Беларускія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 106
Дойлід

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларуснія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце. Едучы, ў пачатку гэтага году, поездам праз Нямеччыну пазнаёміўся я з Марцінам Янкусам, старым літоўскім дзеячом Прускай Літвы і адным з першых літоўскіх друкароў. Пан Марцін Янкус расказаў мне вельмі цікавую гісторыю аб беларускіх (крыўскіх) друках у Тыльзіце.

Вясной 1892 году перайшоў без дакумантаў расійска-нямецкую граніцу малады чалавес (годаў 23-25), які назваў сябе Антонам Абрамовічам і зьвярнуўся да літвіноў у справе наладжаньня друку беларускіх брашур у Тыльзіце. Выдавецтва было хутка наладжана за кошты, якія надыйшлі Абрамовічу з Менска. У друкарні (цяпер яшчэ істнуючай) Шэнка, былі надрукаваны 3-4 першыя брашуры гацінскімі літарамі. У ліку надрукаваных брашур у Шэнка быў лемэнтар і яшчэ нейкія дзьве брашуры, агалоўкаў каторых п. М. Янкус цяпер не памятае.

Пасьля п. Абрамовіч перанёс сваю работу ў друкарню п. Янкуса, дзе надрукаваў тры кніжачкі, з якіх п. М. Янкус памятае два агалоўкі: „Ян Ськібач“, апавяданьне і „Дзядзька Антон“, такжа апавяданьне. Брашуры былі перапраўлены нелегальнай дарогай цераз расійска-нямецкую граніцу і пазьней перасланы пачтовымі пасылкамі ў Менск. Пасьля гэтага п. Абрамовіч выехаў у Швацарыю,

Я ў прадоўжаньні маей працы ніразу не сустрэў ніводнай з гэтых брашур. Знаю, што яны такжа нікому няведамы з нашых бібліографаў. Тымчасам выхад іх з друку не падлягае запярэчаньню, бо маюцца жывыя і навочныя сьведкі. Павінны жыць яшчэ людзі, (бо-ж гэта нядаўныя часы) каторыя былі ініціятарамі гэтага выдавецтва. Дзеля гэтага прашу беларускія часопісі апублікаваць гэту ведамку з просьбай каб адгукнуліся тыя, хто бліжэй ведае гэту цікавую справу.

В. Ластоўскі.