Перайсці да зместу

Безназоўнае (1925)/Лясное возера

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крым Лясное возера
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Восень
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лясное возера.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЯСНОЕ ВОЗЕРА

Дрэмле абсаджана лесам адвечным,
Цінай засланае возера ў лесе;
Шастае сьціха асока і аер,
Нудныя казкі куст з кустам шапоча.

Сосны і вязы, дубы і асіны
Вокала возера вартай пасталі,
Долу ківаюць паклоны нямыя,
Небу малітву таёмную твораць.

Возера! Возера! Йду к табе смутны
Соннаю пушчай, амшалаю сьцежкай, —
Жоўтае лісьце шасціць пад нагамі,
Шчокі калючка сасновая шчыпе.

Сам з сабой на-сам пад дубам саджуся, —
Вочы і думкі пабеглі далёка…
Сьцішна над возерам, воблачна ў небе…
Недзе запелі Узьвіжаньне гусі.

Акопы. 10—VIII—19 г.