны, надрукована ў Празе Чэскай і ў Вільні з 1517—1525.

2. Кальвінскі катыхізіс С. Буднага. Несьвіж. 1562 г.

3. Эвангеліе ў перакладзе Цяпінскага, надрукованае ў пераезднай друкарні ў 1580 г.

4. Літоўскі Статут 1588, надрукованы ў Вільні.

5. Гаръмонія, альбо согласіе веры, сакраменътовъ и церемоней восточъное церъкви с костеломъ Рымским. У Вильни 1608 г.

6. Учительное Евангеліе Каллиста. Ёўе. 1616 г.

Памяткі цяперашняй жывой беларускай мовы захаваліся ў рукапісах і надрукованымі ў розных зборніках, каторые зьявіліся галоўным чынам ў XІX сталецьці. Адны з іх знаёмяць з чыста народнымі творамі (гэтакіх большасьць), другіе даюць літэратурную апрацоўку народнай мовы ў творах прыгожага пісьменства. Узоры апошніх можна паказаць ужо ў XVІІІ в., але асабліва шмат гэтакіх твораў зьявілося у XІX і ХХ вякох.

Вось важнейшые зборнікі народных твораў;[6].

1. П. Безсоновъ. Бѣлорусскія пѣсни. Москва. 1871 г.

2. И. Носовичъ. Бѣлорусскія пѣсни. Спб. 1873 г.

3. И. Носовичъ. Сборникъ бѣлорусскихъ пословицъ и поговорокъ. Спб. 1874 г.

4. В. Добровольскій. Смоленскій этнограф. сборникъ. І-ІV. Спб.—Москва. 1891—1903 г.

5. П. Шейнъ. Бѣлорусскія пѣсни. Спб. 1873 г.

6. П. Шейнъ. Матеріалы для изученія быта и языка населенія сѣв.-западнаго края. I-III. Спб. 1887—1902 г.

7. Г. Романовъ. Бѣлорусскій сборникъ. І—ІX. Кіевъ. Витебскъ. Могилевъ. Вильна. 1886—1912 Г.

8. Г. Романовъ. Матеріалы по этнограф. Гроднен. губ. І—ІІ. Вильна. 1911—1912 г.

9. М. Косичъ. Литвины-бѣлоруссы Чернигов. гб. Спб. 1902 г.

10. M. Federowskі. Lud bіałoruskі na Rusі Lіtewskіej. І—ІІІ. W Krakowіe. 1897—1903 г.

Слоўнікі пакажам гэткіе:

11. И. Носовичъ. Словарь бѣлорусскаго нарѣчія Спб. 1870 г.

12. В. Добровольскій. Смоленскій областной словарь. Смоленскъ 1914 г.

Літэратурные творы ў жывой народнай беларускай мове ў рукапісах і навет друкованые, вядомые з XVІІ веку. Гэтакіе, прыкладам, важнейшые:

1. Сатыра ў польскай мове (з прывітаньнем Сенькі Налівайкі ў жывой беларускай мове), надрукаваная ў Вільні 1642 г. „Wіtanіe na Pіerwszy Wіazd… Lutermachra“.

2. Інтэрмэдыя ў рукапісе 1651 г. (Петр. Публіч. бібл. XІV. 18), як прадмова да драмы „Comoedіa de Іacob et loseph Patrіarchіs“.

3. В. Равінскі. Беларуская Энеіда навыварат, напісаная ў пачатку XІX ст.

4. Я. Чачот. Pіosnkі wіeśnіacze z nad Nіemna і Dźwіny. Wіlno. 1844. Тут 28 штучных песень.

5. В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка, Гапон, Вечарніцы і інш.

6. „Тарас на Парнасе“.

7. Творы Яна Няслухоўскага (Янка Лучына).

8. Творы Францішка Багушэвіча (Мацей Бурачок).

9. Творы Янкі Луцэвіча (Янка Купала).

10. Творы Канстантына Міцкевіча (Якуб Колас, Тарас Гушча).

11. Творы Максіма Багдановіча.

12. Творы Антона Лявіцкага (Ядвігін Ш.) і шмат іншых.

Сучасная беларуская мова і старая беларуская кніжная мова, ўжо ў дастатачнай меры збаданы і маюць вялікі лік прац, пасьвечаных ім. Галоўные з гэтых прац гэтакіе:

1. П. Владимировъ. Докторъ Францискъ Скорина. Спб. 1888 г.

2. А. Соболевскій. Опытъ русской діалектологіи. Вып. І. Спб. 1897 г.

3. Е. Карскій. Обзоръ звуковъ и формъ бѣлорусской рѣчи. Москва 1886 г.

4. Яго-ж. Бѣлоруссы т. І. Варш. 1903 г.; т. ІІ, вып. 1—3, Варш. 1908, 1911, 1912 г.; т. ІІ вып. І. Москва, 1916 г.

5. Б. Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. Вільня 1918.

IV. Галоўные асаблівасьці беларускай мовы.

[правіць]

ІV.

Галоўные асаблівасьці беларускай мовы.

У аснову беларускай мовы легла заходняя галіна сярэднярускіх гаворак; дзеля гэтага, натуральна, што знаходзіцца ў блізкім сваяцтве з паўднёва - велі- карускай гутаркай, а шмат якіе рысы апошняй прыналежаць і беларускім гутаркам. Дзеля гэтага, у пагранічных мясцовасьцях часта бывае трудна адрозьніць беларусаў ад паўднёва-велікарусаў. Асабліва збліжае іх з апошнімі моцнае аканьне (вымаўленьне ня толькі о бяз націску, але і е, ня маючае на сабе націску, як а—я): нясу, бяда, частаваць, а гэтак сама гук г=h: гавару. Аканьне ў беларускай мове можна прасачыць па пісаных памятках ужо з XІV-га веку: Алкердъ 1359 г., абою 1478, вясло 1489, жана XV в. і г. д. Г=h беларусы вымаўлялі спрадвеку. Ужо ў самых старых пісаных памятках, калі перадавалі чужаземные словы з h, то ужывалі літару г: гелена ХV в., гэрб, Позн. зб. XVІ в.. З другога боку, чужаземнае g перадавалі дзьвюмя літарамі кг: Скиркгайло 1387 г., кглоріа (glorіa) XV в. і г. д.

Але, прыслухаўшыся да мовы беларусаў, можна заўважыць у іх і асобные рысы, часткаю толькі ім адным належачые, а часткаю сходные з украінскімі. Як напрыклад:

1) Утварэньне дз і ц мяккіх заміж д і т мяккіх: хадзіць, дзеці. Гэтая рыска беларускай мовы напамінае польскую, але ў польскай мове дзеканьне і цеканьне крошку іншага характару, з некаторым шыпячым адценкам; суседзцтво з палякамі толькі падтрымлівало гэтую рыску беларускай мовы. Старасьвецкіе беларускіе пісаные памяткі даюць прыклады гэтага зьяўленьня толькі з XV—XVІ в. Старасьвецкіе пісары, наагул, ухіляліся адзначаць вымаўленьне мяккіх д і т і стараліся ўжываць гістарычнае пісьмо, часта можа дзеля таго, каб адрозьніць яго ад польскага, навет у словах, узятых з польскай мовы: абецать 1562 г., дьякуючи XVІ в. Старэйшые прыклады дзеканьня і цеканьня адносяцца да XVІ в.: метаці, Літоўск. матрыка, по водзе 1543, Цімошку 1681 г. У старасьвецкіх прывілеях у лацінскай мове трапляюцца беларускіе словы з дз: dzіakla 1434 г., dzіeczkіe 1529 г. і інш.

2. Утварэньне ў кароткага заміж у бяз націску, стаячага перад зычным: ўмёр; на месцы прыйменьня в: ўкінуў ў мех, і—што вельмі характэрна—на месцы л у прошлым часе і ў некаторых іншых выпадках, гдзе яно з л—ъл: быў, прасіў, поўны. Істнаваньне ў у вымаўленьні можна прасачыць ужо з ХІІІ в., што ў пісьме адзначалі часам у, а часам в: ни намъ в сѣбе въ Смоленьске 1284. въгорьскимъ 1349, вже 1499, у встах (= въ устах) XVІ в., уздумалъ 1229. Гук ў на месцы л: Wіthowt (= Витолтъ) 1390 г., не вдовзѣ—1489 і інш.

3. Вымаўленьне з націскам зычных, што даходзіла да падвойнасьці іх, у тых выпадках, калі яны стаялі перад ј: Ільля, вясельле. У старой літэратуры: Иллиничы ХV в., съ коллемъ 1578, Ананню XVІ в.

4. Утварэньне складоу ыj, іj заміж велікарускіх ој, еj: мыю, мый, пій, шыя, злый. Гэта асаблівасьць падцьвярджаецца самымі старымі дакумэнтамі.

5. Незьмякчалосьць р у вадных гаворках і блутаньне р цьвёрдага і мяккага ў другіх; гавару, я ряд (я рад). Беларускае р цьвёрдае—асаблівасьць мовы беларускай—вядома яшчэ толькі паўночна-ўкраінскім гаворкам і то—зрэдка. Па старой літэратуры яе можна прасачыць ужо з XІV в., але там на месцы цьвёрдых галосных пасьля р, часта былі і мяккіе, нават у тым месцы, гдзе павінны быць цьвёрдые сентебра 1395, терать 1398, трох ХV в., але рибы Скар., берють 1562.

6. Утварэньне дж заміж ж ў дзеяслоўных формах[7]: гляджу, віджу, гэтак сама ў некаторых другіх выпадках; дождж, баржджай. Асаблівасьць гэтая толькі ў апошніх выпадках адзначана ў старых дакумэнтах, як жч: дъжчѣвным 1296, дожчю 1489, але і ѣздживал 1359.

7) Захаваньне ў скланеньні перад е, ад старога ѣ, пераходнага памякчэньня гартанных: на парозе, лаўцы, пры стрэсе. Гэтае памякчэньне можна заўважыць у літэратуры, пачынаючы ад самай даўнейшай.

8) Ужываньне множнага ліку пры 2, 3 і 4 ў мужчынскім родзе: два ваўкі, і магчымасьць парнага ліку посьле тых-жа чыслаў у жаноцкім і ніякім родах: тры бядзе, дзьве сяле. Тое самае бачым у старых дакумэнтах: два коні 1479, два сосуды Скар., але две жене, руце, нозе Скар., две лѣте ХVІ в. Ужываньне парнага ліку і ў другіх выпадках: дзвесьце, ачыма, сьлязіма, трыма, ушъю Скар., тых дву сту і т. п.

9) Істнаваньне клічнага склону, хоць зваротак да яго неабавязковы: сынку, чалавеча. Гэтая форма захавалася бесперарыўна ў ва ўсіх дакумэнтах.

10) Асобная форма загаднага ладу з гукам е ад старога ѣ, адтрыманая ў спадчыну ад старасьветчыны ў множным ліку: ідзеце, нясеце, хадзем. Параўнайце—идѣмо 1489, возмете ХV в., пустѣте 1489.

11) Адсутнасьць назоўнага склону множнага ліку на—а ў словах мужчынскага роду: паясы, або паясэ, лясы, або лясэ. Параўнайце—палце, кане, вельможэ Ф. Скарына, сироты і вдовіце 1489 г. (навет у жаночым родзе). Формы на ы бязупынна ідуць ад старасьветчыны.

12) Ужываньне ў пытаньнях часткі ці (ти) і чы: ці гэта ты сказаў, чы ён вас ня бачыу? Реклъ Боазъ Руте, чи не слышишь дочко XVІ в.

Калі разглядаць усе разам асаблівасьці беларускай мовы, як аднэй ёй прыналежные, і як агульные з паўднёва-велікарускімі і ўкраінскімі гаворкамі, то яна акажацца зусім асобным, арыгінальным арганізмам, каторы ўтварыўся гістарычна вельмі даўно. Цяпер беларуская мова навет мае некалькі гаворак, але ўсе яны зьвязаны паміж сабою аснаўнымі агульнымі рысамі.




  1. Бадач—изслѣдователь:—„шыло-бадзіло па небе хадзіло, зьвёзды лічыло“. Увага Я. Л.
  2. Дэтальнае азначэньне граніц беларускага народу з картай ёсьць у нашай кніжцы: „Этнограф. карта Бѣлорусскаго племени“. „Петрогр. 1917 г. Изданіе Россійской Академіи Навукъ“ Перавыдана гэтая праца (Петрг. 1918) „Бѣлорус. Обл. Комитетомъ“. Карта выдавалася і асобна.
  3. Падробная статыстыка зроблена намі ў названай вышэй „Этнограф. картѣ“. Тут дзеля розных уваг падаём процэнтные адносіны беларусаў і палякоў подлуг дапасаваньня да перапісу 1897 г. ў пагранічных паветах у цэласьці (уключаючы і гарады): Люцынскі павет—беларусаў 20,5%, палякоў 2,18%; Дрысен. павет—б. 86,24%, п. 2,3%; Дзьвін. пав.—б. 13,8%, п. 9,14%; Сьвянц. пав.—б. 47,5%, п. 6%; Вілен. пав.—б. 26,43%; п. 20,5%; Троцкі пав.—б. 15,7%, п. 11, Ашмян. пав.—б. 79,9% п. 1,7%; Лідзкі пав.—б. 73,1%, п. 4,6%; Горадзен, пав.—б. 65,7% п. 5,6%; Аугуст. пав.—б. 32,46%, п. 49,13%; Сакольск. пав.—б. 83,8%, п. 1,15%; Беластоц. пав.—б. 26,1%, п. 33,9%; Бельск. пав.—б. 4,9%, п. 34,9%; Пружанскі пав.-б. 75,4%, п. 1,3%; Слонім. пав.—б. 80,7%, п. 1,5%; Пінскі пав.—б. 74,3%, п. 3%; Мазырскі пав.—б. 79,2%. д. 2%; Рэчыцкі пав.—б. 82,5%, п. 1,06%.
  4. Oratіo Erasmі Vіtellіі praeposіtі Vіlnensіs у выданьні Theіner: Vetera monumenta Polonіae et Lіthuanіae, ІІ (Romae 1861), 278. Пераклад „Літоўцы маюць уласны язык. Але дзеля таго, што русіны насяляюць сярэдзіну дзяржавы, то ўсе звычайна карыстаюцца іх мовай, бо яна далікатная і больш лёгкая“.
  5. Поўнае апісаньне грамат і іншых юрыдычных твораў прынамсі, даўнейшых зроблена ў нас у I т. „Бѣлоруссовъ“ (357368) і у II т. вып. 3 (301-302); выданьні іх пералічаны там-жа, у I т. (349-357) і у ІІ т. вып. 3 (300-301).
  6. Поўны сьпіс іх у нас у „Бѣлоруссахъ“ I т. (199-340) і ў 3 выпус. II т. (288-300).
  7. Граматычная тэрміналёгія подлуг Б. Тарашкевіча. Увага Я. Л.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.