Беларускае войска (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускае войска
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: Газ. «Беларусь», № 6 (33), 26 кастрычніка 1919 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Надовечы Беларуская Вайсковая Камісія пачала ў нас у Менску рэгістрацыю беларусаў-афіцэраў, дактароў і інш. з тэй прычыны, што ў хуткім часе мае фармавацца беларуская армія.

З гэтага бачым, што войска беларускае будзе, хоць яно павінна было ўжо даўно быць

Мы бачым, што нашы суседнія дзяржавы, як Украіна, Літва, Латвія, Эстонія і іншыя, маюць ужо сваю армію. Гэтыя арміі ўжо змагаюцца за незалежнасць сваіх дзяржаваў, змагаюцца стойка і з верай у лепшую будучыню.

А мы, беларусы,— праўда, дзякуючы гістарычным і геаграфічным варункам нашай бацькаўшчыны,— мы нічога дагэтуль не змаглі зрабіць, каб мець сваё войска, якое бараніла б нашы межы ад чужой навалы.

Калі, пасля падзелу Польшчы, Беларусь адышла к Маскоўшчыне, беларусаў гналі ваяваць, хоць аб беларускім войску ніхто не адважыўся і падумаць. Дэспатычная Расія царскага ўраду адрывала нашых дзецюкоў ад родных хат, ад родных матак і гнала ў далёкі свет, у чужыну, на здзек і знявагу, для павялічання магутнасці маскоўскага самадзяржаўнага цара.

Ішлі беларускія сыны за Урал, ішлі ў фінскія балоты, ішлі пад Царград у Турэччыну і пралівалі там рэкамі сваю бязвінную кроў, складалі свае буйныя галовы пад чужым пяском. Сеялі свае спрацаваныя косці на полі чужацкім.

Гібнулі, не ведаючы, за што і за каго гібнуць.

Яшчэ і цяпер старыя людзі вам раскажуць аб тых спакрыўджаных і спакутаваных старцах, якія ўсё жыццё сваё загубілі пад вечнымі палкамі палачнага цара Мікалая I. Нават рэвалюцыя 1905 году не змагла адваяваць калі не нацыянальнага беларускага войска, то хоць бы тое, каб беларус адбываў вайсковую павіннасць у Беларусь Таксама, як пры Мікалаях першых дзяцей беларускай зямлі гналі за трыдзесяць зямель служыць царам і іх генералам.

I беларус маўчаў, пазіраў сумным вокам і чакаў...

Чакаў і прычакаў... 1917 году.

Бухнула ў Расіі рэвалюцыя. Рынуў царскі пасад. Панесліся воклічы ўсялякіх свабод і «незалежнасцей». Загаманілі аб федэрацыі вызваленых з царскага рабства народаў. I вось рэвалюцыйны, дабальшавіцкі ўрад у Расіі змушаны быў пазволіць фармаванне нацыянальных войск.

Стварылася ў той час польская армія, узышоўшы на землю польскую, стварыла пакладзівы для цяперашняй польскай арміі. На Украіне таксама паўстала ўкраінскае войска, каторае, перайшоўшы розныя цяжкія варункі свайго бытавання, сягоння змагаецца за незалежнасць Украіны з маскоўскім наездам — з бальшавікамі і дзянікінцамі.

Былі спробы тады стварыць і беларускую армію. I яна была. Па ўсім тагачасным расійска-нямецкім фронце былі беларускія палкі, дывізіі і г. д. Але што ж? Армія гэта складалася з беларусаў, але ваяваць ёй загадвалі не за Беларусь, а за Расію. Генералы Керанскага іначай на гэта не глядзелі.

А калі бальшавікі ўзялі верх, то па-самадзяржаўнаму расправіліся з усімі нацыянальнымі арміямі і з усякімі незалежнасцямі.

Беларускага войска не стала. Пачалася ізноў тая самая вакханалія з высылкамі пад грозьбай штыка і нагайкі нашых людзей на Мурман, пад Урал і г. д., як і за даўных царскіх часаў.

У адказ на гэта беларуская моладзь пайшла ў «зялёную армію». Яна інстынктыўна, обмацкам даходзіла да тэй свядомасці аб патрэбе свайго беларускага войска. Само жыццё гэтага вымагае, вымагае гэтага самаабарона.

Войска беларускае павінна быць, і яно будзе.

Тыя, што трымаюць сягоння ў сваіх руках уладу над часцінай нашага краю, павінны зразумець, якая небяспека набліжаецца з боку паўстаючай рэакцыйнай Расіі. Цяперашнія пабеды дзянікінаў, калчакоў, юдэнічаў над бальшавікамі — гэта васкрашаючы труп расійскага самаўласця.

Польшча, каторая ў сваім часе кінула кліч: «за вашу і нашу волю», каторая і цяпер кажа суседнім народам, што хоча з імі жыць «як вольны з вольным, роўны з роўным», гэта Польшча павінна даць беларусам магчымасць бараніць свае гранічныя слупы войскам беларускім.

Мы не будзем забягаць наперад у будучыню і варажыць, якімі шляхамі пойдзе гэта справа. Час і жыццё грамадзянска-палітычнае пакажуць гэта. Мы толькі вітаем радасную вестку і жадаем ад душы, каб як найхутчэй сыны беларускія самі сталі пад сваім беларускім сцягам бараніць вольную і незалежную Беларусь.

К-а.