Перайсці да зместу

Беларуская граматыка для школ (1920)/Ад аўтара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад аўтара
Публіцыстыка
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1920 год
Гукі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АД АЎТАРА.



Дагэтуль беларуская літэратурная мова разьвівалася толькі паводлуг сваіх найагульне́йшых правоў, найбольш для яе́ характэрных і ад каторых яна не адступала. Шмат якія пытаньні заставаліся без адказу. Ня было аднолькавага пра́вапісу. Нічога дзіўнога. Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасьве́цкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэньня. А народнае карэньне — яно ве́льмі багатае. І ня гле́дзячы на вялікую суцэльнасьць усяе́ беларускае мовы, яна мае, як і кожная іншая мова, колькі асобных, выразьне́й азначаных гутарак. Кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае ме́йсца ў нашым пісьменстве. Дзеля гэтага — і розныя, часта паміж сабой нязгодныя, спосабы пісаньня.

Трэба было часу, каб само жыцьцё паказала, якая гутар­ка мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зробіцца асновай літэратурнае мовы.

Трэба было часу, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе́, якія толькі ёсьць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасьці.

Бяз гэтага не магло быць ніякае хоць больш ме́нш закончанае граматыкі, не магло быць і сталага, яснага правапісу. Бо граматыка павінна толькі замацаваць і падраўняць тыя лініі, якія сама мова ужо назначыла.

Мне́ здае́цца, што гэтыя лініі і характэрныя асобнасьці ўжо азначыліся, дзеля чаго я і адважыўся выпусьціць у сьве́т „Беларускую граматыку“.

У аснове яе́ ляжыць найбольш характэрная і найбольш чыстая гутарка беларускае мовы, што мае цьвёрдае р і вялікае аканьне.

Але аканьне агранічана некаторымі разамі, да чаго прымушае нас даўгая практыка нашага пісьменства.

Прымаюцца і ўсе́ другія характэрныя асобнасьці беларускае мовы, якія праводзіліся дагэтуль у нашых выданьнях.

Ад прынятае традыцыі адхіляюся толькі тады, калі гэтага вымагае яснасьць сыстэмы або чыстасьць мовы.

Зусім новага нічога ня ўводжу.

Аднолька-ж ня думаю — што жыцьцё ня зробіць з часам значных зьме́наў. Будзем толькі ме́ць надзею, што не залішна вялікія і што ўсё найважне́йшае зроблена добра.

Патрэбы школы прымусілі мяне́ адкінуць усё тое, што ме́ла больш чыста навуковае значэньне, як практычнае. Я ўве́сь час не выпускаў з вачэй пэдагогічную старану кніжкі.

Маю надзе́ю, што ў будучыне ле́пшы час пазволіць мне́ выпусьціць паўне́йшую і больш навуковую граматыку беларускае мовы.

Канчаючы, дзякую ўсім, хто мне́ служыў радаю і крытыкай.

А найбольш майму добраму вучыцелю акадэміку А. А. Шахматову, каторы за ўве́сь час маіх унівэрсытэціх навук і пасьля паддаваў мне́ ахвоты напісаць беларускую граматыку і няспынна кіраваў маёю працаю.

Прыязнаму земляку акадэміку Е. Карскаму шчыры і вялікі дзякуй за яго ўвагу і значную помач (ён прагле́дзіў маю працу і даў вялікшую частку беларускай граматычнай тэрмінолёгіі).

Не магу ня ўспомніць і докт. Рудольфа Абіхта, профэсара славянскіх моваў у Брэслаўскім Унівэрсытэце, бо яго думкі аб беларускай мове, пісьмы, пісаныя пабеларуску да маіх прыяцеляў у Вільні, і кніжка «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным», пераканалі мяне́ ў тым, што я стаю на правільнай дарозе.

Б. Тарашке́віч.

Вільня
13 жніуня 1918 г.