Перайсці да зместу

Безназоўнае (1925)/На папасе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поэта і цэнзор На папасе
Драматычная паэма
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На папасе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПАПАСЕ

Абразок з 1906 г.

Вясеньняя ноч. Непадалёк ад гасьцінца—хвойнік.
Тры падарожныя зьбіраюць гальлё.

1-шы ПАДАРОЖНЫ (прыносячы галіну).
І пуста-ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найсьці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў бяспуцьці.

А помню, ўсё было іначай:
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз гальля ня значыў,
Агонь ня зводзіўся, ня гас.

2-гі ПАДАРОЖНЫ (кідаючы сук).
Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!
Ну, і галоцяць людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узьлез.

Яшчэ паўгода, год, і будзе
Бяз бліску вогнішча начлег;
Ня раз, ня два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на сьмех.

3-ці ПАДАРОЖНЫ (кідаючы лазіну).
Вось вам дубец лазы лазою!
З карэньня выдзер як ё ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою.
Каб толькі выкрасіць агню.

Хай блісьне полымя пад неба,—
Пара манаткі абсушыць…
Я падыду па торбу з хлебам,
А вы вазьмецесь распаліць…

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Я рад-бы славы даказаці,
Дый сваю губку замачыў.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А я свой недзе цыр затраціў,—
Даўно і люлькі ня курыў.

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
Ну, добра! Зараз я вярнуся,—
Запаланее мігам лом:
Сярнічак мне дала Кастуся,
Ў мяне яны тут з капшуком.

(Выходзіць).

1-шы ПАДАРОЖНЫ (к другому).
Садзіся, ваша, адпачынем!
Напэўна, спорна умахаў?
Дарожка—хай яна загіне:
Карэньня столькі і канаў!

Дух чалавеку ўпрост вымае,
Ня чуеш костачкі аднэй…
Садзіся, ваша, вось дзе з краю,
Ног зацяганых пажалей.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
О, дзякуй, дзякуй, чалавеча!
Я рад спачыну; балазе,
К таму сказаць, і акалечыў
Свой большы палец на назе.

(Садзіцца).

Як неяк холадна на сьвеце,
Хоць май даўно ўжо на дварэ.
Але, але дзе наш той трэці?
Няўжо ўсё хлеб яшчэ бярэ?..

3-ці ПАДАРОЖНЫ (падыходзячы).
А вось і я прышоў нарэшце!
Крыху задлякаўся з канём…
Агоньчык толечы разьвесьці,—
А там закусім, аддыхнём.

(Дастае запалкі).

Запалім… А! вось і навука!
Што гэта значыла-б такі?
Другую маем закаклюку:
Мае замоклі сернікі.

Ня дам нічога з імі рады;
Ўпацёмку трэба папасаць.
Вось не пашэнціла, дапраўды!
Ці-ж думаў хто так прападаць?!

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Э, плюнь, суседзе, на ўсё гэта,—
Каб нам такой бяды па-век!
Сьцюдзёна, цёмна, ды ўсё-ж лета—
Ня счэз ніводзін чалавек.

А можа хто яшчэ над‘едзе
І зьніме гэты клопат з нас?
Дый пяршыня ці што, суседзе,
Ў дарозе мець такі папас…

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Мо‘ помніш леташнюю восень;
Ўвесь сьвет быў глух, і дзік, і пуст;
Шум ня сьціхае гонкіх сосен:
Здаецца, плача кожны куст.

Здаецца, пеклава вясельле
Ўзьнялося, круціцца, сапе;
Ні бліску зорак, не прысельля,
Конь толькі пудзіцца, храпе.

Цурком дождж льлецца, як-бы з луба;
Скаголе вецер, як той зьвер,
А мы пад хвойкамі, аж люба,
Начлег спраўляем, як цяпер.

3-ці ПАДАРОЖНЫ (прыслухаючыся).
Пастой, суседзе! нешта чую:
Як быццам фыркнуў мой гняды…
Кром нас, ніхто тут не начуе,—
Каб не набраціся бяды?!

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Сядзеце вы, а я падскочу
І кіну вокам на вазы:
Мо‘ сена хто наскубсьці хоча,—
Вось шэльме дам дык дам лазы.

(Адыходзячы, чапляецца лапцем за сук і валіцца).

А каб цябе паляруш мучыў!
Чуць-чуць ня вывернуў нагу…
На сук на самы неяк лучыў.
Ну, ўжо гатова, ўжо бягу.

(Па нейкім часе варочаецца з Незнаёмым).

Вось вам і злодзея на рукі
На вашы гэттака здаю…
Ня многа меў я з ім дакукі,
Пачуў ён сілу, знаць, маю.

У спрэчку доўгую ня ўходзіў:
Пайшоў, куды сказаў яму.

НЕЗНАЁМЫ.
Пакінь плясьці! Я вам ня злодзей,
І лаяць так няма чаму.

Я гэткі самы падарожны,
Як вось і вы, мае людцы;
Закінуць тое толькі можна:
Я без каня, а з коньмі вы.

Але, як вы, шукаў начлегу,—
Яго між вамі думаў мець,
Дый ня туды, як бачу, ўехаў.
За блуд прыходзіцца жалець.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А як васана нам пазнаці,
Што, як сюды ішоў, ня меў
Нічога злога даканаці,
Што нават думаць не пасьмеў?..

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
А праўду, праўду сват гавора,
Мы тое скажам усе тры:
Куды ідзеш? Дзе быў учора?
Што ты за штука?

УСЕ ТРЫ.
Гавары!

НЕЗНАЁМЫ.
На рукі гляньце з мазалямі,
Грудзём прыгледзьцеся худым,
І кій і торба за плячамі
Найлепей скажуць аб усім.

З гразёй ня будзеце мяшаці,
Далей адпусьціце ісьці…
І вас чакаюць дзеткі ў хаце,
І вы бяспутнікі ў жыцьці!

Вось лепш асьвецім гэту кнею—
Сьвятлу з нас пэўне ўсякі рад…
Я гаварыці казкі ўмею,
І песень такжа ўмею шмат.

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Як бачым, ты глядзіш іначай.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Відаць, ня злодзеевы род.

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
А хто-б падумаў? Так прастачы
І твой убор і твой паглёд!

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
І казкі ўмее і за песьняй,
Відаць, ня пойдзе ў кішаню.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Адно бяда,—што, хоць ты трэсьні,
Ня можам выкрасіць агню!

НЕЗНАЁМЫ.
Усё, усё мець зараз будзем:
Заўсёды ё ў мяне сьвятло,
І з ім мы тут не замарудзім
Лясным падсуседзям на зло.

(Запальваючы лом).

Гары, гары, ламок, агніста!
Вы, браткі, сядзьце у кружок,
І да зары да залацістай
Нас будзе слухаць сасьнячок.

Адкуль—ці песьняю, ці казкай—
Пачаць вам думкі весяліць?

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
А ўжо, калі там ваша ласка,
То й песьню можна закаціць.

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
А посьле скажаш, дабрадзею,
Хто ты, адкуль, куды ідзеш?
Цаніць людзей і мы умеем,
Хоць маем гэткіх што раз менш.

НЕЗНАЁМЫ.
Ну вось і слаўна! Што больш трэба?
Агонь, суседзяў грамада;
Навокал лес, над лесам неба,
А там—і зорак чарада.

Люблю я гэткія прыцуды!
Тут чалавек—як чалавек;
За думкай думка мкнецца ўсюды,
Сон не чапляецца павек.

(Пяе).

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён,
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся:
Сонны сэрцам, душой,
Драмаў ў хаце крывой,
А выходзіў—сьлязамі сьлед значыўся.

Аж вось чуе Лявон
З усіх клікі старон,
Што ён дурань, жыве пабыдлячаму,
Ды сам тут зразумеў,
Што дум сьветлых ня меў,
Што падобен быў дрэву хадзячаму.

Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе нябывалую;
Ўжо бяда—не бяда,
Ўжо нуда—ня нуда,
Запеў песьні свае разудалыя.

Зямля стогне, дрыжыць,
Як пяе, як крычыць,
Як прасьвету сабе дамагаецца;
Аж ад песень такіх
Страх напаў на другіх,
І вось чорная моц падымаецца.

І пайшло ўсё ўверх дном.
Сьвісты, енкі кругом,
Груганы на здабычу зьлятаюцца:
Шчасьце даць бедаку
Ня ўсім шло на руку,—
Ня ў руку, што Лявон прачыхаецца.

Дарма сілен Лявон
І адважны так ён,—
На падмогу дарма ён надзеецца:
Галаву у баю
Даў за праўду сваю,—
Толькі памятка—насып віднеецца.

Ляжыць, дрэмле Лявон,
На грудзёх вырас клён;
Калі-ж вецер на сьвеце расходзіцца,
Шуміць шумна той клён:
Яшчэ ўстане Лявон—
Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!

(Перастаўшы пяяць).

Вось і канец вам песьні-байцы,
Ці ў ёй панятна толькі ўсё?..
Калі ня так што—выбачайце,
Даконча ваша вам жыцьцё.

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
О, песьню важную такую
Ня пойме толькі гліны ком…
Цяпер няхай-жа мы пачуем
Што трохі аб жыцьці тваём.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А я крыху гальля падбаўлю.

3-ці ПАДАРОЖНЫ (да другога).
Я памагу табе крыху.

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Аброці коням я папраўлю.

(Адыходзяць усе тры).

НЕЗНАЁМЫ (усьлед падарожным).
Я адпачыну на маху.
(Адзін).

О, люд мо, лапатны, патульны.
За што цябе я так люблю?
За што твой гоман неразгульны
І думкі ўсе твае лаўлю?

Ты лёг мне каменем на сэрцы,
Які ня ў сілах зваліць я…
Што тут пачаці ў паняверцы?
Жыві ў жыцьці і бяз жыцьця.

Ідзеш-брыдзеш, а на дорозе—
То косьць, то камень, то бадыль;
У брата станеш на парозе,
А ён табе… О, божа, крый!..

Нясі ў мяцеліцы, ў разводзьдзі,
Свайго цярьпеньня нясі крыж.
Калі-ж праглянеш ты, народзе,—
Арліным лётам узьляціш?

Пасьцель пуховую пасьцелеш
Сваім замучаным дзяцям,
Нясьмелых песьняю асьмеліш,
Якой сягоньня бедзен сам?..

Як страшна збуджаным хадзіці
Між наспаў, зломаных крыжоў!
У мокры пень агонь красіці,
Склікаць аплучаных дружкоў…

Так цяжка, цяжка, дзе ні глянеш,—
Касою крыўды хоць касі!
Калі-ж, народзе, ты устанеш
І сонцу голас падасі?

ПАДАРОЖНЫЯ (падыходзячы).
А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…

НЕЗНАЁМЫ.
Цяпер зноў сядзем… ну, і што-ж?
Ага! гістор‘ю нашу зладзім,—
Адточым востра ўсё, як нож;

А можа трапім ёю ў грудзі,
У грудзі з дзерава людзей…

ПАДАРОЖНЫЯ.
Што-ты? Ці-ж мы такія людзі?
Жартуеш хіба, дабрадзей!

НЕЗНАЁМЫ.
О не, крый божа! Ось зьняўцёку
Зьляцела слоўца з языка…
Так штосьці ў сэрцы мне нялёгка,
Ну, і паднесла бедака…

Хто я і скуль—для вас цікава;
О, не вялікі гэта цуд:
Радзіўся, рос, ляцеў за славай,
Ляцеў, ажно спыніўся тут.

Убачыў дзень я ў сельскай хаце;
Бацькі у беднасьці жылі:
Канёк, кароўка—ўсё багацьце,
Ды гоняў двойчы—ўсёй зямлі.

Чытаць, пісаць крыху наўчылі,
Але ня выўчылі зусім;
Сам з часам кніжны лад асіліў—
І толк у ім даваў другім.

І мёд салодкі і атруту
Суліць страніца стала мне;
Я думкі ёю ўсе апутаў:
Ня знаў—на яве я ці ў сьне.

Цямноты ўсю паняў няздарнасьць,
Я сілу знаньня ўсю паняў;
Свайго жыцьця я бачыў марнасьць,
Аж на сябе я рукі ўзьняў.

Але ня суджана было мне
Душой бяз часу загавець,
І сам ня знаю ўжо сягоньня
Жалець таго ці не жалець.

Ішлі гадочкі за гадамі.
Я ў сілу рос і ў розум рос,
Дый не расьце пацеха з намі,
Як там ні жалімся на лёс.

Што раз зваднейшыя ўсё леты,
Што раз цяжэй на грош і хлеб.
Пайсьці у сьвет—бацькі мне сьветам,
А хата мне—астрожны склеп.

Сьмяецца неба непагодай,
Шыбець скаціну нейкі звод,
Зямліца дзеліца няўродай,
За годам выплаканы год.

Аж бацьку гора з ног зваліла,—
Пайшоў на той сьвет без пар;
У год капай зноў тры магілы:
Зьлёг брат і дзьве зьляглі сястры.

Пайшло няшчасьце за няшчасьцем;
Я кут пакінуць мусіў свой…
Дзе ступіш—сьмешкі ды напасьці,
Хоць налажы ты галавой.

Пазнаў куткоў чужых сьцюдзёнасьць,
Нагайку службы я пазнаў,
У сьлед мая шла беспрытоннасьць,
З ёй вецер песьні напяваў.

А думкі рваліся да сонца,
Туды—да ціхіх, добрых зор,
Да волі, шчаснасьці бясконца
З пустынных ніў, з гаротных гор.

Ліў нейкі мне таёмны голас
Праявы дзіўныя ў душу;
Іх чуў, як чуе сонца колас,
І думаў—зло сваё скрышу.

...........

Іду… Куды ісьці сягоньня?
Аднэй няма, а шмат дарог…
Адлогам родныя сьпяць гоні,
Іржа на вышках есьць нарог.

На траме ўверчана анучай
Ляжыць няклеплена каса;
На сьцежках мох расьце калючы,
На ім—чырвоная раса.

Руцэ народнай набіваюць
Плугі чужыя мазалі,
Чужыя коні папасаюць
На абязволенай зямлі.

Йдуць песьні, казкі ў дамавіну,
Якія дзед сьпяваў, складаў;
Свае жалейкі люд закінуў,—
Чужым сьвісьцёлкам месца даў.

Узносе пасынкам пакорным
Бяда цямнічныя муры,
І сеткі путае праворна,
І ладзіць здрадна хаўтуры.

Адно чуваць, як быццам штосьці,
З-пад сонных наспаў, з-за мяжы,
Дзе дрэмлюць прадзедавы косьці,
Дзе час варочае крыжы,—

Штось варушыцца у бясьсільлі,
Ці-ж бы там быў жывых папас?..
Няўжо нябожчыкаў зьмянілі,
Няўжо нябожчык кожны з нас?..

...........

Але ўжо блізка і сьвітаньне;
Пара ўзьнімацца ўжо, пара!
Пакуль к нам з неба сонца гляне,
Жджэ не адна мяне гара,

І вам пара вазы ўжо ладзіць,
К дарозе коні рыхтаваць:
Раней лепш стануць у парадзе,
Чым на папасе пераспаць.

Цяпер, каторы з вас пасудзіш
Мяне за злодзея свайго?

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Ты ня тутэйшы, мусіць, будзеш
Або і горай ад яго?

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Цікава, вельмі ўжо цікава
Ўся гэта гутарка твая,
Але такую меці славу
Не пахваліўся-б, браце, я.

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
Так з кута ў кут век вандраваці,
Як мне здаецца—без патрэб…
Ці-ж то ня лепш сядзець у хаце
І у спакоі есьці хлеб?

НЕЗНАЁМЫ.
Э, што!.. Бывайце, людзі, жывы!
Дзе толькі торба і мой кій?.
Гэй, сыпма далей, там на нівы,
Хоць гром грымі, хоць віхар вый!

Яшчэ спаткаемся калісьці—
За год, за колькі мо‘ гадкоў,
Як зьвянуць сёлетнія лісьці,
Як прыдзе «радаўніца» зноў.

(Адыходзе, напяваючы).

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён…

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
І дзіўны-ж гэты чалавечак!
Чаго ён хоча ад другіх?..

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Ці-ж мала ёсьць такіх авечак?
Ат, толькі сьмех глядзець на іх!

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
А гэта што зноў за праява:
Каго нячысьцік нясе так?

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Бадай, запутаная справа,—
Вун, вун—адзін, другі яздак.

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
Сюды на вогнішча к нам едуць,
А з імі—нейкі важны чын.

1-шы ЯЗДАК (шыбка пад‘яжджаючы).
Ці не маглі вы бачыць, ведаць—
Сюдой вандроўнік шоў адзін?

ПАДАРОЖНЫЯ.
Не, не, паночкі! мы ня знаем,
Мы тут начуем толькі ўтрох,
І зараз самі ад‘яжджаем:
На рынак ладзімся, на торг.

2-гі ЯЗДАК.
Паедзем далей, тут нічога
Нам не паказвае на сьлед.

3-ці ЯЗДАК (да падарожных).
А як вы ўбачылі-б такога,—
Злавіць, зьвязаць—і к нам чым сьвет!

(Ад‘яжджаюць)

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Чакайце толькі, покуль буду
Нагу яму я падстаўляць.
Каб чуць раней, а ўжо бяз труду
Маглі-б гуртом бяднягу ўзяць.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А шкода, шкода было-б хлопца!
Тыкі-ж ён нейкі чараўнік…

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
Ні думаць! Як мы—рос у вёсцы,
Як мы—такі ён сам мужык.

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Зайдзі ка мне—я даў-бы хлеба.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
Апраткі-б я не пажалеў.

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
Каб начаваць было патрэба,—
Папас найлепшы ў мяне-б меў.

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Запраўды, так гавора важна.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А ўжо-ж ганяюць не здарма!

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
І песьню так пяе працяжна!..

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Душу, здаецца, рве яна.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А ці ты помніш усю чыста?

1-шы ПАДАРОЖНЫ.
Пачатак помню я увесь.

2-гі ПАДАРОЖНЫ.
А я—сяродак галасісты.

3-ці ПАДАРОЖНЫ.
А мне канец у вушы ўлез.

(Разыходзяцца, напяваючы).

Жыў на сьвеце Лявон,
Молад, дужы быў ён—
Толькі з воляй і доляй ня бачыўся…