Беларускія аднасловы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларускія аднасловы
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 5, лістапад 1923 г., б. 29-32


ВЛАСТ.

Беларускія аднасловы.

Грэцкае слова „сынонім“, ў перакладзе на нашу мову, знача—аднаслоў. Гэта словы, якія маюць або аднаякае, або блізкае па зьместу значэньне, прыкладам: гаварыць і гутарыць, ведаць і знаць, нужа і тўга і г. д. Аднасловы для кождай мовы зьяўляюцца вельмі цэннымі, бо яны надаюць ей гнучкасьць і тонацію, адзначаючы самыя дробныя пераходы і адценкі паняцьцяў. Але з другой стараны вымагаюць уважлівага да іх адношаньня, асабліва са стараны працаўнікоў пяра, бо што сойдзе ў вуснай мове, то, іншы раз, вельмі рэжа вока і вуха чытача, калі паняцьце няпраўдна выражана на паперы. Беларуская мова абладае многімі сынонімамі і праца над сабіраньнем і тлумачэньнем іх, дае вельмі ўдзячнае поле кождаму беларусу-інтэлігенту, які хоча ўлажыць сваю цэгліну ў будынак беларускага адраджэньня. Я падаю тут некалькі аднасловаў, найчасьей трапляючыхся ў беларускай мове.

Розны і рожны. Першае—выражае адасобленасьць чагось ад чаго, другое—па якасьці адрожніваючаеся ад другога. Я два аднастайныя алуўкі палажыў у розныя мейсцы. Растапырыць руку, знача: разставіць пальцы рукі так, каб яны былі разрозьнены, знача зложаныя не разам, а разстаўеныя кожды паасобку. Снапы зложаны ў рознакідку, ў рознакідзь г. зн. наўпераменкі: аднаго снапа камель, другога каласы. Парозьніць — падзяліць, пасварыць. Яны парознены — нясумесны, аддзельны. (Зраўняй стар. слав.—„рознь“. сварка). У Насовіча (565) маецца розный у двох значэньнях—рас. „всякій“ і „разный“. Розныя шапкі. Мой пояк розны ад твайго; і розьнь, розьня ў значэньнях—рас. „разлічіе“, „несогласіе“, „ссора“ „раздѣл“: Вялікая розьнь між намі. Між імі якая-то розьня зашла. У розьні жывуць. Розна — „адзельно“, „различно“ (памылкова), „несогласно“. Брацьця жывуць розна. Суседзі блізкія, а жывуць між сабой розна. Розьніца, розьніць, розьніцца, парозьненьне „разногласіе“, поразна „порознь“.

Рожны—не такі, як іншыя, другі, інакшы рас. „различный“, „разный“. Ляжаць разам дзьве рожныя кнігі. Разрожніць, адрожніць—распазнаць ад падобнага. Рожніца, неаднаякасьць, іншасьць чагось ад падобнага.

Ведаць і знаць. Можна чалавека знаць па яго фізычных: абліччу, паходцы, мове, але ня ведаць хто і што ён такое ў сваей душы. Нельга казаць:—Я знаю дзе ён,—а трэба: я ведаю дзе ён, ці ведаеш Тумаша? Трэба: Ці знаеш Тумаша што ён, з кім ён, чаго там. Расійскае слова „знаніе“, тлумачыцца на беларускую мову—веда.

У Насовіча (215) маюцца словы: знацьцё—Калі-б знацьцё, што ў кумы піцьцё; і сам-бы пашоў і дзетачак павёу; у знач. рас. „познать“, „чувствовать“. Знаць табе там добра. Знаць табе Настулька замуж хочацца, што твае сьлёзанькі ня коцяцца. Знаць па вясельлю, што не татачка цябе аддаець, не мамачка благаслаўляець.

Ведама—„извѣстно“ (105 Нас.): Німа ведама дзе падзеўся. Бз ведама майго ня йдзі. Табе ведама, што я яго люблю. Яго хітрасьць усякаму ведама. Праз вядомага чалавека паслаў.

Усякі і ўсялякі (Падобна, як расійск. — „всякій“ і „всяческій“, як польскае— „každy“ і „wszelki“). Усякаму чалавеку усяляк здараецца. Бывае й чарвяку усяляк на вяку. Усякі чалавек, меў усялякага дабра (Рам.). Усяляк нажываешся і Кузьму бацькам называешся.

Благі і болагі (ононім). Благі, Блаж—дрэнны, злы, нягодны, нягоднасьць. Благі ён чалавек, знача нягодны, злы. Благому блага на сьвеце жывецца. І наадварот, слова болагі азначае добры, прыемны (Зраўняй стар. слав. блаженный, блаженство, польск. błogi, głogość). Болага на сэрцы, на душы, на сьвеце (Смаленск. болазе, Меснск. балазе). Балазе сьвятому ў Бога запазухай. Балазе, што ўцек!

Для, ля, дзеля. Прыймя для выражае назначэньне чыну, дзеяньня (каму, чаму): Я прынёс для вас гасьцінца. Зрабіў пакупкі для дому. ххЛя—скарочанае каля, падобна як замест глядзі! глянь! кажуць у Горадзеншчыне — гля!. як замест трэба, кажуць—трээ, замест надта—наат і. г. п. Ля вакна, ля стала, ля хаты. Дзеля—адпавядае стар. слав. „ради“: Гэта ўсё я рабіў дзеля цябе. Дзеля чаго гэта? Дзеля дзетак ўся праца наша.

Казаць, гаварыць, гаманіць, галакаць, галёкаць, гутарыць, размаўляць, гука́ць, дудукаць, зюкаць, зяпаць. Казаць, выражае паняцьце высказу не ўзаемнага, а ад першай, другой, ці трэцяй асобы. Я казаў ім каб яны пагаварылі аб гэтым. Яны (ён, яна) прыйшлі і сказалі мне. Ня буду казаць вам аб тым, што людзі мне пераказывалі. Гаварыць могуць паміж сабой двоя, ці многа людзей, прычым разумеецца, што мова іх мае спакойны характар. Мы пагаварылі і разышліся. Яны седзячы за сталом гаварылі аб усім (але нельга — казалі аб усім). Гаманіць, знача гаварыць голасна, паднятым голасам, сярдзіта, запальчыва, сварыцца. Гаварылі, гаварылі і раптам загаманілі! Пагамані ты, бацька, на свайго хлопца. Гаманлівы быў сход,—крыклівы, сварлівы. Галакаць — гаварыць крыкам, крычаць (польск. hałasować). Чаго ты галакаеш як у карчме ці лесе. Як толькі зьбяруцца, то зара ўсе разам і загалакаюць. Галёкаць—крычаць на ўвесь голас. У лесе галёкаюць, склікаючыся. Гутарыць, адпавядае расійскому „бесѣдовать“, гаварыць спакойна, разважна. Гутарка — рас. „бесѣдова“. Размаўляць — сярэдняе па значэньню, паміж — гаварыць і гутарыць. Гукака́ць, тое-ж што і дудукаць. Дудукаць—вясьці размову прыніжаным голасам, прыязную, спакойную, безабьектную, а так аб усім, рас. „калякать“. Старыя сойдуцца вечарам, пасядуць на прызбе і дудукуюць сабе. Зюкаць—гаварыць го-ласным сьвістучым шэптам. Што вы там зюкаеце, зюзюкаеце па кутох! Маўчы, ані зюкні! Зяпаць бязсільна, крываць, крыкліва і бязсэнсу гаварыць. Не зяпай ты ўжо, ніхто цябе няслухае. Зяпае, аж вушы трашчаць, а слухаць німа чаго. Зяпайла — крыкун, беззьмястоўны прамоўца.

Цяпер, зараз, за́ра. Цяпер, знача ў гэты час. Цяпер я пайду дамоў. Цяпер сскажу табе праўду. Скажу цяпер ды не зара. Зараз—скора, хутка. Панскае—пачакай, а жыдоўскае зараз. Зараз прыду, зараз зраблю.

Жуда, журба, нуда, туга, сум, смутак, маркота. Жуда, слова выражаючае духовы стан смутку, зьмяшанага з непакоем і страхам. Жуда гложа сэрца. Слова блізкае па зьместу да расійскага „ужас“, але маючае свой асаблівы адценак, не зусім сходны з гэтым расійскім словам, хоць Я. Купала слова жудзь, жудасны ужывае ў значэньні расійскага „ужас“, „ужасный“. Журба, сходна з рас. „горесть“. Ен усё журыцца, усё бядуе. Туга адпавядае расійскаму „тоска“. Гэткая туга цягучая на сэрцы! Тужыць па мужу маладзіцца. Сум, смутак, адпавядаюць рас. „скорбь“. Смутлівая маці (у рукапісн. „повесьці о муцэ Хрыстовой XV ст.) у знач. „скорбящая“. Не смуцемся, зьвесялемся, Спасіцель ніне ляжыць на сене (з Каляднай песьні). Маркота, адпавядае рас. „печаль“, Чаго ты такі маркотны, чаго замаркоціўся.

Друг, прыяцель, таварыш. Я нязгодзен з грам. Я. Станкевічам (гл. № 4 „Крывіча“—Кнігапісь), што ў беларускай мове німа слова „друг“. Калі мы ў нашай мове маем: дружба, дружыць, дружына, дружка, дружбант, дружбіт і інш, то нельга выкідаць слова — друг, бо дружаць з другам. З кім дружу, той мне друг, знача мой двайнік, другі я. Прыяцель ад слова—прыяць, знача той чалавек — які спрыяе, жычыць дабра, спагадае. Таварыш выражае паняцьце раўні, роўнасьці, аднамісьніцтва, сулямшчыцтва. Таварыш па нядолі, па службе, па працы. Гусак казлу, а воўк авечцы не таварыш. Конь каню, а сьвіньня калу таварыш (аб яго чухаецца).

Кветка і краска. Жыта, пшаніца — красуе, а яблыня, вішня—цьвіце, квіце, — кажуць у нас цяпер. Аднак, як можна мяркаваць з народнай мовы, словы квет, цьвет, у значэньні Folium,—навейшы набытак беларускай мовы, бо ўсюды на Беларусі народ называе Folium—краскай. Краска васількі, жывакосту, бэзу і г. д. І побач гэтага кажуць: кветка аўса (колас), пасадзі кветку (Flans), прышчапі кветку (пучок) яблані садавой да дзічкі. Я склонен абстаіваць усюды у нашай мове словы: краска—„цвѣток“, красаваць—„цвѣсти“, краса—„цвѣт“.

Ма́рыць, крозіць, лятуцець, мроіць. Слова—марыць,—у значэньні рас. „мечтать“ зайшло да нас, і то вельмі нідаўна, пад ўплывам польскай мовы, у якой маюцца словы: marzyć, marzenie. У беларускай мове пад словам мара разумеецца мітычная істота: „якая у часе сну кладзецца на чалавека і душыць“ (Фэдороўскі. Lud Biał. T. I.), якая паказываецца як чорны прывід начамі. Гэта хутчэй будзе „прызрак“, „кошмар“, але ніякім спосабам ня можа быць „мечта“. Дзеля гэтага слова мара ў значэньні рас. „мечта“ польскага—„marzenie“ раз на заўсёды трэба адкінуць, як нязгоднае з нашай мовай. Крозіць, слова складное з: крозь, скрозь, і зеціць—узірацца; па этымолёгічнаму свайму складу яно сусім адназначна з рас. „грезить“, „грёзы“. Лятуцець, лятунак, мне здаецца, слова не зусім выражае паняцьце „мечта“, яно мае нейкі іншы, няўхватны адценак гэтага паняцьця. Мроя, мроіць, ужываецца—па Сожу ўверх да Мсціслаўля, і на захад да Бярэзіны—у народнай мове. Яно вельмі падобна да украінскага, „мрія“, „мріять“; фіксуе паняцьце нечага здалёк сьвецячага, нечага ў памяці мільгаючага, што чуецца, але з трудом улаўліваецца. Мроіцца мне ў памяці. Ледзь душа ў целі мроіць. Ей ўсё замужжа мроіцца. Умроіў сабе хлапец музыкантам стацца. На захад ад Бярэзіны кажуць: роіцца, уроіў. Роіцца нейкі нязьведаны край (Алес Гарун).

Кожды і кожны. Гэтае слова мае рожніцу бадай што не ў значэньні, а ў напісаньні. Старая беларуская літэратура і многіх мясцох народная беларуская мова, ня знаюць кожны (Прыкладам у Фэдороўскага я не сустрачаў). У старой нашай пісьменнасьці знаходзім—каждых і кожды. У слоўніку Насовіча (стр. 240) ёсьць — кожды, кожан з перакладам на расійскае „всякій“. Кождый чалавек перад Богам. Кождаму хочацца есьць. Але побач гэтага знаходзім у Насовіча: кожный і кажынны. Кожан дзень пьяны. Кожная дзеўка за яго пойдзець. Кажаннаму чалавёку хочацца мець добрае. Рэдакція „Крывіч“ прыняла напісаньне—кожды, каб адмежыцца ад жаргоннага расійскага—кажынный (якое як многа іншых расійскіх слоў, трапіла праз старавераў у слоўнік Насовіча). „Кажынный раз на ефтом самом мѣстѣ“. Гэтак сама трэба адкінуць слова кожны (ў знач. кожды), што гэтае слова з націскам на канцы, ўжываецца ў значэньні—шалёны, варьят. (Зраўняй украінск. „скажени“). Кажны сабака. Кажны, кажная—гаворыцца аб варьятах.

Адповедзь і адказ. Слова адповедзь ужываецца ў значэньні рас. „отвѣт“ (Нас. 378): Якую даў табе ён адповедзь. Ты па сьвінску адпавядаеш. Адказ мае значэньне рас. „отвѣтственность“, „отказ“, „завѣщаніе“. Я гэтага не вазьму на свой адказ. Адкажаш перад Богвс за маю крыўду. За каго будеш адказываць нерад панам? Атказаўся ад службы. Усё адказаў сваім дзяцям.