Перайсці да зместу

Безназоўнае (1925)/На сьмерць Сьцяпана Булата

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цішку Гартнаму… На сьмерць Сьцяпана Булата
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Адшчапенцам
Іншыя публікацыі гэтага твора: На сьмерць Сьцяпана Булата (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СЬМЕРЦЬ СЬЦЯПАНА БУЛАТА

Задрамаў ты з доляй, з хвалай,
Жвір халодны прыгаруніў…
Ой, скасіла ня спытала!..
— Сьні, таварыш, аб Комуне!

Ты хапаў за косы сонца,
Думаў думку аб пяруне,
Што дух збудзе ўсёй старонцы…
— Сьні, таварыш, аб Комуне!

Як сіроты, забытымі
Цэп з касой вісяць у пуні,—
Хто-ж на ворага іх здыме?!
— Сьні, таварыш, аб Комуне!

Сьвет узьняўся, схамянуўся…
Вер, свабодны вецер дуне
І над беднай Беларусяй!..
— Сьні, таварыш, аб Комуне!

Забуяе ў славе буйнай,
Зазьвініць залатаструньне
Родны Край аднэй комунай…
— Сьні, таварыш, аб Комуне!

На магілцы-валатоўцы
Зарунеюць кветак руні;
Зайдзе сонца, ўзыйдзе сонца…
— Сьні, таварыш, аб Комуне!